«Я б табе чэрап праламаў». У Лагойску міліцыя схапіла жанчыну з сабакам, якая зняла наезд начальніка ІЧУ на пенсіянерку


16 чэрвеня жыхарка Лагойску Аксана Бароўская выгульвала сабаку каля адзінага ў горадзе «Еўраопту» і зняла на відэа, як аўтамабіль збіў пенсіянерку. Аднак у пастарунку аказалася яна сама. На вачах у натоўпу, які сабраўся на месцы аварыі, яе з ужываннем сілы схапіў намеснік начальніка Лагойскага РАУС. Жанчыну разам з сабакам адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе выдалілі ўсе відэадоказы здарэння і вынялі тэлефон.

Жанчыну збілі 16 чэрвеня ў Лагойску.
Фота: Инцидент Минск/ВКонтакте

Момант ДТЗ Аксана Бароўская запісала выпадкова, бо рабіла гісторыю для свайго Instagram насупраць адзінага ў Лагойску «Еўраопту». Жанчына пераходзіла дарогу не праз пешаходны пераход. Гэта даволі небяспечны ўчастак, людзі там часта перабягаюць, адзначае Аксана. Тады яна не ўяўляла, хто здзейсніў наезд, хоць кіроўца не з’ехаў з месца аварыі. На месца здарэння прыбыла хуткая дапамога, сабраліся людзі.

Пазней у горадзе разышлася інфармацыя, што пенсіянерку збіў начальнік Лагойскага ІЧУ Віктар Белы. Жанчына сцвярджае, што за некалькі тыдняў у Лагойску гэта ўжо другі выпадак ДТЗ з удзелам міліцыянтаў:

«Тыдзень да гэтага інцыдэнту, 8 чэрвеня, міліцыянер збіў пенсіянера. Фамілію міліцыянта не распаўсюджвалі, што з пенсіянерам – таксама невядома («Белсату» не ўдалося спраўдзіць інфармацыю. – Рэд). А 16 чэрвеня я запісала на відэа, як жанчына ляжала на дарозе. Аўта яшчэ не ад’ехала. Невядома, якая хуткасць была, – дазволеная альбо не. Сам удар не зняла, але зняла ўсё, што было пазней. Думала, што калі нешта здарыцца з жанчынай, то будзе доказ».

Знянацку да яе падышлі начальнік Лагойскага РАУС Сяргей Лосіч і ягоны намеснік Ілля Венскі ў цывільным. Аксана адзначае, што здымаў на тэлефон шмат хто, але зацікавіліся толькі ёй.

«Спыталі, што здымаю. У грубай форме загадалі выдаляць відэа. Без тлумачэння мне заломвае руку Венскі і пачынае вырываць тэлефон. Мяне зацягнулі ў аўтамабіль з сабакам. Я плакала, казала, каб не выкручвалі руку. Забралі тэлефон. У РАУС выдалілі ўсе відэа, залезлі ў асабістыя паведамленні ў Telegram, Instagram».

Жанчыну збілі 16 чэрвеня ў Лагойску.
Фота: Инцидент Минск/ВКонтакте

Адваката да Аксаны Бароўскай не пусцілі. Жанчыну апыталі ў якасці сведкі і адпусцілі, але тэлефон вынялі як «рэчавы доказ». Доказ чаго – не патлумачылі, і калі яго вернуць – невядома. Тэлефон міліцыянты забіраюць у жанчыны другі раз, бо за сваю грамадзянскую пазіцыю яна ўжо адбывала содні і плаціла штрафы. Цяпер Аксана карыстаецца мабільным 4-гадовага сяброўчынага сына.

«На першы раз тэлефона чакала чатыры месяцы. Я цяпер спытала, за што забралі? Мне сказалі: каб жыццё малінай не здавалася. У тым тэлефоне засталося ўсё маё жыццё, кантакты, праца. Адзін з іх сказаў, што ўвогуле калі б мог, праламаў бы мне чэрап. Яны таму мяне і забралі, бо я б не стала маўчаць».

Аксана кажа, што спадзявалася дапамагчы запісамі відэа разабрацца ў здарэнні, але ў міліцыі відавочна хацелі наадварот – знішчыць доказы.

«Я ездзіла ў міліцыю на наступны дзень, каб патлумачыць, што тэлефон, які яны ў мяне забралі, для мяне вельмі важны. Мая праца магла сарвацца, я не магла з нікім скантактавацца. Але мне толькі смяяліся ў твар. Дзяжурны аддзялення кпіў, чаму я ў Польшчы не засталася. Мяне выкінулі з аддзялення міліцыі, як сабаку, не патлумачыўшы, што рабіць далей, ніякіх дакументаў не далі».

Жанчына ляжыць на дарозе ў Лагойску. Побач начальнік лагойскага ІЧУ Віктар Белы. Пенсіянерка пераходзіла праезную частку па-за пешаходным пераходам.
Фота: torba.news

Пасля тузаніны Аксане так балела рука, што яна не магла ёй паварушыць. Пра жорсткае затрыманне кабеты нам распавёў адзін са сведкаў здарэння Андрэй (імя змененае на просьбу мужчыны дзеля бяспекі).

Моманту ДТЗ ён не бачыў, але таксама чуў, што на пенсіянерку наехаў начальнік ІЧУ:

«Я прыехаў пазней і проста стаяў глядзеў. Начальнік ІЧУ Белы быў там каля аўтамабіля. Знянацку пачуў крыкі і ўбачыў як начальнік РАУС Лосіч і ягоны намеснік Венскі хапаюць за рукі і цягнуць дзяўчыну. Яна пыталася: што вы робіце, за што? Яе пасадзілі ў чорны «Джылі Атлас» і забралі ў РАУС».

Андрэй дадае, што таксама чуў, што да ДТЗ 8 чэрвеня меў дачыненне міліцыянт:

«Паводле чутак, яго звольнілі папярэдняй датаю. Здарэнне адбылося ў зоне пешаходнага пераходу. А 16 чэрвеня збілі жанчыну па-за пешаходным пераходам».

Аксану Бароўскую забіраюць у РАУС. Фота відавочцы здарэння

На момант публікацыі артыкулу «Белсат» не атрымаў афіцыйнага каментара ад прэс-службы менскай ДАІ.

Шэсьць кілаграмаў скаргаў

Аксана Бароўская не першы раз трапляе пад рэпрэсіі сілавікоў. З пачатку падзеяў мінулага жніўня ёй давалі штрафы, садзілі на содні, ставілі на ўлік гэтак званага сацыяльна небяспечнага становішча, пагражалі забраць дзіця і нават распачыналі крымінальную справу. За гэты час у жанчыны назбіралася «шэсць кілаграмаў позваў і скаргаў».

«Мы лічылі! На шчасце, усе штрафы сплачаныя, а содні адседжаныя. Штрафаў заплаціла каля 2000 рублёў, а на паслугі адваката выдала больш як 2500. У мяне больш няма фінансавай і фізічнай магчымасці з гэтым змагацца, зноў трэба набываць новы тэлефон».

Аксана кажа, што за ёй і ейнай дачкой пільна сочаць. Гэтак, патрульнае аўта дзяжурыла пад вокнамі, калі ў тэлеграм-каналах анансавалі акцыі пратэсту, а часам нават ідуць за ёю да фітнес-центру, дзе тая займаецца.

«Кантралююць кожны крок. Выклікалі на гутаркі, кшталту, вашая дачка вучыцца ў дзяржаўнай установе, а вы псуяце ёй будучыню. За дачкой назіраюць, каб у «правільных» колерах прыходзіла на заняткі».

Hавiны
Жыхарка Лагойску выйграла суд супраць намесніка раённага ідэолага. Падчас працэсу жанчына была ў ІЧУ
2020.12.18 18:59

Без доступу да асабістага тэлефона практычна заблакаваная праца Аксаны. Раней жанчына працавала метадысткай у Доме дзіцячай творчасці, але звольнілася, бо адмаўлялася ладзіць праўладныя мітынгі. Апошнія пяць гадоў вяла свой невялікі бізнес, дзіцячае аніматарскае агенцтва, якое на пачатку мінулай восені мусіла закрыць пасля перашкодаў з боку ўладаў.

Таксама жанчына вядзе вяселлі, карпаратывы, ладзіць дні народзінаў. Праз сваю грамадзянскую пазіцыю яна згубіла амаль усіх колішніх кліентаў і тры месяцы сядзела без працы. А сёлета яшчэ даведалася, што ў школах няголасна забаранілі з ёй супрацоўнічаць падчас выпускных.

«Раней я вяла імпрэзы практычна ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацыяў ад лясгасу, райвыканкаму да «Белдзяржстраху». У мяне былі дэмакратычныя цэны, і кожны мог дазволіць сабе свята – інтэлігентнае і вясёлае. Мяне ўгаворвалі не лезці ў «праплачаныя гульні». Але ў мяне ўласная пазіцыя. І тады ўсе адмовіліся. Ад верасня да лістапада працы не было ўвогуле. Робяць усё, каб я засталася без сродкаў да існавання. Цяпер да мяне звяртаюцца неабыякавыя, салідарныя людзі. Адзінае, што мяне ратуе».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў