Беларусь згадалі ў рэзалюцыі Еўрапарламенту пра статус кандыдатаў у Еўразвяз для Украіны і Малдовы


Аб гэтым прасіла Святлана Ціханоўская ў лісце да Еўрапарламенту і ў звароце да Форуму Каліноўскага ў Бруселі.

Нацыянальны беларускі сцяг і сцяг Еўразвязу. Выява: europa.eu

Еўрапарламент 23 чэрвеня падтрымаў прадстаўленне Украіне і Малдове статусу кандыдатаў на ўступленне ў Еўразвяз. Грузіі такога статусу пакуль не далі, хоць у рэзалюцыі ёй паабяцалі «еўрапейскую перспектыву». Статус кандыдата ж Грузіі маюць даць, як толькі грузінскі ўрад выканае рэкамендацыі Еўракамісіі («прыярытэты» ў «меркаванні» Еўракамісіі аб грузінскай заяўцы ад 17 чэрвеня 2022 года).

Беларусь не падавала заяўку на падобны статус. Больш за тое: летам 2021 года беларускія ўлады абвясцілі аб прыпыненні свайго ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» Еўразвязу. Але Беларусь у рэзалюцыі пра Украіну і Малдову ўсё ж згадалі.

Рэзалюцыю, як пішуць у выніковым тэксце, прынялі «ўлічваючы, што народы Украіны, Рэспублікі Малдовы і Грузіі цягам многіх гадоў паслядоўна дэманструюць непахісную падтрымку еўрапейскага курсу сваіх краінаў, прымаючы еўрапейскія прынцыпы і каштоўнасці; у той час як падобныя памкненні жыць у свабоднай, суверэннай і дэмакратычнай краіне выказвае большасць жыхароў Беларусі, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, які падтрымліваецца Расеяй».

Hавiны
Як «паглыблялі інтэграцыю» суседзі Беларусі
2021.09.09 14:30

Згадаць Беларусь у гэтым дакуменце прасіла Святлана Ціханоўская. Яна пісала пра гэта 17 чэрвеня ў лісце да прэзідэнта Еўрапейскай рады і іншых звязаных з гэтым рашэннем палітыкаў, а таксама згадвала пра гэтую просьбу на адкрыцці Форуму Каліноўскага 21 чэрвеня ў Бруселі.

Сама па сабе гэтая згадка Беларусі ні да чаго не абвязвае і нічога не дае Беларусі. Але Ціханоўская настойвала на тым, што Беларусі «неабходна мець Еўрапейскую перспектыву, што таксама мусіць быць прызнана Еўразвязам».

Еўразвяз, як і доўгі шэраг краінаў свету, не прызнаў перамогу Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, а Беларусь называюць «апошняй дыктатурай Еўропы» нават у афіцыйных дакументах.

Hавiны
Не паўтараць памылак Каліноўскага і не быць «Белоруссией». Што беларусам раяць на форуме Каліноўскага
2022.06.21 18:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў