Святлана Мацкевіч: Мне б паплакаць, але Уладзімір заклікаў не маўчаць


Святлана Мацкевіч, метадолаг, паплечніца і былая жонка Уладзіміра Мацкевіча, распавяла ў студыі «Белсату», што нават не мае жадання каментаваць, наколькі абсурдны прысуд далі ўлады Лукашэнкі філосафу.

Спадарыня Святлана часта атрымлівае паведамленні, што такі тэрмін пакарання Уладзіміра – 5 гадоў зняволення ўзмоцненага рэжыму – гэта яшчэ нармальна паводле цяперашніх мерак:

«Мяне гэта абурае, калі кажуць, што пяць гадоў – гэта нармальна, гэта цяпер праяўленне гуманізму. Нават адзін дзень у турме ні за што не можа быць расцэнены як нейкі гуманізм, які праяўляецца з таго боку. Давайце называць усё сваймі імёнамі. І Уладзімір да гэтага заклікаў: давайце не будзем прызвычайвацца да таго, што нам навязваюць. Мы не павінны маўчаць. І гэты ягоны выраз – «толькі не маўчыце» – сядзіць у мяне ў галаве».

Святлана Мацкевіч адзначыла, што сёння, у дзень абвяшчэння прысуду, ёй было вельмі складана прыйсці ў студыю, бо пачуццяў зашмат:

«Мне б паплакаць… Але ягоны заклік «толькі не маўчыце» прымушае мяне прыходзіць сюды і гаварыць».

Жанчына распавяла, што за час зняволення Уладзімір Мацкевіч наладзіў нармальныя стасункі з усімі, з кім кантактаваў:

«Нават з людзьмі з таго боку. Ён заўжды ўмее знаходзіць падыход і апелюе да розуму. Мяркую, у яго і цяпер ёсць надзея, што нават з таго боку барыкадаў ёсць людзі, разумныя людзі, гатовыя адгукнуцца, і ён апеляваў да гэтага. Апеляваў да пачуццяў, да розуму і да сумлення. Іншае пытанне, што сістэма – гэта машына, якая стваралася даўно, яна ўстойлівая. І як парушыць яе, ён іншага шляху не бачыць».

Святлана Мацкевіч распавяла, што нават у выпадку, калі людзі не могуць актыўна дзеяць, застаецца моц слова, моц веры, моц розуму, і варта працягваць адно аднаго не «напампоўваць», а аб’яднацца ў разуменні, дзеля чаго мы ўсё гэта робім – дзеля будучыні, дзеля Беларусі:

«Мы часта сыходзім у нейкія спрэчкі. Але ёсць куды больш істотныя рэчы. Мы не ведаем, як вызваліць палітвязняў – давайце пра гэта гаварыць, развязваць гэтую праблему і не адцягвацца на іншыя, якія мы не можам і не ўпаўнаважаныя развязаць. Бо гэтую праблему мы павінныя вырашыць».

Артыкулы
Уладзіміру Мацкевічу далі 5 гадоў узмоцненага рэжыму
2022.06.23 17:17

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў