Кіеўскі суд пакараў расейскага салдата пажыццёвым зняволеннем


У Кіеве 23 траўня расейскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах, пакаралі пажыццёвым зняволеннем, перадае карэспандэнт «Вот Так».

Расейскі салдат Вадзім Шышымарын на судзе ў Кіеве, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Па дадзеных следства, 21-гадовы кантрактнік танкавага падраздзялення застрэліў 62-гадовага мірнага жыхара на паўночным усходзе Украіны. Расеец прызнаў сваю віну і заявіў, што не хацеў забіваць грамадзянскага, але стрэліў, каб «ад яго адвязаліся».

Грунтуючыся на паказаннях сведак і доказах, суд прыйшоў да высновы, што ён ажыццявіў забойства наўмысна. Довады абаронцаў, што ён нібыта выконваў загад фармальна, і пра тое, што выкананне загада было накіравана на захаванне свайго жыцця, адхіленыя.

«Ён мог адмовіць чалавеку, які яму загадаў», – адзначаецца ў прысудзе.

Суд пастанавіў, што вайсковец парушыў законы і звычаі вайны і здзейсніў злачынства міжнароднага характару, і не прыслухаўся да прызнання ваеннага, бо не палічыў яго «шчырым».

Суд прыняў рашэнне прызнаць Шышымарына вінаватым у крымінальным правапарушэнні і прыгаварыць да пажыццёвага зняволення. Рашэнне ўступае ў сілу праз 30 дзён.

28 лютага Шышымарын, як лічыць украінскі бок, быў сярод расейскіх вайскоўцаў, разгромленых украінскімі войскамі. Калі вайскоўцы ВС РФ збеглі, яны абстралялі і захапілі прыватную машыну. Потым расейскія салдаты паехалі ў Чупахоўку, сяло ў Сумскай вобласці прыкладна за 320 кіламетраў на ўсход ад Кіева.

Гэта першы суд над расейскім вайскоўцам, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах.

Hавiны
Расейскі вайсковец прызнаў у судзе віну ў забойстве бяззбройнага ўкраінца
2022.05.18 21:17

Марыя Муршка, belsat.eu

Стужка навінаў