Удзельніка пратэстаў пакаралі 4 гадамі калоніі. Пацярпелымі прызналі 13 байцоў «Алмазу»


Суд Фрунзенскага раёну Менску 23 чэрвеня вынес прысуд 53-гадоваму Мікалаю Дзенісевічу за падзеі 18 кастрычніка, калі ў сталіцы праходзіў Партызанскі марш. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Мужчыну выставілі абвінавачванне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 1 арт. 218 («Наўмыснае пашкоджанне маёмасці»); арт. 364 («Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Пацярпелымі ў справе выступалі 13 байцоў спецыяльнага падраздзялення для барацьбы з тэрарызмам МУС «Алмаз», хоць на судзе былі дапытаныя толькі трое з іх – у балаклавах і са змененымі прозвішчамі. Паводле следства, падчас пратэставага маршу на Партызанскім праспекце сталіцы мужчына «здзяйсняў агрэсіўныя выпады і жэсты рукамі, запалохваючы і застрашваючы» сілавікоў, а таксама здзейсніў не менш за два кідкі нявызначанымі прадметамі ў бок спецтранспарту, у салоне якога былі байцы «Алмазу». Згодна з версіяй абвінавачання, такім чынам ён стварыў пагрозу ўжывання гвалту жыцця і здароўю спецназаўцаў.

Акцыя пратэсту на Партызанскім праспекце ў Менску.
Фота: АВ / belsat.eu / Vot Tak TV

Акрамя таго, паводле следства, Дзенісевіч разам з «іншымі неўстаноўленымі асобамі» закідваў бусы сілавікоў рознымі прадметамі: камянямі, кавалкамі асфальту, бутэлькамі. Нібыта такім чынам ён пашкодзіў шэсць аўтамабіляў Mercedes-Benz Sprinter, што пацягнула страты на суму 5728 рублёў (212 базавых велічыняў). Сярод пашкоджанняў бусаў: драпіны, сколы лакафарбавага пакрыцця, лабавога шкла.

Дзенісевіч на судзе віну прызнаў у поўным аб’ёме, аднак патлумачыў, што ён зрабіў два сімвалічныя кідкі ў бусы з сілавікамі, якія зʼязджалі, каб «прыцягнуць увагу і паказаць узровень свайго абурэння празмерным ужываннем гвалту ў дачыненні мірных пратэстоўцаў».

У выніку суддзя Дзмітрый Лукашэвіч асудзіў мужчыну да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запытвала памочніца пракурора Валерыя Таратынка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў