Лукашэнка паскардзіўся Пуціну ў Сочы, што Польшча і натаўцы збіраюцца захапіць Заходнюю Украіну


У расейскім горадзе Сочы адбываецца чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Лукашэнка заявіў Пуціну аб сваёй падтрымцы і заявіў, што Польшча і NATO бліжэйшым часам збіраюцца ўварвацца ў Заходнюю Украіну. Апроч таго было адзначана, што нягледзячы на цяжкія санкцыі Захаду, эканоміка Беларусі і Расеі «інтэнсіўна ўмацоўваецца», паведамляе «БелТА».

Калаж з фота: Sergei Bobylev; Mikhail Metzel / TASS / Forum

Аляксандр Лукашэнка заявіў расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, што занепакоены планамі NATO і Польшчы адносна Заходняй Украіны.

«Ёсць цікавыя нейкія рэчы адносна Украіны. Вы гэта цудоўна ведаеце. Нас, ды і вас гэта павінна турбаваць, што яны ўжо робяць крокі да таго, каб раздзяліць Украіну. Нас турбуе тое, што палякі і натаўцы гатовыя выйсці, «дапамагчы» такім чынам забраць, як да 1939 года, Заходнюю Украіну», – заявіў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка дадаў, што мяркуе, быццам такую самую стратэгію Польшча «выношвае» адносна Заходняй Беларусі. Палітык выказаў меркаванне, быццам украінцам яшчэ прыйдзецца прасіць Расею і Лукашэнку не дапусціць тэрытарыяльнага дзялення Украіны.

Прэзідэнты Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літвы ўжо прыбылі ў Кіеў. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Якуб Шымчук / KPRP

Апроч таго Лукашэнка раскрытыкаваў учорашні выступ Анджэя Дуды ў Вярхоўнай радзе Украіны. Ён назваў прэзідэнта Польшчы «аўтарам фэйкаў» і чалавекам, які мае «незразумелыя паводзіны» і нічога не вырашае ў Польшчы.

Таксама Лукашэнка закрануў тэму санкцыяў і эканомікі. Ён выказаў меркаванне, што яна стала яшчэ мацней развівацца з-за ціску з Захаду.

«Вельмі важна, што эканоміка ў Расеі і ўвогуле ў нас у саюзе не проста ўмацоўваецца, а нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца. Вазьміце інфляцыю, вазьміце беспрацоўе. Яна аказалася меншая. Падае ўзровень беспрацоўя. Гэта добра. Ну, і рубель умацоўваецца шалёнымі тэмпамі. Каб мы тут не перабралі. Таму нечаканыя рэчы адбываюцца. Ну, гэта для іх нечаканыя. Мы вось чакалі, што гэта будзе. Гэты час магчымасцяў. І на Захадзе, самі не разумеючы таго, падштурхнулі нас займацца больш інтэнсіўна сваёй эканомікай», – заявіў Лукашэнка.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў