Што чакае абаронцаў «Азоўсталі», якія трапілі ў палон


Belsat.eu распавядае, што можа пагражаць абаронцам «Азоўсталі» – і якімі могуць быць варыянты іхнага абмену.

Металургічны завод «Азоўсталь» пасля трохмесячнага штурму расейскай арміяй. Марыупаль, Украіна. 22 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Garmayev / TASS / Forum

Што цяпер з абаронцамі «Азоўсталі»

Увечары 16 траўня пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў украінскі бок заявіў пра пачатак аперацыі дзеля выратавання абаронцаў «Азоўсталі». На той момант ва ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі камбінату скончыліся рэсурсы для абароны, практычна не засталося вады, ежы і лекаў. У Генштабе ЗСУ зазначылі, што найвышэйшае кіраўніцтва аддало загад камандзірам захаваць жыцці асабовага складу. Камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка заявіў, што загад пра захаванне жыццяў будзе выкананы. Байцоў сталі раззбройваць і вывозіць з камбінату на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі.

Паводле ацэнак брытанскай выведкі, на раніцу 20 траўня ў палон трапілі 1700 вайскоўцаў. Мінабароны РФ абвясціла пра поўны захоп «Азоўсталі» ўвечары 20 траўня. Паводле ацэнак расейскага боку, агулам у палон трапілі 2439 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку камандзір «Азову» Дзяніс Пракапенка. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны лічыць, што лічбы Мінабароны РФ могуць быць моцна завышаныя.

Афіцыйны Кіеў разлічвае, што абаронцы «Азоўсталі» неўзабаве будуць абмененыя на расейскіх вайскоўцаў. Улады Украіны пазбягаюць фармулёўкі «здача ў палон», а замест гэтага стараюцца выкарыстоўваць слова «эвакуацыя». Але ў Маскве падкрэсліваюць, што выхад украінскіх байцоў – гэта менавіта паланенне.

Абаронца заводу «Азоўсталь» у Марыупалі, Украіна. 10 траўня 2022 года.
Фота: Dmytro Orest Kozatskyi / Azov Regi / Reuters / Forum

Паводле кіраўніка так званай ДНР Дзяніса Пушыліна, палонныя абаронцы «Азоўсталі» цяпер застаюцца на тэрыторыі, падкантрольнай «Данецкай Народнай Рэспублікі». Але, паводле медыяў, некаторых байцоў «Азову» накіроўвалі ў СІЗА Растоўскай вобласці.

Практыка накіравання ўкраінскіх палонных у расейскія турмы і калоніі існавала і раней, хаця гэта супярэчыць Жэнеўскай канвенцыі. Тыя, хто вярнуўся з расейскага палону, распавядаюць пра нялюдскія ўмовы ўтрымання, выпадкі катаванняў і знявагі.

Аналітыка
«Яны застаюцца ў пекле». Што трэба ведаць пра абарону «Азоўсталі»
2022.05.17 00:22

Атмасфера нянавісці і пагроза паказальнага працэсу

Расейская прапаганда даўно зрабіла полк «Азоў» ледзь не галоўнай мішэнню сваіх нападак, стварыла вакол падраздзялення шмат міфаў. Расейскія СМІ называюць яго «нацысцкім батальёнам», «карнікамі» і прыпісваюць падраздзяленню выдуманыя зверствы. Цяпер у Расеі «Азоў» нават хочуць прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Эксперты дапускаюць, што Крэмль у прапагандысцкіх мэтах не стане абменьваць азоўцаў, а ўчыніць над імі паказальны працэс. Праваабаронцы мяркуюць, што расейскія спецслужбы зараз будуць фабрыкаваць супраць абаронцаў «Азоўсталі» крымінальныя справы.

Сапраўды, у публічнай прасторы пуцінскай Расеі вакол палонных байцоў «Азову» цяпер пануе атмасфера нянавісці. Адкрыта гучаць заклікі да расправы над украінскімі вайскоўцамі проста за тое, што яны з палка «Азоў».

Украінскі жаўнер стаіць пад сонечным святлом падчас блакады заводу «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. 16 траўня 2022 года.
Фота: kztsky / Instagram

17 траўня спікер Дзярждумы Расеі Вячаслаў Валодзін назваў палонных украінцаў «нацысцкімі злачынцамі» і заявіў, што іхнае вяртанне ва Украіну недапушчальнае. Ён выступіў за тое, каб азоўцаў судзілі. Гэтую ідэю падтрымалі і іншыя прадстаўнікі Дзярждумы. Дэпутат Анатоль Васэрман прапанаваў прыняць закон, які б забараняў абмен «нацысцкіх злачынцаў».

