У Расеі заяўляюць, што каля Крыму абстралялі брытанскі эсмінец. У Лондане палічылі гэта вучэннямі

Брытанскі эсмінец «Defender». Фота: Royal Navy

Вайсковыя ведамствы Вялікай Брытаніі ды Расеі разышліся ў ацэнках здарэння ў Чорным моры 23 чэрвеня.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што брытанскі эсмінец «Defender» у 11:52 перасек дзяржаўную мяжу Расеі і ўвайшоў у тэрытарыяльнае мора ў раёне мыса Фіялент на 3 кіламетры. Гэта мыс на ўкраінскім паўвостраве Крым, які з 2014 года акупаваны Расеяй.

У расейскім ведамстве адзначылі, што брытанскі эсмінец атрымаў папярэджанне аб ужыванні зброі ў выпадку парушэння дзяржаўнай мяжы Расеі, але не адрэагаваў на яго. Тады памежны вартавы карабель выканаў папераджальны стрэл, а самалёт Су-24М выканаў папераджальнае бомбакіданне паводле курсу руху брытанскага карабля, піша ТАСС.

У 12:23 эсмінец пакінуў межы тэрытарыяльнага мора РФ, заявілі ў Міністэрстве абароны Расеі.

Стрэлаў па эсмінцы не было?

Між тым у Мінабароны Вялікай Брытаніі заявілі, што папераджальных стрэлаў па эсмінцы «Defender» не было. Там адзначылі, што карабель ВМС Вялікай Брытаніі здзяйсняў мірны праход праз тэрытарыяльныя вады Украіны ў адпаведнасці з міжнародным правам.

«Мы лічым, што расейцы праводзілі артылерыйскія вучэнні ў Чорным моры і загадзя папярэдзілі марскую супольнасць пра сваю дзейнасць», – паведамілі ў брытанскім ведамстве.

Не прызнаюць там і бомбакідання на шляху руху эсмінца.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны