Юрысты пішуць законапраекты для новай Беларусі. Першы з іх атрымаў імя Вітольда Ашурка


Да змены ўлады ў Беларусі грамадзянская супольнасць павінна быць гатовая. Для эфектыўнага пераходу ад старой сістэмы да новай неабходна мець законапраекты, якія можна будзе прыняць за даволі кароткі тэрмін. Над імі ўжо цяпер працуе каманда юрыстаў.

Уголовный кодекс и Конституция Республики Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Белсат» пагаварыў з адным з распрацоўнікаў законапраекту – Раманам Кісляком, знаным у Беларусі праваабаронцам. Паводле яго, важна, каб да моманту, калі краіна зробіцца вольнаю, было разуменне, як жыць далей, а законапраекты, што гэта рэгламентуюць, ужо былі падрыхтаваныя.

Законапраект імя Вітольда Ашурка – гэта праца на будучыню

«Група беларускіх юрыстаў распрацавала праект закону, які назвала ў гонар Вітольда Ашурка. Гэты праект – аб правах вязняў і гарантыях іх забеспячэння, абароны, а таксама пра тое, што рабіць у выпадку смерці зняволеных. На жаль, у Беларусі тысячы людзей затрыманыя, арыштаваныя, утрымліваюцца пад вартай, і ёсць маса інфармацыі пра тое, у якіх умовах іх утрымліваюць. Безумоўна, гэта недапушчальна. Мы лічым, што такія рэчы трэба выпраўляць, павінны быць зробленыя высновы на будучыню, створаныя такія рамкі, якія не дазволяць уладам парушаць правоў чалавека», – кажа Раман Кісляк.

Юрыст адзначае, што група аўтараў не спадзяецца, што сённяшнія ўлады Беларусі раптам возьмуць і прымуць такі законапраект, гэта праца на будучыню:

«Няма ніякіх ілюзіяў, але калі нашая краіна станецца свабоднаю, можна будзе праз новы парламент правесці такі законапраект. Самае важнае ў гэтым, каб ужо сёння грамадзянская супольнасць пачала абмяркоўваць, як трэба развязваць і перадухіляць такія праблемы ў новай Беларусі. У гэтым мы бачым асноўную задачу: каб беларусы, якія падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці, ведалі і былі гатовы прыняць за самыя кароткія тэрміны ўсе неабходныя законы. І гэта адбудзецца пасля вызвалення Беларусі ад дыктатуры».

Інтэрв’ю
«Хто б мог падумаць, што звычайны хлопец стане легендай». Сёння – гадавіна смерці Вітольда Ашурка
2022.05.21 15:25

Смерць Ашурка па-сапраўднаму так і не расследавалі

Андрэй Ашурак, брат загінулага палітвязня Вітольда Ашурка, прымае ўдзел у імшы ў касцёле Святога Аляксандра. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

Паводле праваабаронцы, ідэя законапраекту з’явілася ў дзень пахавання Вітольда. Ён, як і Раман Кісляк, быў сябрам руху «За свабоду»:

«Было шмат сведчанняў, як ставяцца да палітычных вязняў, іншых зняволеных ды арыштаваных. І самае страшнае – што здарылася з Вітольдам Ашуркам. Да гэтага часу ягоную смерць не расследавалі належным чынам. Улады, наадварот, усяляк імкнуліся перашкаджаць і хаваць тое, што адбылося. На пахаванні з сябрамі і калегамі Вітольда мы абмяркоўвалі магчымасць такога законапраекту. Першы праект быў гатовы ўжо праз месяц, але цалкам ён быў гатовы амаль праз год».

Падчас працы юрысты бралі досвед былых постсавецкіх краінаў.

Раман Кісляк адзначае, што наперадзе каманду юрыстаў чакае шмат працы, і коратка распавядае пра асноўныя напрамкі дзейнасці:

«Цяпер мы працуе над двума пакетамі законапраектаў: першы – імянныя законапраекты, другі будзе пра тое, як грамадзянам новай Беларусі браць удзел у прыняцці рашэнняў у краіне і справах дзяржавы. Гэта вельмі важныя правы, якія цяпер у нас забралі. Больш за год мы працуем над дакументам пра суд прысяжных, законам аб грамадскіх абмеркаваннях, важна замацаваць гарантыі ініцыявання грамадзянамі рэферэндумаў – як мясцовых, так і рэспубліканскіх. Сёння мы ўсяго гэтага пазбаўленыя, і ад беларусаў мала што залежыць у нашай краіне. Я лічу, што ў 2020 годзе беларусы паказалі, што яны вартыя прымаць рашэнні ў сваёй краіне. Шмат якія моманты павінны вырашаць суды прысяжных, а не суддзі, якія прызначаюцца і падпарадкаваныя Лукашэнку.

Праваабаронца Раман Кісляк.
Фота: Белсат

Пры рыхтаванні праектаў закону даследаваўся досвед постсавецкіх краінаў. І нам будзе важна не дапусціць такіх памылак, каб не траціць часу.

Нашая каманда юрыстаў назірае, якія змены адбываліся ў іншых постсавецкіх краінах, у той жа Украіне і Грузіі. Відавочна, шмат якія вельмі важныя рэформы прабуксавалі, яны дасюль не зрэалізаваныя. Напрыклад, у Грузіі грамадзяне кажуць, што судовая рэформа была неабходная, але яна ў поўнай меры не была праведзеная. Вядома, змена ўлады можа заняць нават гады, але мы павінны быць гатовыя, што гэта адбудзецца ў любы момант».

Праект дакументу юрысты адправілі беларускім дэмакратычным сілам, Офісу Святланы Ціханоўскай і НАУ.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў