«Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі


Станіслаў і Ванда Пачобуты. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Палітвязень Анджэй Пачобут, журналіст і грамадскі дзеяч, сябра праўлення незалежнага Саюзу палякаў Беларусі, ужо тры месяцы застаецца за кратамі праз гэтак званую справу палякаў. Яму прапанавалі вызваленне ўзамен на выезд за мяжу, аднак ён адмовіўся. Цяпер умовы ягонага ўтрымання значна пагоршыліся, журналіст захварэў на каронавірус, а родныя не могуць дабіцца хоць нейкіх звестак пра ягоны стан здароўя.

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, мае дваіх дзяцей: старэйшая дачка Яна вучыцца ў гарадзенскім медычным універсітэце, малодшы сын Яраслаў ходзіць у школу.

Ранкам 25 сакавіка ў кватэру да Анджэя Пачобута прыйшлі сілавікі. Учынілі ператрус, самога журналіста затрымалі і даставілі ў Менск, у СІЗА на Валадарскага. Яго вінавацяць у «распальванні рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), гэтак жа як і старшыню Саюзу палякаў Анджэліку Борыс ды іншых асобаў. Цяпер Анджэй у жодзінскім СІЗА. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі.

Артыкулы
Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі
2021.04.09 09:15

«Для Анджэя вельмі важна адчуваць, што ён паляк»

Бацькі Анджэя жывуць у невялікай кватэры ў адным са старых раёнаў Горадні. Нас сустракае бацька журналіста, спадар Станіслаў. Вядзе ў невялікі пакойчык. На сценах вісяць старыя фотаздымкі ў рамках, з партрэтаў ХІХ стагоддзя пранізліва глядзяць застылыя жанчыны і мужчыны. На іншай сцяне – драўляны крыж, які прадзядуля спадара Станіслава калісьці папрасіў у ксяндза з Макараўцаў. На століку стаіць незвычайны куфар з надпісам «1910. USA»: дзядуля Станіслава замовіў яго ў майстра падчас паездкі ў Амерыку. Ён мусіў сесці на Тытанік, але пашкадаваў грошай, бо квіток каштаваў вельмі шмат.

«Мы вельмі трапятліва ставімся да памяці пра нашых продкаў», – кажа спадар Станіслаў і дастае валізу. Там сабраны вялікі асабісты архіў, каля 800 дакументаў, якія датычаць сям’і. Адзін з дакументаў датуецца 1629 годам. Тут жа бачым першыя польскія пашпарты 1918 года. Асобна Станіслаў паказвае радавое дрэва – сапраўдны гонар сям’і.

Куфар Антона Пачобута. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

«Мы жылі ў Бераставіцы, у невялікім пасёлку, які можна абысці за некалькі хвілінаў. Анджэй моцна сябраваў са сваёй бабуляю Марыяй. Яна значна паўплывала на ягонае выхаванне. Менавіта з ейных расповедаў пра даўнія часы пачалася цікаўнасць Анджэя да гісторыі, праз іх ён пачаў адчуваць сваю польскасць яшчэ ў дзяцінстве. На яго польскасць паўплывала і тое, што брата маёй маці забілі пры пераходзе мяжы адразу пасля вайны, бо ён хацеў жыць у Польшчы. Брата бабулі забілі пад Сталовічамі. Анджэй гэта ўсё добра ведаў», – кажа спадар Станіслаў.

Бабуля Анджэя была беларускай, але ўся ейная маладосць прыйшлася на польскія часы. Выйшла замуж за паляка, адразу ўвайшла ў касцёл, у сям’ю, і, паводле Станіслава Пачобута, у іх ніколі не было ніякіх разладаў на нацыянальнай глебе.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00

«Сам Анджэй ажаніўся з беларускаю. У нашай сям’і ўсё перамяшана», – распавядае спадар Станіслаў.

Маці Анджэя Ванда Андрэеўна працавала раней настаўніцай хіміі, бацька Станіслаў Іосіфавіч таксама быў настаўнікам, выкладаў геаграфію, гісторыю, фізкультуру і нават ваенную справу. Скончыў сваю педагагічную дзейнасць як настаўнік працы ў адной з гарадзенскіх школаў.

У пакоі Станіслава Пачобута. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Анджэй вучыўся ў бераставіцкай школе, любіў чытаць кнігі, у адрозненне ад малодшага брата Стаса.

«Стас характарам – анархіст, ён і на партрэце, што тут вісіць, выглядае такім нахабным. Анджэй таксама нарадзіўся з такім «рагатым» характарам супрацьстаяння. Яны не былі непаслухмянымі дзецьмі, але заўсёды мелі сваё меркаванне. Толькі Стас – чалавек свету, а Анджэй выбраў нацыянальны шлях. Для Стаса польскасць – гэта проста нацыянальнасць, а для Анджэя было вельмі важным адчуваць, што ён паляк», – кажа спадар Станіслаў.

«Каханне завярнула яго назад»

Пасля школы Анджэй паехаў вучыцца ў Польшчу, на інжынера, але вельмі хутка вярнуўся.

«Я заўсёды марыў, каб ён стаўся інжынерам. Я сам працаваў калісьці ў газеце і думаў, што пісаць артыкулы – гэта проста, іншая справа – інжынер. Адправілі Анджэя вучыцца ў Польшчу, але інжынернае спецыяльнасці ён так і не атрымаў. І тут дзве важкія прычыны – гэта каханне, якое звалася Аксана, і тое, што ў яго не ляжала да гэтага сэрца. Анджэй быў знаёмы з Аксанаю са старэйшых класаў, я ведаў, што яны гуляюць за ручку, таму ён з’язджаў у Польшчу з вялікаю неахвотаю. Аксана і завярнула яго назад, і ўсе мае мары, каб ён стаўся інжынерам, прапалі», – цёпла ўсміхаючыся, згадвае спадар Станіслаў.

У Горадні Анджэй вучыўся на юрыста, пасля працаваў выкладнікам у тэхнікуме. Але, паводле бацькі, гэта таксама была не ягоная справа, Анджэй ніколі не хацеў працаваць настаўнікам, таму сышоў адтуль. На той момант было месца ў польскай газеце ў Горадні, і гэта зрабілася ягоным лёсам.

Станіслаў Пачобут. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

«Аказалася, Анджэй можа пісаць. Пэўна, узяў гэта ад маці. Ён вельмі разважлівы, можа раскласці ўсё па палічках, правесці аналіз», – кажа Станіслаў.

Анджэй прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у газетах «Пагоня», «Głos znad Niemna», «Gazeta Wyborcza». З гэтага ж часу Анджэй актыўнічаў у незалежным Саюзе палякаў Беларусі. Пасля расколу Саюзу ў 2005 годзе на незалежную арганізацыю пад кіраўніцтвам Анджэлікі Борыс узмацніўся ціск уладаў. Анджэй прайшоў праз мноства затрыманняў, арыштаў, ператрусаў. У красавіку 2011 года супраць журналіста распачалі адразу дзве крымінальныя справы: «Абраза прэзідэнта» і «Паклёп на прэзідэнта». Ён правёў у СІЗА два месяцы, пасля чаго быў асуджаны да трох гадоў з адтэрмінаваннем. Праз год на Анджэя распачалі яшчэ адну крымінальную справу праз абразу Аляксандра Лукашэнкі, але яна так і не дайшла да суда і была спыненая за адсутнасцю складу злачынства.

Hавiны
Дырэктарка «Белсату»: «Так са зняволенымі не абыходзіліся нават падчас ваеннага стану ў Польшчы»
2021.05.18 18:08

«Калі я папрашу аб памілаванні, то прызнаю, што сын – вораг гэтай дзяржавы»

Станіслаў Пачобут задумліва круціць у руках альбом з фотаздымкамі. Там сабраны цэлы фоталетапіс, звязаны з арыштам Анджэя 10 гадоў таму.

«Калі яго тады першы раз арыштавалі, страху не было – ён быў малады і здаровы. Цяпер жа ў яго шмат хваробаў. Мы перасталі спаць спакойна. Жонка па начах як лунацік. Увесь час чакаем чагосьці кепскага. Я ўключаю камп’ютар – у мяне рукі дрыжаць, раптам там дрэнныя навіны. Мы не ведаем, ці даходзяць яму лекі, ці лечыцца ён там. Самая вялікая бяда цяпер – што мы нічога не ведаем пра ягонае здароўе», – кажа спадар Станіслаў.

Акцыя супраць цэнзуры ў Беларусі, якую арганізавала Amnesty International. На плакатах: партрэты журналістаў і актывістаў з Беларусі. На фота Андрэй Пачобут. Варшава, Польшча. 24 лістапада 2005 года.
Фота: Maciej Jeziorek / Forum

Ходзяць легенды пра тое, што тады, 10 гадоў таму, падчас сустрэчы з сынам у турме Станіслаў Іосіфавіч прасіў Анджэя не звяртацца да ўладаў з просьбаю аб памілаванні, як гэта рабі тады шмат хто з палітыкаў. Цяпер вядома, што з гэткаю просьбаю да Лукашэнкі звярнуўся бацька расяянкі Соф’і Сапегі, якую затрымалі 23 траўня разам з блогерам Раманам Пратасевічам.

«Я не магу прасіць аб памілаванні сына, бо Анджэй ні ў чым не вінаваты. Калі я папрашу аб памілаванні, то прызнаю, што сын вінаваты, што ён вораг гэтай дзяржавы. Але гэта не так. Анджэй грамадзянін Беларусі, ён тут жыве, паважае людзей, якія тут жывуць. На гэтай зямлі побач жывуць беларусы, габрэі, расейцы. І абвінавачваць Анджэя ў распальванні нацыянальнай варажнечы – гэта глупства. У яго жонка беларуска, усе яны добра размаўляюць на беларускай і польскай мове. Унукі Яна і Ярэк са мною і бацькам размаўляюць па-польску, з бабуляй – па-расейску, з мамаю – па-расейску і па-беларуску. Да Аксаны мы ставімся як да сваёй дачкі. А цяпер такі момант, што без яе мы б наагул прапалі. Я сляпы, жонка хварэе, і яна ўзяла на сябе ўсе справы, звязаныя з Анджэем», – распавядае Станіслаў Пачобут.

«Адмова ад дэпартацыі – я нічога іншага ад свайго сына не чакала»

На пачатку чэрвеня выявілася, што трох з пяці арыштаваных актывістаў Саюзу палякаў Беларусі гвалтоўна вывезлі ў Польшчу. Вызваленне ўзамен на дэпартацыю прапаноўвалі таксама Анджэліцы Борыс і Анджэю Пачобуту, аднак яны адмовіліся.

Генеалагічнае дрэва Пачобутаў-Адляніцкіх. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Бацька журналіста кажа, што разумее і абсалютна падтрымлівае такі выбар сына.

«Уся гэтая гісторыя, паглядзіце – як на далоні. Раней палякаў ссылалі таксама толькі таму, што яны – палякі. Ніхто з нас не супраць беларусаў, праваслаўнае царквы. Але мы ахоўваем свае нацыянальныя традыцыі. Калі мы іх зрачомся, зломім традыцыю, мы будзем грэшнікамі. Нашыя дзяды-прадзеды трымаліся гэтага», – падкрэслівае спадар Станіслаў.

Спадарыня Ванда стаіць побач і цяжка ўздыхае.

«Адмова ад дэпартацыі – я нічога іншага ад свайго сына не чакала. Абсалютна. Я ведала, што ён не з’едзе, хоць дзесьці ў душы думала: Божа, якое б было шчасце, каб ён з’ехаў, ды Бог з ім, што мы б засталіся тут адныя. Разумееце? – эмацыйна кажа Ванда Андрэеўна і дадае: – Але я разумела, што ён не з’едзе. Гэта не той дзіцёнак, каб яго ўзялі і на добрую волю выслалі – о-о-о, не. У яго заўсёды было абвостранае пачуццё справядлівасці».

Маці чытае ліст ад Анджэя Пачобута. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Мама журналіста прыносіць лісты ад сына. Усхвалявана зачытвае радкі ліста, дзе Анджэй тлумачыць свой выбар:

«З’язджаць я нікуды не збіраўся і не збіраюся. Прысуд, якім бы ён не быў, рана ці позна скончыцца. А калі з’едзеш, то гэта назаўсёды».

Голас спадарыні Ванды абрываецца. Пасля паўзы яна дадае:

«Ён пісаў гэта яшчэ 3 чэрвеня, яшчэ да таго, як захварэў на ковід. Апошнім часам мы мала бачыліся. Ён прыходзіў з сям’ёй да нас пад акно, бо страшна баяўся заразіць нас каронавірусам. Ці прыходзіў пад дзверы і пакідаў нам прадукты. А ў выніку захварэў сам. У гэты ковідны год можна на пальцах пералічыць, калі мы нармальна сустракаліся і бачыліся, не праз акно. І тое – прасіў нас па сто разоў мыць рукі. Цяпер даслаў нам трэці ліст. Нейкі прамежак часу лістоў наагул не было, ён кепска сябе адчуваў і казаў Аксане, што баіцца, што праз лісты бацькам нейкую заразу перадасць».

Самыя бацькі пішуць яму часта. Лістоў на польскай мове не прапускаюць. У сваіх лістах Анджэй іх супакойвае, піша, што пачуваецца нармальна.

Інтэрв’ю
Радослаў Сікорскі: У Беларусі рэпрэсіі больш жорсткія, чымся ў Польшчы ў часе ваеннага становішча
2021.05.16 22:15

«Але якое там нармальна? З сэрцам кепска, са страўнікам кепска, у яго ж язва можа адкрыцца ў любы момант! Але самае галоўнае, што ў яго перабоі з сэрцам, збіваецца рытм, ён некалькі разоў страчваў прытомнасць і ляжаў у шпіталі праз гэта. А цяпер яшчэ карону падчапіў», – спадарыня Ванда не можа стрымаць слёзаў.

Анджэй Пачобут пасля вызвалення ў 2011 годзе. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Станіслаў Іосіфавіч сумна дадае:

«Мы нічога не ведаем. Сістэма так выбудавана, што нічога не даведаешся: ці ёсць лекі, як ён пачуваецца, ці ёсць неабходная медычная дапамога. Учора Аксана праз тэлефон дамовілася паразмаўляць з доктарам. Але ёй сказалі: каб расказаць пра стан здароўя Анджэя, трэба запытаць у яго самога дазвол. Маўляў, пазваніце заўтра. А сёння тэлефон ужо не адказвае».

«Ён не збягаў і не хаваўся, хоць меў магчымасць»

Як кажа спадар Станіслаў, Анджэй заўсёды стараўся берагчы бацькоў, не распавядаў, калі здаралася штосьці кепскае.

«Трывога за яго была заўсёды. З самай школы, калі яны ў старэйшых класах траплялі ў гісторыі. Мы хваляваліся і цяпер. Калі пачаліся жнівеньскія падзеі, было зразумела, што яго могуць забраць. А ён не збягаў, не хаваўся. Ён мог з’ехаць, у яго была перспектыва застацца ў Польшчы і мець добрую працу. Але Анджэй сказаў, што яму там рабіць няма чаго, ён тут нарадзіўся і тут будзе. Анджэй журналіст, ён павінен казаць людзям праўду. Гэта ягоны прафесійны абавязак. Што ён зрабіў кепскага? Ён не згодны з Аляксандрам Лукашэнкам, але ў нашай гісторыі быў ужо прыклад, калі адная дзяржава і адныя думкі гучалі ва ўнісон. Рознасць поглядаў – гэта ж цудоўна. Я не жадаю нічога кепскага Аляксандру Рыгоравічу. Я не жадаю яму пенсіі, як у Станіслава Шушкевіча, не жадаю яму апынуцца ў сітуацыі, як у мяне, калі я выдаткоўваю на адныя таблеткі чвэрць сваёй пенсіі. Няхай жыве, ідзе на пенсію. Але дзяржава мусіць быць дэмакратычнай, для народу», – разважае спадар Станіслаў.

Станіслаў Пачобут. Унутры валізка кнігі яго аўтарства. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Маці Анджэя перабірае фотаздымкі.

«Вось, здымкі каля турмы, калі яго вызвалялі. Анджэй, здаецца, толькі на адных выбарах не сядзеў. Калі пачаліся арышты ў Берасці, я пазваніла сыну, кажу: чую твой голас – значыць усё добра, звані мне, сынок. Ён мне – мама, усё нармальна. Калі арыштавалі Анджэліку Борыс, можна было чакаць, што прыйдуць і па яго. Я баюся думаць, што будзе далей. Цяпер для мяне найбольш важнае – каб ён ачуняў», – кажа спадарыня Ванда.

Ейны муж дадае:

«У мяне самыя песімістычныя думкі. Не магу не думаць пра тое, як ён там… Калі рытм сэрца парушаецца, гэта на такой мяжы, туды ці туды. Гэта так страшна і так балюча. Дзе шукаць абароны…»

Сямейныя рэліквіі. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў