У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў больш за 6 дзясяткаў кніг, але Оруэла пакуль няма


У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які публікуе Міністэрства інфармацыі Беларусі, больш за тысячу розных матэрыялаў, якія знайшлі адлюстраванне на больш чым на 400 старонках. У «экстрэмісцкім» спісе не толькі папулярныя Telegram-каналы, але і значкі, сцягі, публікацыі, кнігі, інтэрнэт-старонкі і нават словы асобных дзіцячых песень, у якія дадалі свае словы невядомыя аўтары. «Белсат» прааналізаваў гэты спіс і паглядзеў, якія кнігі ў нашай краіне, на думку чыноўнікаў, з’яўляюцца «экстрэмісцкімі».

Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Скрыншот: mininform.gov.by

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цяпер уяўляе сабою дакумент на 418 старонках. У гэтым спісе на дзень 23 траўня налічваецца ўжо больш за тысячу самых розных матэрыялаў. Нават тэкст вядомае песенькі: «Вместе весело шагать по болотам, по болотам…», у якую напрыканцы невядомы аўтар дадаў слова кулямёт, таксама стала экстрэмісцкім.

Забароненыя кнігі

У вялізным спісе Міністэрства інфармацыі налічваецца 62 кнігі, якія чыноўнікі ў Беларусі палічылі «экстрэмісцкімі». «Белсат» у агульным спісе налічыў 11 друкаваных выданняў, якія з’яўляюцца перакладамі з арабскіх моваў і тычацца мусульманства. Некаторыя з кніг тычацца джыгаду і мажліва, сапраўды, могуць распальваць варажнечу паводле рэлігійнай прыкметы. Да таго ж асноўная частка гэтых кніг патрапісал ў спіс у 2015-2019 гадах.

А вось кнігу «Adolf Hitler MEIN KAMPF» («Адольф Гітлер Майн Кампф») «экстрэмісцкай» прызнавалі ў Беларусі ажно чатыры разы. Верагодна, кожны раз вялося пра асобнае выдавецтва. Але тым не менш у 2015, 2016, 2017 і 2018 гадах суды ў Воршы, Брагіне, Гомлі і Менску прызналі гэтае выданне «экстрэмісцкім». У спісе таксама шэраг выданняў пра ўсясветную змову, а таксама змову ў свеце менавіта супраць Расеі і расейскага народу. Некалькі забароненых выданняў, калі меркаваць пра іх змест з назвы, маюць антысеміцкі характар.

Аналітыка
«Зрабілі быллю і Кафку, і Оруэла…» За што выдаўца Андрэя Янушкевіча кінулі за краты і ў чым «вінаватыя» кнігі
2022.05.18 18:14

 

У 2016 годзе Цэнтральны суд Менску прызнаў экстрэмісцкай анархісцкія выданні і артыкулы. Дарэчы, болей у спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў анархісцкай друкаванай літаратуры і няма.

Сярод забароненых кніг у 2011 годзе ў спісе выданне Алены Гнаўк «Асаблівае меркаванне, або зварот хрысціянкі», а таксама «Прэс-фота Беларусі 2011».

Вядома, што асноўная маса «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у спісе пачала з’яўляцца пасля выбараў у 2020 годзе. У 2021 годзе ледзь не штодня з восені розныя суды ў краіне знаходзілі «экстрэмізм» у розным выглядзе ў асноўным у сеціве. За гэтыя гады ўлады забаранілі пяць кніг, сярод якіх выданне нашых калегаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай «Беларускі Данбас».

Ігар Ільяш прэзентуе кнігу «Беларускі Данбас». Кніга Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас» упершыню прэзентаваная ў Беларусі. Імпрэза адбылася ў амбасадзе Украіны ў Менску. 19 лютага 2021 г.
Фота: ДЯ / Белсат

У 2022 годзе пад забарону патрапіла 4 кнігі. І сёлета гэта выданні менавіта беларускіх аўтараў і напісаныя на беларускай мове. «Экстрэмісцкімі» ўлады Беларусі прызналі кнігу Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», «Беларусь на раздарожжы», зборнік артыкулаў пад рэдактарствам ​​А.Я.Тарас. Таксама ў спіс уключылі выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя». Апошняй на 23 траўня бягучага году ў спісе «экстрэмісцкіх» выданняў кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы».

Hавiны
Не толькі «1984». Вядомыя кнігі, якія таксама падрываюць стабільнасць у Беларусі
2022.05.19 16:56

Адметна, што раней распаўсюджаная інфармацыя пра забарону рамана Джорджа Оруэла «1984» пакуль не знайшла свайго пацвярджэння. У спісе гэтай кнігі няма, але гэта не азначае, што выданне не стала «экстрэмісцкай» літаратурай, тым больш, як паведамляюць чытачы «Белсату», раман набыць у беларускіх крамах ужо немагчыма.

Аналітыка
«Механізмы рэпрэсіяў за думкі». Што стаіць за праўкамі ў закон аб смяротным пакаранні за спробу тэрарызму
2022.04.28 20:13

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў