Алексін, трапіўшы пад санкцыі ЕЗ, прадаў свае банкі і перадумаў будаваць тытунёвую фабрыку


Аляксей Алексін. Скрыншот з відэа president.gov.by

Беларускі «тытунёвы магнат» Аляксей Алексін, які на гэтым тыдні трапіў пад санкцыі Еўразвязу, пазбаўляецца ад сваіх актываў.

Як паведамляе Onliner, кампаніі «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз», якімі да нядаўняга часу валодаў бізнесовец Аляксей Алексін, а пасля з’яўлення пагрозы санкцыяў – ягоныя жонка і дзеці, прадалі 100 % акцыяў кампаніі «MTB INVESTMENTS HOLDINGS LIMITED», што валодае 99 % акцыямі «МТБанку». Пакупнік – «Stoneva Limited» бізнесоўца Рамэа Абдо, якому належаць гандлёва-забаўляльны цэнтр «Galileo», бізнес-цэнтры «Rubin Plaza» і «Silver Tower».

Hавiны
Алігарх Алексін купляе «Ідэя Банк»
2021.02.28 09:18

«Еўрарадыё» дадае, што разам з «МТБанкам» Абдо набыў і «Ідэя Банк», які нядаўна купіў Алексін.

Таксама кампаніі Алексіна адмянілі тэндар на пошук генеральнага падрадчыка для новай фабрыкі тытуню. Заяўку на амаль Br 40 млн апублікавалі 22 чэрвеня і ў той жа вечар адмянілі «праз змену праектнай дакументацыі».

Хто такі Алексін

Hавiны
Еўразвяз зацвердзіў новы пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі. Хто ў спісе?
2021.06.21 12:25

Аляксей Алексін лічыцца адным з найбольш набліжаных да сям’і Лукашэнкі алігархаў. Разам з Віктарам Лукашэнкам бізнесовец з’яўляецца на байкерскіх злётах, разам яны ляталі на прыватным самалёце ў ААЭ. Алексін пачынаў кар’еру на дзяржаўнай службе, працаваў у кампаніі «Белзнешгандальінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Сёння бізнес Алексіна мае прывілеяваны статус у Беларусі. Гэтак, за апошнія гады ён атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сферы гандлю тытунём. У снежні 2017 года Лукашэнка дазволіў кампаніі алігарха «Энерга-Оіл» стварыць адзіную тавараправодную сетку ў тытунёвай сферы. Менавіта ў межах рэалізацыі гэтага праекту ў Беларусі з’явіліся кіёскі «Табакеркі» (агулам планавалася стварыць да 2,5 тыс. аб’ектаў).

Дзеля тытунёвай вытворчасці Алексіна ўлады нават змянялі адміністрацыйныя межы Менску. З жніўня 2018 года «Энерга-Оіл» стала эксклюзіўным дыстрыб’ютарам прадукцыі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Алігарху таксама дазволілі імпартаваць цыгарэты «L&M», «Parliament», «Marlboro», хоць раней такое права мела толькі прадпрыемства «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Акрамя таго, Алексін разам з Зайцавым і Вараб’ём – суўладальнік кампаніі «Брэміна Груп», якая займаецца развіццём прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша». Праз непразрыстасць праекту і розныя прывілеі, атрыманыя ад дзяржавы, медыі называюць гэты комплекс «аршанскім афшорам».

Hавiны
Хто з набліжаных да ўлады бізнесоўцаў можа трапіць пад санкцыі ЕЗ і што пра іх вядома
2021.06.21 07:00

Паводле медыяў, Алексін можа быць звязаны з шэрагам незаконных бізнес-схемаў – у прыватнасці, з кантрабандаю цыгарэтаў. У Літве Алексін кантраляваў некалькіх фірмаў, якія, як высветліла супольнае журналісцкае расследаванне «Белсату», Siena.lt і OCCRP, мелі яўныя прыкметы адмывання грошай. Напрыклад, у свой час у Вільні Алексін заснаваў кампанію ў паўразбураным будынку, а затым купіў праз яе кватэру, у якой зарэгістраваў яшчэ дзве фірмы. Кампаніі, якія нават не мелі супрацоўнікаў, менш чым за два гады правялі праз свае рахункі € 46 млн.

Чакалася, што Алексін трапіць пад санкцыі яшчэ ў канцы 2020 года, але ў апошні момант ён быў выкраслены са спісу – паводле неафіцыйнай інфармацыі, на гэтым настаяла Латвія, дзе алігарх вядзе бізнес. Аднак Алексін усё роўна падрыхтаваўся да еўрапейскіх санкцыяў і ў студзені 2021 года перапісаў свае ключавыя актывы («Энерга-Оіл» і «Белтрансгаз») на сыноў – Віталя і Дзмітрыя.

21 чэрвеня Аляксей Алексін усё ж трапіў у санкцыйныя спісы Еўразвязу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў