«Справа Ціханоўскага – Статкевіча – Лосіка»: што вядома пра фігурантаў? Як яны звязаныя?


Суд над шасцю актывістамі і блогерамі пачнецца 24 чэрвеня. Фігуранты звязаныя між сабой ускосна – чаму ўсё аб’ядналі ў адну справу, мы можам і не даведацца: суд закрыты і праходзіць у следчым ізалятары.

«Белсат» згадвае, што вядома пра кожнага з фігурантаў. Усіх яднае абвінавачанне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», хоць на момант іхнага затрымання адбываліся выключна мірныя пікеты дзеля збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

Сяргей Ціханоўскі збірае подпісы ў Баранавічах, Беларусь. 27 траўня 2020 года.
Фота: Белсат

Сяргей Ціханоўскі (42 гады) – аўтар Youtube-каналу «Краіна для жыцця» пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі.

Гісторыі
«Роля ягоная была аграмаднаю». Год таму затрымалі Сяргея Ціханоўскага
2021.05.29 09:00

Быў затрыманы 29 траўня ў Горадні ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага. Пасля той правакацыі распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак цяпер за гэта не збіраюцца судзіць нікога з тых, суд над кім прызначылі на 24 чэрвеня. Сяргею Ціханоўскаму выстаўленае абвінавачанне паводле адразу чатырох крымінальных артыкулаў: «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК РБ), «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў» (ч. 2 арт. 191 КК РБ) і «Распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ).

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 21:10

Арцём Сакаў (26 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Краіна для жыцця». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. Крымінальныя артыкулы – тыя самыя, што ў Ціханоўскага.

Hавiны
Генпракуратура заявіла, што Ціханоўскі запланаваў масавыя пратэсты яшчэ два гады таму
2021.05.05 12:09

Мікола Статкевіч (64 гады) – лідар незарэгістраванай «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 па 2015 год за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Яму выставілі адзін крымінальны артыкул: «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 293 КК РБ).

Плакат з партрэтамі Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча на спатканні Святланы Ціханоўскай з беларускаю дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць, не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Краіны для жыцця», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Ды спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвіначанне ў «групавых дзеяннях». Цяпер у яго такі самы набор крымінальных артыкулаў, што ў Ціханоўскага.

Hавiны
Пяць грамадзянаў Расеі, якіх трымаюць у няволі ў Беларусі праз палітычныя справы
2021.06.01 14:17

Уладзімір Цыгановіч (40 гадоў) – прадпрымальнік, блогер і аўтар Youtube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». Цяпер яго вінавацяць таксама і ў «масавых беспарадках».

Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня дома ў Баранавічах. Спачатку яго абвінавацілі ў «групавых дзеяннях», а цяпер, як і Цыгановіча, і ў «масавых беспарадках».

Спадарыня Наталля, маці Ігара Лосіка, паказвае фота сына і Дашы. Баранавічы, Беларусь. 15 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат
Артыкулы
Дар’я Лосік: Калі суд будзе адкрытым, стане відавочным, што ніякай «справы Ціханоўскага» ўвогуле няма
2021.06.15 12:21

Пасля правакацыі супраць Ціханоўскага ў траўні і на пачатку чэрвеня 2020 года затрымалі агулам 10 чалавек.

Аднак Яўген Разнічэнка, Зміцер Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Уладзімір Кніга з невядомай прычыны не праходзяць у той жа справе, што Ціханоўскі і Сакаў, якія таксама трапілі за краты праз тую правакацыю. Разнічэнку, Фурманава і Кнігу ўжо асобна асудзілі 2 чэрвеня – прысудзілі адпаведна два, тры і чатыры гады калоніі. Арановіча 27 красавіка асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Калмыкова адпусцілі з СІЗА 5 чэрвеня, але пакінулі ў статусе абвінавачанага. Баброўскі і Навумік былі вызваленыя пад падпіскі аб нявыездзе 9 ліпеня 2020 года, Ушак – 30 ліпеня 2020-га.

Сама правакатарка Алена Кузьміна не была затрыманая, а пазней заявіла, што арганізатарам правакацыі нібыта была расейская ФСБ.

Hавiны
Як і прасіў пракурор. Затрыманым у Горадні паплечнікам Ціханоўскага вынеслі прысуды
2021.06.02 16:25

АА belsat.eu

Стужка навінаў