Самалёт Ryanair, які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, развярнулі над Беларуссю. На борце быў Раман Пратасевіч


Крыніца: Flightradar

Самалёт Ryanair, які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, развярнуўся ў раёне Ліды і накіраваўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Потым здзейсніў там пасадку, як вынікае са звестак сайту flightradar24.com.

Пралятаючы над тэрыторыяй Беларусі, пілоты падалі аварыйны сігнал, і на мапе flightradar24.com рэйс быў пазначаны чырвоным колерам.

На борце самалёта Афіны – Вільня быў Раман Пратасевіч. Яго затрымалі.

Раман Пратасевіч – былы галоўны рэдактар тэлеграм-каналаў «Нехта». Апошні час ён працаваў галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу». У Беларусі ён абвінавачваецца ў тэрарызме.

Інфармацыю аб затрыманні Рамана Пратасевіча пацвердзілі ў тэлеграм-канале Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Раман Пратасевіч.
Фота: Тэлеграм / Нехта

Пры чым тут Лукашэнка?

Тэлеграм-канал «Пул Первого» спачатку апублікаваў наступнае: паступіла інфармацыя аб мінааванні самалёта. Хоць відаць, што борт быў амаль над мяжою, звярнуліся да Менску, каб прынялі самалёт.

Тут жа пра сітуацыю даклалі Лукашэнку, і ён даў каманду: самалёт разварочваць і прымаць.

Пазней стала вядома, што на даручэнне Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта ўзнялі знішчальнік. Цяпер МіГ-29 чакае, пакуль завершацца неабходныя захады, каб суправадзіць самалёт да мяжы з Літвою.

Непацверджаная інфармацыя аб мінаванні

Фота: чытачы «Белсату»

Сведкі, якія цяпер у Нацыянальным аэрапорце «Менск», паведамляюць, што ў аэрапорце працуе спецтэхніка.

Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, паступалі звесткі пра бомбу на борце.

На месцы былі каля 20 пажарных машынаў, паводле сведкаў, машыны спецтэхнікі пачынаюць раз’язджацца.

Машыны спецтэхнікі едуць у Нацыянальны аэрапорт «Менск».
Фота: Белсат
Машыны спецтэхнікі едуць у Нацыянальны аэрапорт «Менск».
Фота: Белсат

13:55. Onliner са спасылкаю на прэс-службу аэрапорту паведамляе, што пілоты падавалі сігнал пра мінаванне борту.

У гэтыя хвіліны пасажыры праходзяць паўторны дагляд. Паведамленне аб мінаванні не пацвердзілася, інфармуюць у аэрапорце.

Аднак самалёт пакуль не працягвае палёт у Вільню.

20:25. Самалёт Ryanair гатовы да вылету з Менску ў Вільню і ўжо пачаў рух па ўзлётнай паласе.

АА belsat.eu

Стужка навінаў