Машына пратараніла плот амбасады Латвіі ў Менску. Рыга патрабуе расследавання


Грузавая машына 23 чэрвеня ўрэзалася ў цагляны плот амбасады Латвіі ў Менску. Пра гэта паведамляе ў Twitter міністр замежных справаў гэтай краіны Эдгар Рынкевіч.

У выніку сутыкнення была разбураная частка сцяны амбасады.

«Мы чакаем ад уладаў Менску расследавання гэтага інцыдэнту, забеспячэння бяспекі і аховы амбасады ў поўнай адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам», – заявіў кіраўнік МЗС Латвіі.

Афіцыйная версія

У ДАІ Менску паведамілі, што каля 18:00 кіроўца грузавога эвакуатара «Mercedes», рамантуючы аўтамабіль у двары дому №8 па вуліцы Якуба Коласа, «не забяспечыў захады, якія выключаюць самаадвольны адкат, у выніку чаго транспартны сродак пакаціўся і здзейсніў наезд на цагляны плот».

У дачыненні да кіроўцы склалі адміністрацыйныя матэрыялы паводле ч. 1 арт. 18.14 і ч. 5 арт. 18.18 КаАП.

Амбасада без дыпламатаў

Латвійская амбасада знаходзіцца ў цэнтры Менску, у раёне плошчы Якуба Коласа.

Пасля таго, як на чэмпіянаце свету ў сталіцы Латвіі мэр Рыгі і міністр замежных справаў Латвіі 24 траўня знялі чырвона-зялёны сцяг і паднялі бел-чырвона-белы, дзейныя ўлады Беларусі абвясцілі аб высылцы амбасадара Латвіі цягам 24 гадзінаў і астатняга персаналу амбасады. Латвія ў адказ вырашыла выслаць амбасадара Беларусі і ўсіх беларускіх дыпламатаў.

Таксама каля амбасады неаднаразова праходзілі акцыі прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку на чале з дэпутатам Алегам Гайдукевічам.

Hавiны
Мэр Рыгі замяніў чырвона-зялёны сцяг на БЧБ – і панеслася. Рэакцыі Беларусі, Латвіі і Міжнароднай федэрацыі хакею
2021.05.25 16:36

МГ belsat.eu

Стужка навінаў