Лідар фракцыі ЛДПР Леанід Слуцкі заклікаў дзеля суду на азоўцамі скасаваць мараторый на смяротнае пакаранне ў Расеі, бо «ўкраінскія нацыяналісты вартыя толькі найвышэйшай меры». Лідар фракцыі «Справедливая Россия» Сяргей Міронаў таксама падтрымаў ідэю забойства палонных, але прапанаваў спачатку закаваць іх у кайданы і накіраваць іх на працы ў так званы ЛДНР.

Дэпутат Юрый Швыткін у сваю чаргу нагадаў, што ў так званых ДНР і ЛНР дзее смяротнае пакаранне – і палонныя «гэтаму могуць быць падлеглыя». Кіраўнік групоўкі «Данецкая Народная Рэспубліка» Дзяніс Пушылін заявіў, што трыбунал над абаронцамі «Азоўсталі» арганізуюць менавіта на тэрыторыі, падкантрольнай так званай ДНР, і цяпер нават прапрацоўваецца статут трыбуналу.

Паранены абаронца заводу «Азоўсталь» у Марыупалі, Украіна. 10 траўня 2022 года.
Фота: kztsky / Instagram

Следчы камітэт РФ ужо паабяцаў дапытаць палонных «у рамках расследавання крымінальных справаў аб злачынствах украінскага рэжыму супраць мірнага насельніцтва Данбасу». Праўда, выданне «Коммерсантъ» піша, што дапытваць іх пакуль будуць у якасці сведкаў.

Аналітыка
Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»
2022.05.18 18:25

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заклікала ўкраінцаў не слухаць заяваў расейскіх дэпутатаў і прапагандыстаў наконт лёсу азоўцаў, бо такія заявы разлічаныя на ўнутраную аўдыторыю. Маляр падкрэсліла, што «перамоўны працэс працягваецца, як і аперацыя выратавання». Але дэталяў распавядаць не стала, папрасіла ўкраінцаў патрываць.

«Мы робім усё магчымае, каб іх выратаваць… Любая інфармацыя, якую мы абвесцім публічна, можа нашкодзіць і самому працэсу, і нашым абаронцам», – адзначыла яна.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што праца дзеля вяртання абаронцаў «Азоўсталі» патрабуе «далікатнасці і часу».

Варыянт класічнага абмену палоннымі

Радыкальныя прапановы расейскіх прапагандыстаў і дэпутатаў Дзярждумы пакуль не былі афіцыйна падтрыманыя Крамлём. 23 траўня намеснік МЗС РФ Андрэй Рудэнка дапусціў магчымасць абмену палонных з «Азоўсталі». «Я любую магчымасць дапускаю, што не супярэчыць здароваму сэнсу», – падкрэсліў ён. Рудэнка таксама адзначыў, што пытанне абмену не ў ягонай кампетэнцыі, але яно, напэўна, абмяркоўваецца.

Самы відавочны варыянт абмену – гэта абмен украінскіх вайсковапалонных на расейскіх. Агулам ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання адбылося 9 такіх абменаў. Самы вялікі абмен прайшоў 28 красавіка ў фармаце 86 расейцаў на 86 украінцаў. Сярод украінскіх вайскоўцаў, якія вярнуліся ў той дзень дадому, было 15 жанчын.

Параненыя абаронцы заводу «Азоўсталь» у Марыупалі, Украіна. 10 траўня 2022 года.
Фота: Dmytro Orest Kozatskyi / Azov Regi / Reuters / Forum

Колькі цяпер расейскіх вайскоўцаў застаюцца ў палоне ва Украіне, невядома. Апошні раз Кіеў афіцыйна агучваў лічбы расейскіх палонных яшчэ 19 сакавіка – тады ішлося пра 562 асобы.

Сярод расейскіх палонных пры гэтым ёсць і тыя, хто трапіў пад крымінальны пераслед за ваенныя злачынствы ва Украіне. 23 траўня ў Кіеве суд пакараў пажыццёвым зняволеннем 21-гадовага расейскага вайскоўцаў Вадзіма Шышымарына. Яго прызналі вінаватым у «парушэнні законаў і звычаяў вайны» за забойства 62-гадовага мірнага жыхара на Сумшчыне. Жонка забітага мужчыны заявіла на судзе, што не будзе супраць, калі Шышымарына памяняюць на абаронцаў «Азоўсталі».

Варыянт абмену з «рознымі катэгорыямі»

Нельга выключаць, што ў абмен будуць уключаныя не толькі вайскоўцы.

21 траўня лідар фракцыі ЛДПР Леанід Слуцкі заявіў, што расейскі бок вывучае магчымасці абмену Віктара Медведчука на азоўцаў. Медвядчук – вядомы ва Украіне пракрамлёўскі палітык, якога называюць кумам Уладзіміра Пуціна. Ён быў арыштаваны ўкраінскай контрвыведкай 12 красавіка паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе. Яшчэ 18 красавіка СБУ апублікавала відэазварот Віктара Медведчука, які прапанаваў прэзідэнтам Расеі і Украіны абмяняць яго на вайскоўцаў і жыхароў Марыупалю.

Аўтобус з украінскімі вайскоўцамі з металургічнага заводу «Азоўсталь», якія здаліся ў палон. Данецкая вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Garmayev / TASS / Forum

Пракрамлёўская прапаганда ідэі такога абмену пакуль што развіваць не стала. Наадварот, прапагандыст Уладзімір Салаўёў рэзка раскрытыкаваў выказванні Слуцкага.

Слуцкі пазней удакладніў, што ягоныя словы былі вырваныя з кантэксту і сам ён упэўнены, што абменьваць азоўцаў нельга, іхны лёс мусіць вызначаць трыбунал. «Што да прапановаў адносна таго ж Медведчука, перакананы, што абмяркоўваць гэтыя пытанні мусяць тыя, хто валодае мае кампетэнцыю», – дадаў ён.

23 траўня прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пра абмен Медведчука на азоўцаў наўрад ці можна казаць, бо Медвядчук не вайсковец, гэта «розныя катэгорыі». Але такое тлумачэнне выглядае крывадушна, бо Расея акурат актыўна выкарыстоўвае фармат абмену «розных катэгорыяў» палонных.

Вядома, што за час поўнамаштабнай вайны тысячы мірных украінцаў былі захопленыя ў палон расейскімі войскамі і гвалтам вывезеныя на тэрыторыю Расеі. Паводле намесніцы прэм’ер-міністра Украіны Ірыны Вэрэшчук, расейцы спрабуюць абмяняць узятых у закладнікі цывільных асобаў на расейскіх ваеннапалонных, што забаронена Жэнеўскай канвенцыяй. Станам на 30 красавіка Вэрэшчук казала, што расейскі бок трымае ў закладніках больш за тысячу асобаў, у тым ліку амаль 500 жанчын. Закладнікаў трымаюць у турмах і следчых ізалятарах Курску, Бранску, Разані, Растова, дзе яны сутыкаюцца з нялюдскім абыходжаннем.

Аўтобус з украінскімі вайскоўцамі з металургічнага заводу «Азоўсталь», якія здаліся ў палон. Данецкая вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Vladimir Gerdo / TASS / Forum

У абмен сапраўды рэгулярна ўключаюць цывільных. Напрыклад, падчас абмену палоннымі 19 красавіка з 76 украінцаў, якія вярнуліся дадому, 16 былі цывільнымі. Падчас абмену 21 красавіка 9 з 19 асобаў былі цывільнымі, 28 красавіка – 12 з 45, 30 красавіка – 7 з 14, 66 траўня – 13 з 41. А 11 сакавіка Расея аддала Украіне палоннага мэра Мэлітопалю Івана Фэдарава ў абмен на 9 расейскіх салдатаў тэрміновай службы.

Вядома, што ў абмен уключалі і расейскіх цывільных, якія былі ва Украіне. Напрыклад, 10 красавіка ў Расею вярнуліся 4 працаўнікі дзяржаўнай карпарацыі «Росатом».

Hавiны
«Абарона Марыупалю ўвойдзе ў падручнікі гісторыі». Што кажуць пра завяршэнне баёў за горад ва Украіне і РФ
2022.05.20 20:06

Глеб Нержын, belsat.eu

Стужка навінаў