Гадавіна пасадкі «Ryanair»: Пратасевіч ладзіць вяселле, Сапега – ідзе ў калонію...


Роўна год таму 23 траўня 2021 году самалёт «Boeing 737», які належаў польскай авіякампаніі «Buzz» («дачка» ірландскай кампаніі «Ryanair») і выконваў пасажырскі рэйс з Афінаў у Вільню, быў перахоплены ў небе Беларусі і пасаджаны ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». На ягоным борце знаходзіліся былы рэдактар тэлеграм-каналаў «NEXTA» і «Беларусь головного мозга» Раман Пратасевіч ды ягоная дзяўчына Соф’я Сапега…

Экстренная посадка самолета «Ryanair»
Экстраная пасадка самалёту «Ryanair», на якім быў журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф’я Сапега. Менск, Беларусь. 23 траўня 2021 года.
Фота: AFP

За год гісторыя аб дзяржаўным тэрарызме Лукашэнкі, які дагэтуль расследуецца на міжнародным узроўні і «разбудзіў Еўропу», набыла шмат чыста чалавечых маральна-этычных адценняў.

«Мёртвая пятля» на неба Беларусі

Ніякай выбухоўкі на борце самалёта «Ryanair» не знайшлі (інфармацыя аб бомбе стала толькі падставай для перахвату). Але «выбух» здарыўся – інфармацыйны. Пакуль беларускія спецслужбы прыдумлялі, як выкруціцца і якое шоу запусціць з удзелам затрыманых апазіцыянераў Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай, свет накрыла хваля абурэння. З нагоды прымусовай пасадкі лайнера выказваліся прэзідэнты, прэм’ер-міністры, кіраўнікі міжнародных арганізацыяў і простыя людзі.

Фота: «Настоящее Время»

«Свабоду Пратасевічу!» стала галоўным лозунгам апошняга тыдня траўня-2021. Раман Пратасевіч стаўся героем паняволі.

Сустаршыня Еўрапейскага савету па міжнародных адносінах Карл Більдт заявіў тады: «Гэта пірацтва – проста і зразумела». Потым тэзу пра «дзяржаўнае пірацтва» паўтарыў гендырэктар «Ryanair» Майкл О’Ліры. А наш аналітык Павел Усаў назваў тое, што ўчыніў Лукашэнка з пасадкай «Ryanair», «мёртвай пятлёй».

У выніку заклікаў і абурэння гэтую «мёртвую пятлю» накінулі на беларускае неба. На саміце ЕЗ прынялі рашэнне аб забароне на палёты ў паветранай прасторы РБ для еўрапейскіх перавозчыкаў, і на палёты ў небе ЕЗ для беларускіх авіякампаніяў. 3 чэрвеня санкцыі супраць Беларусі ўзнавілі ЗША, 24 чэрвеня Рада ЕЗ увяла сектаральныя санкцыі ў дачыненні Беларусі.

Затрыманне Пратасевіча і Сапегі ўжо абышлося Лукашэнку ў мільёны долараў.

«Інфармацыя пра бомбу – хлуслівая»

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі «ICAO» цягам васьмі месяцаў рыхтавала справаздачу аб фактах інцыдэнту пасадкі «Boeing 737» у Менску. Аднак ужо мала хто сумняваўся ў тым, хто арганізаваў пасадку.

Справаздача «ICAO» зʼявілася ў студзені 2022 году і цалкам не публікавалася ў СМІ, бо расследаванне мусіла працягнуцца (і працягваецца). Аднак журналісты дазналіся некаторыя дэталі той справаздачы. У ёй сцвярджалася:

  • Інфармацыя пра бомбу – хлуслівая і была распаўсюджаная неўстаноўленай крыніцай наўмысна.
  • Было накіравана 6 лістоў з інфармацыяй пра бомбу ў аэрапорты Вільні, Менску, Сафіі, Бухарэсту, Кіеву і Афінаў. Але Менск адмовіўся падаць ліст у сыходным фармаце (толькі скрыншот). Дакладны час атрымання ліста «ICAO» вызначыць не змагла і прапанавала лічыць, «што ў Менску інфармацыю аб бомбе на борце атрымалі нейкім іншым, невядомым для «ICAO» чынам».
  • Беларускія ўлады некалькі разоў адышлі ад выканання стандартных працэдур. У прыватнасці, КДБ не ўвёў рэжыму антытэрарыстычнай аперацыі, а падчас вобшуку на самалёце там заставаўся адзін член экіпажу.
  • «ICAO» нагадала, што распаўсюд хлуслівай інфармацыі, якая ставіць пад пагрозу бяспеку паветранага судна, парушае Манрэальскую канвенцыю, і рашуча асудзіла такую практыку.

Пазней менскі авіядыспетчар, які ўцёк з Беларусі, распавёў, што спецаперацыю з дыспетчарскай вежы з самага пачатку кантраляваў працаўнік КДБ.

На пачатку 2022 году скандал з пасадкай «Ryanair» у Беларусі амаль астыў. Але неба над Беларуссю заставалася закрытым для еўрапейскіх рэйсаў. «Белавіа» пазбавілася прэстыжных рэйсаў і губляла вялізныя грошы. А гісторыя двух людзей, наўпрост датычных да інцыдэнту, абрастала падрабязнасцямі і крымінальнымі артыкуламі.

Сапега: з «хатняга арышту» – на 6 гадоў у калонію

Праваабаронцы ўжо на наступны дзень пасля затрымання Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі прызналі іх палітвязнямі. Крыху пазней «Жёлтые сливы» апублікавалі пакаяннае відэа з Пратасевічам, у якім ён кажа пра супрацу са следствам. Тое відэа шмат аналізавалі карыстальнікі інтэрнэту, шукаючы на твары Пратасевіча сляды пабояў. Ці былі яны?

Сафія Сапега.
Фота: sapega_sofia_ / Instagram

3 чэрвеня дзяржканал «АНТ» апублікаваў інтэрвʼю з Пратасевічам (праграма «Марков. Ничего личного»), у якім ён выказаў павагу да Лукашэнкі – «чалавека са стальнымі яйцамі». 14 чэрвеня 2021 году на адмысловым брыфінгу заявіў, што ў СІЗА «ніхто яго пальцам не кранаў» і нават выказаў гатовасць прайсці медычную экспертызу. Яму не верылі.

25 чэрвеня стала вядома, што Пратасевіча і Сапегу перавялі пад хатні арышт, бо, паводле следчага камітэту, маладыя людзі заключылі дасудовае пагадненне.

У снежні 2021 году паведамлялася, што Соф’ю Сапегу абвінавачваюць аж па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сярод іх – «Арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да міліцыянтаў», «Арганізацыя пагрозы забойствам ці гвалту ў дачыненні да суддзяў», «Наўмысны збор інфармацыі і персанальных звестак іншай асобы» ды іншыя.

Артыкулы
Бацька Соф’і Сапегі запісаў відэазварот да Лукашэнкі
2021.06.17 10:58

Дзяўчына перад судом напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Але не спрацавала: 6 траўня Гарадзенскі абласны суд у закрытым працэсе асудзіў яе на 6 гадоў зняволення.

24-гадовая грамадзянка Расеі да сустрэчы з Пратасевічам не цікавілася палітыкай…

Пратасевіч: ажаніўся і выступае «экспертам з таго боку»

Суду над Раманам Пратасевічам пакуль не было. Ён дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам (Сапега – ужо пад вартай). Паводле «Вясны», яго абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах: 293 КК («Масавыя беспарадкі»), 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»).

Раман Пратасевіч на “прэс-канферэнцыі” МЗС Беларусі. Скрын відэа: belpresscenter / Youtube

Як расказаў нядаўна сам Пратасевіч, «расследаванне справы працягваецца сіламі цэнтральнага апарату СК РБ». Па яго словах, яго дапытваюць як сведку («а хутчэй, як «эксперта» і чалавека «з таго боку») па іншых справах. І было ўжо каля сотні допытаў. Прызнаўся таксама, што стасункаў з Соф’яй Сапегай не падтрымлівае.

На трэці дзень пасля суду над Сапегай Раман Пратасевіч ажаніўся. Хто ягоная выбранніца – пакуль невядома.

Вымушаная пасадка «Ryanair» сыходзіць у гісторыю. Але гісторыя гэтая працягваецца ў вымярэнні чалавечых лёсаў…

Аналітыка
Вырак агучылі ў закрытым рэжыме. Што трэба ведаць пра справу Пратасевіча і Сапегі
2022.05.06 11:20

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў