Літва прапануе варыянт зняцця марской блакады Украіны для экспарту збожжа


Літва прапанавала стварэнне вайскова-марской кааліцыі для зняцця расейскай блакады Чорнага мора. Міністр замежных справаў краіны Габрыелюс Ландсбергіс падчас перамоваў з брытанскай калегай Ліз Трас прапанаваў план разблакавання экспарту ўкраінскага збожжа, паведамляе «The Guardian».

Габрыелюс Ландсбергіс.
Фота: Reuters

«Няма магчымасці захоўваць гэтае збожжа і няма іншага адэкватнага альтэрнатыўнага шляху. Вельмі важна паказаць слабым краінам, што мы гатовыя зрабіць крокі, неабходныя для таго, каб накарміць свет», – дадаў Ландсбергіс.

Літоўскі дыпламат выказаў меркаванне, што вайскова-марская аперацыя з суправаджэннем (але не пад эгідаю) NATO магла б абараніць караблі са збожжам, калі яны будуць ісці праз Чорнае мора і міма расейскіх ваенных караблёў.

Ён выказаў меркаванне, што акрамя Вялікай Брытаніі, неабходную абарону маглі б забяспечыць краіны, пацярпелыя ад патэнцыйнай страты збожжа, напрыклад, Егіпет. План Літвы запатрабуе размінавання Чорнага мора для гарантаванага бяспечнага праходу, а таксама дамовы з Турцыяй, што ахоўвае ўваход у Чорнае мора.

Пасля сустрэчы з Ландсбергісам Трас сказала, што Вялікая Брытанія хацела б, каб брытанскія вайскова-марскія сілы далучыліся да эскорту, калі ўдасца развязаць практычныя пытанні, у тым ліку размінаванне і прадстаўленне Украіне зброі для абароны гавані ад нападу Расеі.

Hавiны
Вайна ва Украіне можа прывесці да сусветнага харчовага крызісу
2022.05.19 22:45

Дыпламатка адзначыла, што Вялікая Брытанія абмяркуе з хаўруснікамі гэты план, а для яго актывацыі, імаверна, спатрэбіцца згода ЗША.

Раман Лугоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў