У беларускіх гарадах абнавіліся рэкорды спёкі. Гарачыня пакуль не сыходзіць


Фота peakpx.com

З прычыны моцнай спёкі, праз якую ў краіне абвешчаны самы высокі – чырвоны ўзровень небяспекі, у шэрагу беларускіх гарадоў 22 чэрвеня абнавіліся тэмпературныя рэкорды.

Прыклады тэмпературных рэкордаў мінулага дня прыводзіць тэлеграм-канал @nadvorie.

Гэтак, у Горадні быў пабіты максімум 1975 года. Тады ў горадзе было 30,2 градуса, а сёлета – 31,2.

Яшчэ ў шэрагу гарадоў былі абноўленыя рэкорды 1964 года. У Віцебску ўчора было 32,8 градуса (57 гадоў таму – 31,4), у Горках – 33,1 (было 31,4), у Менску – 33,5 (31,6), у Баранавічах – 32,3 (32,2), у Бабруйску – 33,6 (32,2), у Пінску – 33,6 (30,9), у Васілевічах – 35,3 (32,9), у Гомлі – 35,0 (32,9).

Hавiны
Спёка ў Беларусі: абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі
2021.06.22 15:14

Што далей

Паводле Белгідрамету, 24 чэрвеня надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць вельмі цёплая няўстойлівая паветраная маса. Чакаецца пераменная воблачнасць. Месцамі па краіне, а на Гарадзеншчыне на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Удзень на захадзе краіны пры навальніцах месцамі чакаюцца моцныя дажджы, магчымы град. Вецер умераны, пры навальніцах парывісты, па захадзе ў асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу +17..+23°С, удзень +29..+34°С. На большай частцы Гомельшчыны і Магілёўшчыны, а на астатняй тэрыторыі месцамі паветра прагрэецца да +35..+36°С.

25 чэрвеня захаваецца гарачае надворʼе і пераменная воблачнасць. Ноччу пераважна без ападкаў; раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы, магчымы град. Вецер умераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу +18..+23°С, удзень +28..+34°С, месцамі, а па паўднёвым усходзе ў многіх раёнах паветра прагрэецца да +35..+36°С.

26 чэрвеня будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі прагрымяць навальніцы, днём магчымы град. Вецер умераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу +16..+23°С, днём +23..+29°С, па ўсходзе краіны яна складзе +30..+32°С.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў