«Не даюць бізнесоўцам пераканаць сябе, што ўсё будзе добра». Эксперты пра справы «21vek.by» і «Юркас»


Сілавікі 22 чэрвеня прыйшлі з ператрусамі ў офіс буйной інтэрнэт-крамы «21vek.by» і вытворцы дзвярэй «Юркас». Афіцыйнай інфармацыі за больш як 24 гадзіны не з’явілася – толькі чуткі аб тым, што да першых прыходзіў КДБ, а не ДФР, і што затрымалі заснавальнікаў кампаніяў. Больш за тыдзень невядома, што з уладальнікам берасцейскай швейнай кампаніі «Nelva», пра якога хадзілі чуткі аб затрыманні.

Пункт самавывазу онлайн-крамы «21vek.by» у Маладэчне.
Фота: 21vek.by

«Белсат» спытаў эканаміста і эканамічнага аналітыка, як на гэта адрэагуе бізнес.

Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа «Белсату», што цяжка каментаваць справы, пра якія нічога не вядома, але ў Беларусі кожны камерцыйны аб’ект можа стаць аб’ектам праверак, пры якіх не зразумела, ці тое праз нясплату падаткаў, ці гэта рэйдарскі захоп, ці перападзел рынку.

Яраслаў Раманчук у студыі «Белсату», 2019 год.
Фота: belsat.eu

Раманчук згадвае, што тыя, хто праз гэта прайшоў, не раскрываюць дэталяў – як затрыманы ў лютым і вызвалены два тыдні таму ўласнік крамаў «Green» Генадзь Кірэйкаў (хадзілі толькі чуткі, што з яго патрабавалі выкуп). Такія, кажа Раманчук, «правілы гульні», бо за публічнасць могуць адпомсціць.

«У Беларусі ануляванае права, «иногда не до законов». Сітуацыя з гэтымі прадпрыемствамі такая: калі дом гарыць, можа, кагосьці на полі яшчэ змяя ўкусіць. І што? Здараецца. Тэрыторыя павышаных інвестыцыйных рызыкаў. Тут ніхто не мае імунітэту», – заяўляе Раманчук.

Ён перакананы, што няма падставаў чакаць, што падобныя справы спыняцца, бо яны трываюць ужо 20–25 гадоў, і цяпер «усё па паняццях», а сілавікі маюць карт-бланш.

«Недатыкальных больш няма»

Ці стане горшым інвестыцыйны клімат і бізнес-асяроддзе Беларусі, ці горш ім ужо не зрабіць?

Леў Львоўскі.
Фота: beroc.by

«Дна, як кажуць у народзе, няма, – кажа «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі. – Заўсёды ёсць куды апусціцца яшчэ ніжэй. Калі, умоўна, са справаю TUT.by ці Symbal.by нейкія бізнесоўцы яшчэ маглі сабе неяк палтумачыць, што гэта палітычныя справы, а самі яны могуць працягваць працаваць, бо гэта іх не закране, то цяпер паступова ад гэтых ілюзіяў даводзіцца пазбаўляцца.

Мы бачым, што цяпер прыходзяць і да палітычна нейтральных, як той жа TUT.by, які заўсёды вылучаўся сваім прафесіяналізмам у працы, так і да зусім апалітычных кампаніяў, як [сетка крамаў] «Green», як «21vek». Цяпер недатыкальных больш няма. Калі вы ведзяце бізнес у Беларусі, асабліва калі буйны, то заўсёды захоўваецца магчымасць, што па вас прыйдуць».

Львоўскі не ведае, з якіх прычынаў прыйшлі з ператрусамі да «21vek» і «Юркас». Гэтага не ведае і бізнес-супольнасць. Ён адзначае, што гэта выглядае як вяртанне да практыкі арыштаў кіраўнікоў кампаніяў, пасля якіх адбываюцца «некаторыя транзакцыі на мільёны долараў». Эксперт адчувае неспакой бізнесоўцаў:

«Тут трэба разумець, што бізнесоўцы – такія людзі, якія заўсёды вераць у лепшае, заўсёды шукаюць пазітыўныя сігналы. Проста такі тып людзей. Але бягучыя дзеянні сілавікоў не даюць бізнесоўцам магчымасці пераканаць сябе, што ўсё будзе добра, што іх пранясе».

АА belsat.eu

Стужка навінаў