Анджэй Пачобут стаў суаўтарам новага слоўніка аб польскай інтэлігенцыі ў СССР


Лёс прадстаўнікоў польскай эліты – святароў, настаўнікаў і навукоўцаў, якія засталіся ў СССР пасля 1945 года, – прадстаўлены ў новым выданні польскага Інстытуту нацыянальнай памяці пад назвай «Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991» («Засталіся на Усходзе». Слоўнік польскай інтэлігенцыі ў СССР 1945–1991»). Сярод аўтараў – беларускі палітвязень Анджэй Пачобут.

Кніга змяшчае больш як 80 біяграфіяў польскіх дзеячаў былога СССР – ад Горадні да Казахстану. Восем з іх напісаў Анджэй Пачобут – журналіст і актывіст Саюзу палякаў у Беларусі, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА нібы за «распальванне нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыю» нацызму.

«Анджэй Пачобут, Анджэліка Борыс і іншыя палякі, якія цяпер застаюцца ў турмах у Беларусі, паказваюць (…), як цяжка быць палякам на Усходзе», – падкрэсліў кіраўнік Нацыянальнага ўпраўлення адукацыі Інстытуту нацыянальнай памяці Адам Глебовіч.

Ён нагадаў, што «Анджэй Пачобут, іншыя людзі, атрымалі ад рэжыму Лукашэнкі прапанову з’ехаць з Беларусі з Польшчу – яны не пагадзіліся, бо гэта іхная зямля, бо гэта іхнае права на спадчыну, на мінулае гэтых зямель».

«Мы не ведаем, як складзецца лёс палякаў, таму гэтая кніга – таксама даніна іхнай працы, іхным намаганням», – дадаў Глебовіч.

Слоўнік змяшчае біяграфіі святароў, настаўнікаў, навукоўцаў і іншых прадстаўнікоў польскай эліты, якія засталіся ў СССР пасля 1945 года.

«Хтосьці не хацеў, а хтосьці не мог асесці ў паваеннай Польшчы. Яны ўзялі на сябе місію процідзеяння саветызацыі, выратавання мовы, культуры і захавання веры. Яны не імкнуліся да ўшанавання, не разлічвалі на ордэны або прызнанне. Як жаўнеры на страчаных плацдармах, яны выконвалі свой абавязак, не звяртаючы ўвагі на яго драматычныя наступствы – савецкія турмы і працоўныя лагеры, рэпрэсіі», – гаворыцца ў апісанні кнігі.

Фотарэпартаж
Горадня: 110 год без Элізы Ажэшкі
2020.05.18 15:06

pj/ МГ belsat.eu

Стужка навінаў