«Лукашэнка ганарыўся гэтым». Што адкажуць Кітай і Расея на праслухоўванне сваіх дыпламатаў


Спецслужбы Беларусі праслухоўваюць дыпламатаў сваіх саюзнікаў. Адпаведныя злівы публікуюць беларускія кіберпартызаны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра праслухоўванне дыпламатаў Расеі, Кітаю і Узбекістану. Наколькі гэта нармальная з’ява? Ці варта чакаць рэакцыі названых краінаў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сяргей Бабылеў / TASS / Forum

Першы зліў кіберпартызаны апублікавалі на сваім канале ў «YouTube» 14 чэрвеня. На гэты запіс трапілі расейскія дыпламаты. Апублікаваная частка праслухоўвання работнікаў амбасады Расейскай Федэрацыі за 2020–2021 гады, у тым ліку яе консульскага аддзелу. Выявіць гэтыя запісы атрымалася ў выніку ўзлому базы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

На запісе добра чуваць галасы людзей, якія тэлефануюць у консульства ў розных пытаннях, а таксама гучаць прадстаўнікі консульства, якія тэлефануюць у дзяржаўныя структуры адносна пытанняў бяспекі і аховы. Апроч таго, апублікаваныя і размовы асабістага характару, што сведчыць пра тое, што органы МУС праслухоўвалі не толькі будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва, але і працаўнікоў.

Чарговы зліў пабачыў свет праз тыдзень – 21 чэрвеня. На ім змешчаныя размовы намесніка вайсковага аташэ і пасольства Кітаю, а таксама працаўніка амбасады Узбекістану за 2021 год.

Цікава, што гэты запіс з’явіўся праз дзень пасля візіту ў Менск з афіцыйным візітам прэм’ер-міністра Узбекістану Абдулы Арыпава, які 20 чэрвеня сустракаўся з кіраўніком беларускага ўраду Раманам Галоўчанкам.

Як заяўляюць кіберпартзаны, прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі збіраюць інфармацыю нават пра афіцыйных прадстаўнікоў дружалюбных у дачыненні яго дзяржаваў.

Кіберпартызаны адзначаюць, што валодаюць шэрагам файлаў з праслухоўвання амбасадаў і консульстваў іншых дзяржаваў, і абяцаюць «шмат цікавага» неўзабаве.

Што кажуць у амбасадах?

Каб высветліць рэакцыю дыпламатаў на іхнае праслухоўванне, карэспандэнты «Белсату» звярнуліся ў амбасады гэтых краінаў па афіцыйныя каментары. Праўда, пакуль іх так і не атрымалі.

У амбасадзе КНР нам параілі пісаць афіцыйны зварот на электронны адрас амбасады. Практычны такі самы адказ мы атрымалі і ў амбасадзе Расеі.

А ў амбасадзе Узбекістану «Белсату» ўвогуле заявілі, што каментару на гэты конт не будзе. Праўда, пры гэтым распыталі пра крыніцу, на якой з’явілася інфармацыя пра праслухоўванне прадстаўнікоў дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнты Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў, Казахстану – Касым-Жамарт Такаеў, Таджыкістану – Эмамалі Рахмон і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Кацярына Штукіна / TASS / Forum

Мы звярнуліся ў амбасады Кітаю і Расеі з пісьмовым пытаннем. Калі адказы будуць атрыманыя, інфармацыя з іх будзе апублікаваная.

Парушэнне Венскай канвенцыі

У сваіх злівах кіберпартызаны адзначаюць, што праслухоўванне дыпламатаў ёсць парушэннем Венскай канвенцыі 1961 года пра дыпламатычныя дачыненні.

У прыватнасці, у артыкулах 27 і 30 дакументу адзначаецца, што афіцыйная карэспандэнцыя прадстаўніцтва, пад якой разумеецца ўся карэспандэнцыя, што адносіцца да прадстаўніцтва і ягоных функцыяў, недатыкальная. Яна не падлягае ні выкрыццю, ні затрыманню.

Тое ж самае датычыць і карэспандэнцыі дыпламатаў.

У каментары «Белсату» былы беларускі дыпламат Павел Мацукевіч адзначыў, што праслухоўванне дыпламатаў «з гледзішча Венскай канвенцыі, канечне, ненармальнае». Але, адзначыў ён, «з гледзішча жыцця і рэаліяў гэта даволі тыповая практыка». І для дыпламатаў яна не павінна з’яўляцца сюрпрызам.

«Я мяркую, што ўсе дыпламаты, якія за межамі краіны, зыходзяць з таго, што, калі ў той краіне, дзе яны знаходзяцца, існуюць службы бяспекі ці спецыяльныя службы, то яны так ці інакш прынамсі назіраюць за замежнымі дыпламатамі», – заявіў Павел Мацукевіч.

На ягоную думку, пытанні праслухоўвання замежных дыпламатаў залежаць ад тэхнічных магчымасцяў той ці іншай дзяржавы і ад таго, ці ёсць цікавасць да інфармацыі, якую можна ў выніку здабыць.

Галоўнае – не трапляцца

Павел Мацукевіч выказаў упэўненасць, што расейскія і іншыя спецслужбы робяць тое самае ў дачыненні замежных дыпламатаў. Ён нагадаў, што прыклады праслухоўвання саюзнікаў можна знайсці і сярод краінаў Захаду: напрыклад, скандал 2015 года з праслухоўваннем ЦРУ тэлефону канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сяргей Бабылэў / TASS / Forum

«Галоўнае для спецслужбаў тое, каб не трапляцца на гэтым. У выпадку ж Беларусі кіберпартызаны здабылі адпаведную інфармацыю», – падкрэсліў былы дыпламат.

Лукашэнка не хаваў гэтага

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» таксама адзначыў, што ніякага сакрэту ў тым, што ўлады Беларусі праслухоўваюць дыпламатаў, няма.

«Пра тое, што амбасады праслухоўваюцца, усе ведаюць. Лукашэнка неаднаразова публічна агучваў тое, як праслухоўваюцца амбасады заходніх краінаў. Казаў: маўляў, мы ўсё ведаем, што ў вас там адбываецца, і гэтак далей. Не толькі не хаваў гэтага, а ганарыўся гэтым. Таксама Лукашэнка прызнаваў, што праслухоўваюцца размовы расейскіх афіцэраў, якія прыехалі на беларуска-расейскія вучэнні на тэрыторыю Беларусі. Таму ніякіх асаблівых сакрэтаў тут няма», – заявіў палітолаг.

Валер Карбалевіч адзначыў, што выкіданне ў інтэрнэт сакрэтнай інфармацыі – не такая ўжо і рэдкая з’ява. Ён нагадаў, што рассакрэчванне звестак амерыканскай дыпламатыі з дапамогай «WikiLeaks» практычна нічога не змяніла, таму і тут няма «асаблівай праблемы».

Зліваў «не заўважаць»?

Што датычыць наступстваў гэтых зліваў, то Валер Карбалевіч сумняецца, што інфармацыя беларускіх кіберпартызанаў можа выклікаць нейкі скандал у двухбаковых стасунках. На ягоную думку, «яго проста не заўважаць».

Падобнага меркавання прытрымліваецца і Павел Мацукевіч. Ён кажа, «вялікага скандалу не будзе менавіта таму, што гэта ў нейкім сэнсе тыповая практыка, і ніводны з бакоў не зацікаўлены ў тым, каб рабіць з гэтага нейкую публічную гісторыю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Вадзім Рымакоў / TASS / Forum

Пры гэтым былы дыпламат не выключае, што нейкія размовы падчас сустрэчаў афіцыйных асобаў усё ж адбудуцца, каб вырашыць пытанне праз дыпламатычныя каналы.

Але, падкрэсліў Павел Мацукевіч, грамадскасць пра гэта не даведаецца, нават калі такія размовы і будуць.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў