Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае. Яна застанецца сабою, і стане яшчэ мацнейшая


Сёння ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца суд над палітзняволенай журналісткай, супрацоўніцай польскага тэлеканалу TVP Ірынай Слаўнікавай. Яе разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў менскім аэрапорце 30 кастрычніка па вяртанні з адпачынку, і вось ужо 7,5 месяцаў яна застаецца за кратамі.

 

Журналістка Ірына Слаўнікава.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

Спачатку – выпрабаванне Акрэсціна з жахлівымі, невыноснымі ўмовамі. Жаночая камера, дзе трымалі Ірыну, нават абвяшчала галадоўку: жанчынам не аддавалі перадачаў, у іх забралі зубныя шчоткі і лекі. Прычынай такога пакарання з боку адміністрацыі стала нібыта тое, што «жанчыны не тым тонам папрасілі туалетную паперу».

Пасля месяца на Акрэсціна Ірына паўгода правяла ў СІЗА на Валадарскага. Цяпер яна ў гомельскім СІЗА. Судзіць яе будзе Мікалай Доля, той самы суддзя, які судзіў Сяргея Ціханоўскага і іншых фігурантаў «справы Ціханоўскага». Паседжанне будзе закрытым.

Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у «кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем» і «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Ёй пагражае да 7 гадоў зняволення.

Ірына – не толькі сапраўдны прафесіянал сваёй справы, якую вельмі паважаюць калегі. Яна – моцная асоба, для якой важная прынцыповасць. Вандроўніца, якая не стамляецца адкрываць для сябе свет. А таксама – любімая маці і жонка. Пра гэта ў нашай гутарцы распавядае ейны муж Аляксандр Лойка.

«Гады з Ірай – гэта найлепшая частка майго жыцця»

– Аляксандр, як вы пазнаёміліся з Ірынай, як пачыналіся вашыя стасункі?

– Першы раз мы пабачыліся з Ірынай мелькам у 1997 ці 1998 годзе. Мы працавалі ў адной газеце – «Беларуская маладзёжная». Яна з’явілася пасля таго, як закрылі аднайменную радыёстанцыю. Я прыйшоў туды на практыку пасля вучэльні. Я быў тэхнічным спецыялістам, займаўся вёрсткай. Хутка я пайшоў на службу ў войска, і аднойчы мы сустрэліся з Ірай у горадзе. Яна ў справах газеты збіралася ехаць кудысьці за горад на электрычцы, з ёй быў Павел Севярынец. Я паехаў разам з імі, і з гэтага часу ў нас пачаліся сяброўскія стасункі. Пакуль я быў у войску, мы сазвоньваліся. Больш цёплыя дачыненні пачаліся ў 2000 годзе, калі я прыйшоў з войска і вярнуўся ў газету. Так мы разам ужо 22 гады. Гэта вельмі добрая частка майго жыцця. Нават найлепшая.

– Чым Ірына вас уразіла?

– Іра заўсёды была вясёлая, жыццярадасная, з разынкай. Калі паміж людзьмі пачынаюцца стасункі, адбываецца «хімія», ты пачынаеш заўважаць нейкія дробязі, якія табе вельмі падабаюцца. У нас усё развівалася вельмі натуральна і хутка. Ты робіш крок на наступную прыступку ў дачыненнях, усё больш даведваешся пра чалавека, адкрываеш яго для сябе. У Іры мне падабалася амаль усё, таму мы вельмі хутка зблізіліся.

– У вас ёсць з ёй агульнае хобі, цікаўнасці?

– Агульная нашае хобі і захапленне – вандроўкі. Пэўны час мы на кожны мой дзень нараджэння адмыслова ехалі ў іншую краіну, новы горад, каб адзначыць свята. Былі ў Парыжы, Празе. Гадоў пяць таму я пачаў займацца дайвінгам, уцягнуў Іру. Апошнія некалькі гадоў мы ездзілі ў Егіпет на Чырвонае мора – там адно з найлепшых месцаў для дайвінгу ў свеце. Мы любім вандраваць на машыне – ездзілі так у Грэцыю, Італію, нават калісьці даўно – у Абхазію. Вандроўкі вельмі збліжаюць, ты адкрываеш гэты свет разам з блізкім чалавекам.

Журналістка Ірына Слаўнікава з мужам Аляксандрам Лойкам.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

«Прафесіяналізм у людзях і прынцыповасць у працы – галоўнае для яе»

– Што для Ірыны самае важнае ў ейнай прафесіі і ў людзях?

– Для Ірыны ў людзях важныя дзве рэчы: першае – прыстойнасць, другое – прафесіяналізм. Зразумела, што гледзішча на нейкія рэчы ў людзей можа адрознівацца, гэта нармальна. Але калі чалавек прыстойны, ён прафесіянал, іншае становіцца другасным.

Іра сапраўдны прафесіянал. З адукацыі яна бухгалтар, скончыла наргас. Але так склалася, што яна прыйшла ў журналістыку, ёй гэта вельмі падабалася. Я быў з ёй побач ад пачатку ейнага прафесійнага станаўлення і росту. Можна шмат разоў мяняць месца працы, сферу дзейнасці. Сапраўды шчаслівым можна лічыць таго, хто знайшоў сябе ў любімай справе. Іра менавіта з такіх людзей.

Іра працуе ў журналістыцы шмат гадоў. Праўда і прынцыповасць – галоўнае для яе ў працы. Яе паважаюць калегі, яна была адной з намесніц старшыні БАЖ, а гэта безумоўнае прызнанне прафесійнай супольнасцю.

Мая жонка вельмі моцная асоба. Нашмат мацнейшая за мяне. Я лягчэй іду на кампрамісы, Іры ў гэтым плане цяжка.

Тое, што цяпер з ёй адбываецца, яе не зламае, я перакананы ў гэтым. Яна застанецца сабой, і стане яшчэ мацнейшая.

– Журналіст у сям’і – часта не проста, тым больш калі казаць пра незалежную журналістыку ў Беларусі. Вы хваляваліся за яе?

– Я прытрымліваюся думкі, што чалавек у жыцці павінен займацца тым, што яму падабаецца, што прыносіць яму задавальненне. Іра займалася тым, што ў яе атрымлівалася, у чым яна знайшла сябе, увесь час расла прафесійна. Я радаваўся за яе. Але вядома, я заўсёды за яе хваляваўся, нават і тады, калі журналістыка была проста працай, а не як цяпер – небяспечнай справай.

– Наколькі ведаю, бацька Ірыны, спадар Аляксандр – старшы афіцэр запасу, заслужаны ветэран ваеннай авіяцыі. Тое, што Ірына моцная асоба, ідзе з ейнай сям’і?

– Калі Іра была маленькая, быў яшчэ Савецкі Саюз, і ейны бацька шмат ездзіў па розных месцах, служыў у Азіі, Расеі, нават Нямеччыне. Бацька Іры сапраўды вельмі моцны, з моцным стрыжнем, і, думаю, ён быў галоўным чалавекам, які паўплываў на ейнае выхаванне і характар.

– У вас ёсць дарослы сын. Якая Ірына мама?

– Заўсёды можна меркаваць, якія людзі бацькі, гледзячы на вынік іхнага бацькоўства. Нашаму сыну 26 гадоў, ён вырас самастойным, разумным, добрым чалавекам, дапамагае, чым можа, сям’і. Скончыў эканамічны ўніверсітэт у Варшаве, ведае некалькі моваў. Іра ніколі не сюсюкалася з ім, была даволі строгая мама, і ў выніку выгадавала дастойнага сына. Ён планаваў жыць у Беларусі, але яму давялося з’ехаць. Цяпер ён жыве за мяжою, аддалена працуе. І вельмі цяжка перажывае тое, што маці ў турме.

«Іра прытрымлівалася пазіцыі: чаму мы павінны з’язджаць са сваёй краіны, калі мы нічога дрэннага не зрабілі?»

– Чаму вы да апошняга не з’язджалі з Беларусі пасля падзеяў 2020 года і хвалі рэпрэсіяў, якія тады пачаліся і працягваюцца да гэтай пары?

– Пазіцыя Ірыны, якой яна цвёрда трымалася: чаму мы павінны з’язджаць са сваёй радзімы, калі мы нічога дрэннага не зрабілі, нікога не забілі, нічога не скралі? Дзеля чаго з’язджаць? Я ў гэтым сэнсе быў большы рэаліст, некалькі разоў мы размаўлялі на тэму ад’езду, асабліва ўлетку 2021 года. Мы бачылі, што адбываецца, колькі людзей затрымлівалі, прыходзілі да журналістаў, якія ўжо нават не працавалі і ні ў чым не ўдзельнічалі. Але Іра была прынцыповая ў гэтым пытанні. Яна сапраўды не рабіла нічога крымінальнага, таму не думала, што ўсё можа адбыцца менавіта так. Апошні год мы дома не жылі, асцерагаліся, што да нас могуць прыйсці. Але атрымалася так, што нас знайшлі ўсё роўна.

Журналістка Ірына Слаўнікава з мужам Аляксандрам Лойкам.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

– Распавядзіце пра вашае затрыманне ў менскім аэрапорце: як гэта было? Ці былі прадчуванні, што нешта здарыцца?

– Сапраўды, напярэдадні ў Іры было прадчуванне. Мы ляталі ў Хургаду, на дайвінг. Іра ўвесь час казала, што людзі ў турмах сядзяць, а мы на дайвінг паехалі. Я ж быў перакананы, што трэба хоць на нейкі час проста адключыць галаву, адпачыць ад усяго. Перад вяртаннем Іра сказала, што ў яе адчуванне, нібыта нас затрымаюць у аэрапорце – ёй пра гэта прысніўся сон. Я паспрабаваў супакоіць: ды не, навошта нас браць у аэрапорце, калі можна гэта зрабіць у горадзе.

Мы прыляцелі ў менскі аэрапорт, стаялі на пашпартным кантролі ў розных чэргах. Мяне затрымлівалі 30 жніўня 2020 года, пасля гэтага я трапіў у адмысловыя спісы, і таму заўсёды, калі я праходзіў мяжу, мяне адпраўлялі на поўны дагляд, са складаннем пратаколу. Калі мы праходзілі пашпартны кантроль, Ірына чарга падышла першая. Выклікалі супрацоўніка, ён забраў ейны пашпарт з кабінкі і сказаў: «Пройдёмте». Практычна адразу ж падышла і мая чарга, усё паўтарылася, як з Ірай. У зале прылёту ёсць адмысловае памяшканне з танаваным шклом і двума ўваходамі. Іру завялі ў правы, мяне – у левы. Там нас сустракалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Яны былі ў масках, адразу ўзялі за рукі, запатрабавалі аддаць тэлефон. Іра была ў суседнім пакоі, таму я не ведаў, што з ёй адбываецца.

Супрацоўнікі пачакалі, пакуль у зале прылёту паменшае людзей, накінулі мне капюшон на галаву і, узяўшы пад рукі, пачалі выводзіць. Выводзілі так, каб не трапіць на камеры відэаназірання, – перамаўляліся пра гэта паміж сабой. Мяне пасадзілі ў адну машыну, Іру – у другую. Увесь гэты час нічога не пыталі. Побач са мной сядзеў чалавек, які паклаў руку на маю галаву, нахіліў яе, каб я глядзеў толькі ў падлогу і не бачыў, куды мяне вязуць.

Так мы ехалі хвілінаў сорак. У выніку нас прывезлі ў Першамайскае РУУС. Нас пасадзілі ў розныя камеры. Я чуў, як з Ірынай спрабавалі запісаць пакаяльнае відэа. Але яна катэгарычна адмовілася: сказала, што нічога запісваць не будзе. Мяне таксама спрабавалі некалькі разоў запісаць: я мусіў сказаць на камеру, што мяне затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але я тады не ўяўляў, што яны маюць на ўвазе. На другую іхную спробу запісаць відэа я сказаў, што не ведаю, за што затрыманы. Яны пачалі злавацца: маўляў, мы ж табе сказалі. Доўга на мяне глядзелі, я думаў, будуць біць, але не кранулі. Пасля гэтага склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Як аказалася пазней, за рэпост матэрыялу «Белсату», які я рабіў паўтара ці два гады таму. Пры гэтым ён быў не палітычны, на нейкую сацыяльную тэматыку.

«Людзі ў камеры спалі паўсюль, мы клаліся на падлозе, як тэтрыс»

– Распавядзіце пра вашыя содні за кратамі: якія былі ўмовы, як да вас ставіліся, з кім сядзелі?

– Я сядзеў запар тры разы па 15 содняў. Я раней чуў, якія ўмовы на Акрэсціна, але адчуць гэта на сабе – вядома, іншая справа. Супрацоўнікі ставіліся да мяне ды іншых палітзняволеных горш, чым да рэцыдывістаў. Проста як да пустога месца. Для палітычных на Акрэсціна ёсць свае камеры. У ІЧУ, дзе трымаюць людзей да суда, дзве мужчынскія камеры для палітычных, першая і шостая. Я пабываў у абедзвюх. Умовы… Прусакоў не бачыў, але былі вошы. І ты ніякім чынам не можаш ад гэтага выратавацца.

У ЦІПе ў камеры на 4 чалавекі заўсёды сядзелі 15–17 чалавек, і гэта там ужо лічылася нармальным. Было і 19 чалавек, а нейкі час толькі 10 – і здавалася, што гэта сапраўднае раздолле.

Ніякіх перадачаў, лістоў нам не перадавалі. Толькі лекі. Не выводзілі на прагулкі, за мае 45 содняў нам ні разу не далі памыцца. Два разы на дзень праводзілі «шмон» – праверку. Як гэта выглядае: цябе выводзяць на калідор, ты шырока расстаўляеш ногі, рукі кладзеш высока на сцяну далонямі вонкі, галава апушчаная ўніз. Цябе абшукваюць, нават абутак здымаюць, зазіраюць пад падэшву, каб ты толькі нічога там не схаваў. Але што ты можаш схаваць, калі табе нічога не перадаюць і ты нікуды не выходзіш? У звычайных зэкаў такія агляды адбываліся адзін раз ранкам, і не так жорстка.

Нам не давалі матрацаў, бялізны для ложкаў. Нары зробленыя з металічных пласцінаў сантыметраў пяць шырынёй, на іх немагчыма ляжаць. Магло б палепшыць сітуацыю верхняе адзенне, але ў нас яго забіралі. Пры тым, што ў звычайных зэкаў курткі былі.

Людзі ў камеры спалі паўсюль, мы клаліся на падлозе, як тэтрыс. Уявіце, на 15 квадратных метрах трэба легчы 15, 17 ці 19 чалавекам. Апоўначы і а 4-й ранку будзілі, рабілі пераклічку, каб мы не маглі спаць. Мы ўставалі, пасля зноўку ўкладаліся ў свой тэтрыс. Удзень ляжаць нельга, сядзець дзе заўгодна таксама нельга. Хтосьці з вартаўнікоў, праўда, скрозь пальцы глядзеў на тое, калі ты ненадоўга прыляжаш. Усё залежала ад змены. Часам, калі папросіш мыла, можна было чакаць два дні. А часам, калі добрая змена, табе прыносілі цягам паўгадзіны.

За 45 содняў на Акрэсціна я згубіў дзесьці 11 кг вагі. Пры тым што ў мяне не было амаль ніякай фізічнай актыўнасці.

Я сядзеў у камеры з цудоўнымі, выдатнымі людзьмі. Найлепшымі, якіх я бачыў за апошнія дзесяць гадоў. Напрыклад, з Паўлам Белавусам, Андрэем Кузнечыкам. У адным месцы такая канцэнтрацыя найлепшых людзей краіны. Я быў у шоку.

Але, вядома, за кратамі працягваюць здзекавацца, ламаць лёсы людзей. Я сядзеў з маладымі хлопцамі, якімі займалася КДБ, бо яны былі ў тг-чатах паўтара года таму. Іх знаходзяць, дапытваюць, даюць рэальныя тэрміны. У некаторых людзей пасля допытаў на нагах былі апёкі ад электрашокераў, у кагосьці – зламаныя рэбры, насы.

«Я бачыў усё, што зрабілі расейцы ва Украіне, на ўласныя вочы»

– Што адбывалася пасля вашага вызвалення?

– Наколькі ведаю, мяне не павінны былі выпускаць пасля трэцяй адседкі. Ёсць пэўныя працэдуры перад тым, як вызваліць чалавека, – са мною нічога праведзена не было. Я нават месца сваё на падлозе ў камеры «застаўбіў», сказаў, што хутка вярнуся. Калі ў цябе заканчваецца тэрмін, па цябе прыязджаюць на Акрэсціна, забіраюць з камеры, на машыне вязуць у РУУС, складаюць новы пратакол і вяртаюць на Акрэсціна. І так па коле. Але адбыўся нейкі збой у сістэме, і мяне выпусцілі. Мяне сустрэлі маці, цесць. Дахаты я не паехаў, і гэта было слушна: у гэты ж вечар на месца маёй прапіскі прыйшлі мяне шукаць. Мяне хацелі забраць зноў, пагражалі сыну.

Я зразумеў, што калі мяне не знойдуць, будуць пакутаваць мае блізкія. Таму я вырашыў з’ехаць з краіны. Я сам сядзець не баюся, але гэта будзе вялікай нагрузкаю для родных: адвакаты, перадачы. Гэта вымагае шмат сілаў і рэсурсаў. Мая маці, бацькі Ірыны – людзі немаладыя, гэта ўсё вельмі цяжка маральна, фізічна, матэрыяльна – з усіх бакоў. З-за мяжы я магу хоць неяк дапамагаць і штосьці рабіць.

Аляксандр Лойка, муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай.
Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

З канца снежня да сярэдзіны траўня я жыў у Кіеве. Вельмі ўдзячны калегам Іры за дапамогу. У Кіеве сустрэў вайну. Прачнуўся дзесьці а 4:50 ранку ад таго, што трымцелі вокны ад выбухаў. Я заставаўся там падчас баявых дзеянняў. Дапамагаў – чым мог дапамагчы. Быў у Ірпіні, Макараве, Бучы, Барадзянцы. Бачыў усё, што зрабілі расейцы, на ўласныя вочы. У Ірпіні мы неяк ратавалі катоў, быў цікавы досвед. Бачыў марадзёраў, бачыў, як у Барадзянцы выносілі ў цэлафанавых пакетах целы загінулых людзей. Шмат чаго бачыў. Цікава, што на розных блокпастах я паказваў свой беларускі пашпарт, і мне ні разу не сказалі, што я, маўляў, з краіны-суагрэсара. Хоць некаторыя і глядзелі на мяне з падазрэннем, але нічога не казалі. Я думаў, што стаўленне будзе негатыўным.

Іра ведае, што ідзе вайна. У камеры на Валадарцы быў тэлевізар, паказвалі навіны па БТ. Разумны чалавек можа і паміж радкоў прачытаць, што адбываецца. Да гэтага навіны прыносілі і новыя сядзельцы. Таму агулам яна разумее, што адбываецца, і якія гэта можа несці наступствы для Беларусі і нас усіх.

«Самае цяжкае, што мы цяпер не побач. Але мы гэта перажывем»

– На Акрэсціна для Ірыны, як і для вас, было сапраўднае пекла. Якія ўмовы ўтрымання ў яе былі на Валадарскага?

– У параўнанні з Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага ўмовы і стаўленне адміністрацыі значна лепшыя. Ёй можна было перадаваць рэчы, прадукты, лекі. Там працуе бібліятэка, можна было шмат чытаць, даходзілі лісты. Можна было таксама замовіць ежу ў мясцовай краме, пры СІЗА. Вадзілі на прагулку, можна было прыняць душ. Але турма – гэта турма, якія б умовы там ні былі.

– Ірыне прад’явілі абвінавачванні паводле двух артыкулаў: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім. Як вы паставіліся да гэтага?

– Не было б гэтага надуманага абвінавачання, магло быць іншае. Суд над Ірынай будзе закрыты, бо ў іх няма ніякіх доказаў, фактаў. Яны самі з сабой паразмаўляюць, вынесуць той прысуд, які ім скажуць зверху, і на гэтым усё.

Дзясяткі журналістаў, цэлыя медыі прызнаюць экстрэмісцкімі з надуманых падставаў. Можа, хутка пачнуць ужо прызнаваць экстрэмісцкімі чаты дзіцячых садкоў? У Беларусі цяпер выпальваецца ўсё напалмам. Закон не працуе, і пакуль яны, на жаль, усё яшчэ могуць чыніць гэтае бяспраўе.

Даведка

«Когда ты получишь это письмо, будет уже лето 🙂 Я уже увидела отсюда все времена года – пора выходить – удивить меня уже нечем. Тут каждый день – как День сурка, с небольшими отклонениями. Вот, например, сегодняшний день наполнен событиями: смена белья, поход в душ (без особого удовольствия), выпало моё дежурство, а значит и день стирки моего прекрасного гардероба. Пока писала, принесли перечень с нашего супермаркета. Такое богатство выбора, что аж растерялась. Ай, чтоб не мучиться, возьму стандартный набор: вода, сливочное масло и майонез. Больше там для меня вкусняшек нет. Дорогая, передавай всем от меня огромный привет и обнимашки. Спасибо огромное за помощь и поддержку. Не грусти, пожалуйста! Ты же знаешь, что в итоге всё будет хорошо. Спросишь: «Когда?!», я отвечу: «Тада!» Время ж понятие относительное, но тут отчётливо понимаешь, как оно скоротечно и как его у нас мало».

– Што пішаце Ірыне ў лістах? Што піша яна, як трымаецца?

– Іра цяпер называе сябе так, як я калісьці жартам яе назваў: баявы хамяк. Яна такая маленькая, далікатная, але вельмі ўпартая і баявая. Мне перадаюць, ды і яна піша ў лістах, што настрой у яе нармальны, баявы, са здароўем праблемаў няма. Звычайна ў лістах мы расказваем навіны з мірнага жыцця. З-за цэнзуры ўсяго не напішаш. Ды і каб не думаць пра палітыку, цяжкасці, трэба распавядаць пра мірнае жыццё, згадваць добрыя моманты, якія былі раней.

Журналістка Ірына Слаўнікава і ейны муж Аляксандр Лойка.
Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

– Вы казалі, што ваш сын вельмі цяжка перажывае ўсю гэтую гісторыю. А як бацькі Ірыны, вы самі? Ці адчуваеце падтрымку і салідарнасць ад іншых людзей?

– Для ўсёй сям’і гэта вельмі цяжка. Безумоўна, мы цяпер адчуваем падтрыманне ад іншых людзей. Але ў гэтай сітуацыі адсеяліся тыя, хто не павінен быць у тваім жыцці. Баязліўцы, напрыклад. Былі людзі, з якімі я меў зносіны, з кім працаваў разам, каму дапамагаў, і цяпер гэтыя людзі баяцца са мной нават перапісвацца, каб раптам чаго не здарылася. Але большасць сяброў дапамагае, падтрымлівае, цікавіцца, як справы, чым можна дапамагчы. У Іры вельмі моцныя сувязі ў сям’і, паміж бацькамі, сваякамі. Усе падтрымліваюць і трымаюцца адно аднаго. Цяперашнія і былыя калегі Ірыны таксама вельмі нас падтрымліваюць. Я вельмі ўсім удзячны.

Для мяне самае цяжкае, што мы цяпер не побач. Але мы гэта перажывем. Як іначай?

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў