У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае


Пасажырскі рэйс, якім ляцеў вядомы журналіст і блогер Раман Пратасевіч, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску. Блогер затрыманы спецслужбамі. Belsat.eu распавядае, хто такі Пратасевіч і ў чым яго абвінавачваюць.

Спецаперацыя

Самалёт Ryanair, які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, развярнуўся ў раёне Ліды і накіраваўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», дзе зрабіў пасадку. Пралятаючы над тэрыторыяй Беларусі, пілоты падалі аварыйны сігнал, на мапе flightradar24.com рэйс быў пазначаны чырвоным колерам.

Крыніца: Flightradar

Прэс-служба менскага аэрапорту сцвярджае, што пілоты падавалі сігнал пра мінаванне борту. Тэлеграм-канал «Пул Первого» паведамляе, што на даручэнне А. Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік. «Цяпер МіГ-29 чакае, пакуль завершацца неабходныя праверачныя мерапрыемствы, каб суправадзіць самалёт да мяжы з Літвой», – дадалі ў набліжаным да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канале. Пазней у менскім аэрапорце заявілі, што ў выніку агляду паведамленне аб мінаванні не пацвердзілася.

Дагэтуль не вядома, адкуль узялася інфармацыя аб «мінаванні». Літоўскі бок заяўляе, што інфармацыі наконт паведамленняў пра бомбу яны не атрымлівалі, піша 15min.lt. Прадстаўніца аддзелу камунікацыяў Літоўскага міжнароднага аэрапорту Ліна Бейшэне пацвердзіла парталу Delfi, што самалёт з Афінаў меў прызямліцца ў Вільні а 13:00, але экіпаж прыняў рашэнне пасадзіць самалёт у Менску. «Наколькі мне вядома, паміж чальцамі экіпажу і пасажырам адбыўся канфлікт», – адзначыла яна.

На борце самалёта Афіны – Вільня быў Раман Пратасевіч. Выглядае, што вымушаная пасадка самалёта ў Менску была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля таго, каб затрымаць апазіцыйнага блогера.

Рэдакцыя ТГ-каналу «Беларусь головного мозга» паведамляе, што Раман Пратасевіч паспеў паведаміць, што ў аэрапорце Афінаў заўважыў нездаровую цікавасць з боку расейскамоўнага мужчыны сярэдняга веку, падцягнутага, з лысінай. У саколцы, светлых нагавіцах і з скураной валізкай. Мужчына спрабаваў зняць на камеру Раманавы дакументы, затым павярнуўся і сышоў, хоць быў наступны ў чарзе на праверку дакументаў.

Хто такі Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч – вядомы журналіст і блогер. Упершыню імя Рамана Пратасевіча прагучала ў інфармацыйнай прасторы ў 2011 годзе, калі ён у 16-гадовым узросце трапіў пад пераслед за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту і быў адлічаны з Ліцэю БНТУ. У 2011–2014 гады Пратасевіча неаднаразова затрымлівалі за тое, што ён адміністраваў апазіцыйныя суполкі ў сацсетках і браў удзел у пратэставых акцыях.

Пратасевіч вучыўся на журналісцкім факультэце БДУ, але быў адлічаны, як ён сам распавядаў, з палітычных матываў. Раман некалькіх гадоў супрацоўнічаў з шэрагам недзяржаўных выданняў, у тым ліку з радыё «Свабода» і «Еўрарадыё». У студзені 2020 года Пратасевіч з’ехаў у Польшчу і заявіў, што будзе прасіць там прытулку, бо ў Беларусі можа трапіць пад палітычна матываваны крымінальны пераслед. Эміграцыя Рамана была звязаная са «справай Чудзянцова», з якім ён сябраваў.

У Польшчы Раман Пратасевіч стаў рэдактарам тэлеграм-каналу «NEXTA». Увосень 2020 года на хвалі масавых пратэстаў спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі завочна выставілі яму абвінавачанне паводле арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), арт. 130 («Распальванне варожасці») і арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), Пратасевіч і Сцяпан Пуціла былі абвешчаныя ў вышук. Следчы камітэт абвінаваціў блогераў у тым, што ў тэлеграм-канале размяшчаліся «заклікі да пратэстаў, блакавання дарог, забастовак, каардынацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў з указаннем канкрэтных месцаў правядзення, а таксама маршрутаў перасоўвання». СК накіраваў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю Пуцілы і Пратасевіча.

Hавiны
Пратасевіч пра намаганні СК экстрадаваць яго з Польшчы: «Вельмі моцна рассмяяўся»
2021.02.07 14:37

У лістападзе КДБ унёс блогераў у «тэрарыстычны спіс», аднак афіцыйна абвінавачанне ў тэрарызме Пратасевічу не выстаўлялі. Таму пакуль што няма падставаў сцвярджаць, што блогеру ў Беларусі пагражае смяротнае пакаранне.

Пратасевіч сышоў з пасады рэдактара тэлеграм-каналу «NEXTA» ў верасні 2020 года. У сакавіку 2021 года блогер зрабіўся рэдактарам папулярнага тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга».

Рэакцыя палітыкаў

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў здарэнне з самалётам у небе над Беларуссю «беспрэцэдэнтнай падзеяй» і «агіднай акцыяй».

«Я патрабую тэрмінова вызваліць Рамана Пратасевіча!» – напісаў ён на сваёй старонцы ў Twitter.

Святлана Ціханоўская паведаміла, што ейны штаб ужо звярнуўся ў офіс Ryanair і Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі, запатрабаваўшы расследаваць факт, які адбыўся, і прыняць меры аж да выключэння Беларусі з ICAO.

«Абсалютна відавочна, што гэта аперацыя спецслужбаў у захопе самалёта – дзеля таго, каб затрымаць актывіста і блогера Рамана Пратасевіча. Рэжым паставіў пад пагрозу бяспеку пасажыраў на борце і ўсёй грамадзянскай авіяцыі дзеля расправы над чалавекам, які быў рэдактарам самых буйных беларускіх незалежных телеграм-каналаў. Толькі за гэта яго прызналі тэрарыстам, і толькі за гэта цяпер у Беларусі Раману можа пагражаць смяротнае пакаранне».

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што дзеянні «вайсковага дыктатара Лукашэнкі» стварылі небяспеку жыццю і здароўю пасажыраў самалёту.

«Сапраўды, мэтаю пасадкі самалёта было затрыманне вядомага беларускага блогера Рамана Пратасевіча, якому ў Беларусі пагражае найвышэйшая мера пакарання. Гэты інцыдэнт нельга назваць інакш як вайсковым пірацтвам і міжнародным тэрарыстычным актам», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Раман Пратасевіч перад затрыманнем у Менску: «Тут мяне чакае смяротнае пакаранне»
2021.05.23 19:57
Hавiны
У Ryanair пацвердзілі, што інфармацыю аб «мінаванні» яны атрымалі ад беларускага боку
2021.05.23 20:51
Hавiны
Маці Рамана Пратасевіча: Даведалася пра ягонае вяртанне толькі напярэдадні
2021.05.23 21:45
Hавiны
«Гэта не можа застацца беспакараным». Еўрапейскія палітыкі абураныя інцыдэнтам з самалётам Ryanair у Беларусі
2021.05.23 20:22
Hавiны
«Акт дзяржаўнага тэрарызму»: лідар Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск пра інцыдэнт з самалётам Ryanair
2021.05.23 19:07

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў