Амбасадарка ЗША: Не думаю, што Злучаныя Штаты зменшаць ціск нават пасля вызвалення ўсіх палітвязняў


Нягледзячы на магчымае вызваленне часткі ці нават усіх палітвязняў, Злучаныя Штаты Амерыкі наўрад ці зменшаць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ў эфіры «Аб’ектыву» на тэлеканале «Белсат» заявіла амбасадарка ЗША Джулі Фішэр.

Адказваючы на пытанне вядоўцы, як Вашынгтон будзе паводзіць сябе ў выпадку вызвалення палітвязняў, кіраўніца дыпламатычнай місіі ЗША заявіла:

«Я думаю, што з нашага боку, Злучаных Штатаў, мы вельмі ясна выказалі чаканні ад рэжыму. Мы чакаем вызвалення ўсіх палітвязняў. Іх лік, на жаль, нязменна расце кожны дзень. Такім чынам, мы рухаемся ў няправільным кірунку. Мы бачым, што рэжым рухаецца ў няправільным кірунку, калі гаворка ідзе пра палітвязняў. Мы вельмі выразна заклікалі рэжым весці разумны ды інклюзіўны нацыянальны дыялог, які прывядзе да новых выбараў, якія могуць быць праведзеныя пад міжнароднай эгідай. Гэта неабходныя крокі. І мы вельмі дакладна заявілі пра нашы чаканні ды нашую пазіцыю».

Падкрэсліўшы важнасць вызвалення кожнага палітвязня, Джулі Фішэр адзначыла:

«Я не думаю, што Злучаныя Штаты зменшаць ціск. Я дакладна не чакаю, што будуць нейкія такія дзеянні да моманту вызвалення ўсіх палітычных вязняў, да ўдзелу ў сапраўды ўсебаковым дыялогу і пачатку руху да новых выбараў».

Цалкам інтэрв’ю выйдзе ў нядзелю 27 чэрвеня ў праграме «Тыдзень». Там сярод іншага будзе абмяркоўвацца беларускае пытанне на сустрэчы Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна, а таксама пашырэнне фінансавай дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў