Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 23 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія танкі.
Фота: AFP

Упраўленне вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справах уцекачоў паведаміла, што Упершыню ў сусветнай гісторыі колькасць уцекачоў дасягнула 100 мільёнаў асобаў. Сярод прычынаў – ваенныя канфлікты ва Украіне ды іншых краінах. Пры гэтым праз вайну ўнутры самой Украіны былі вымушаныя перасяліцца 8 мільёнаў грамадзянаў. Акрамя таго, зарэгістравана больш за 6 мільёнаў уцекачоў, якія пакінулі Украіну.

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 29200 чалавек забітымі. Пры гэтым за апошнія содні на Данецкім і Луганскім напрамках былі адбітыя адзінаццаць атак расейцаў. Разам з тым гучаць паведамленні пра спробу штурму расейскімі войскамі мястэчка Ліман (Данецкая вобласць). Паводле некаторых звестак, у расейцы занялі паўночныя ўскраіны гораду. Аднак афіцыйнай інфармацыі пра гэта ад украінскага ці расейскага бакоў пакуль няма.

Разбітая расейская тэхніка ва Украіне.
Фота: Генштаб ЗСУ

Выданне «The Washington Post» заявіла, што наступ арміі РФ ва Украіне «захлынаецца», а ваенная кампанія зайшла ў тупік. Паводле крыніцы, гэта стала відавочна праз тры месяцы поўнамаштабнага ўварвання і пасля страты ўжо амаль 30 тысяч расейскіх жаўнераў. Цяпер войскі РФ разбіваюць баявыя часткі на больш дробныя фармаванні, што кажа аб падрыхтоўцы да лакальных сутыкненняў.

Пры гэтым у адміністрацыі Адэскай вобласці заявілі, што ў акваторыю Чорнага мора ўвайшоў расейскі крэйсер «Адмірал Макараў». Паводле спікера адміністрацыі Сяргея Братчука, Расея імкнецца замацавацца на востраве Змяіны, сцягваючы туды сродкі СПА.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дазволіў канфіскоўваць актывы грамадзянаў, якія падтрымалі агрэсію ва Украіне. Плануецца, што закон дазволіць «хутка і эфектыўна папаўняць украінскі бюджэт за кошт ворагаў».

Труп мясцовага жыхара пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе ў 20 кіламетрах пад Кіевам, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

23 траўня ў Кіеве расейскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах, пакаралі пажыццёвым зняволеннем. Па дадзеных следства, 21-гадовы кантрактнік танкавага падраздзялення застрэліў 62-гадовага мірнага жыхара на паўночным усходзе Украіны. Расеец прызнаў сваю віну і заявіў, што не хацеў забіваць грамадзянскага, але стрэліў, каб «ад яго адвязаліся».

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў паведаміў, што на Уладзіміра Пуціна быў здзейснены замах. Паводле прадстаўніка выведкі, верагодна, было 2 спробы забіць Пуціна. Аднак інфармацыю ў Маскве вырашылі не агалошваць.

Расейскі дарадца пры офісе ААН у Жэневе Барыс Бондараў падаў у адстаўку. Пра гэта паведаміў праваабаронца Гілель Ноер і далучыў да свайго паста ў Twitter заяву Бондарава на англійскай мове. Сваё рашэнне Бондараў патлумачыў сорамам за расейскае ўварванне ва Украіну.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Разам з тым заснавальнік незалежнага праекту, скіраванага супраць карупцыі і катаванняў у Расеі gulagu.net, Уладзімір Асечкін заявіў, што каля 30 расейскіх афіцэраў просяць прытулку ў ЕЗ. Таксама ён сцвярджае, што кожны дзень адбываюцца размовы і кансультацыі ў тым ліку з генераламі, якія ўжо пакінулі тэрыторыю Расеі, збіраюцца застацца ў ЕЗ і падаць запыт на палітычны прытулак.

Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся ў Сочы на чарговай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, заявіў, што Польшча разам з NATO плануюць «забраць» Заходнюю Украіну. Таксама Лукашэнка дадаў, што мяркуе, быццам такую самую стратэгію Польшча «выношвае» адносна Заходняй Беларусі. Палітык выказаў меркаванне, быццам украінцам яшчэ прыйдзецца прасіць Расею і Лукашэнку не дапусціць тэрытарыяльнага дзялення Украіны.

Віцька Кавалак belsat.eu

 

Стужка навінаў