«Мы да апошняга спадзяваліся што гэта нейкая памылка»: Сцяпан Пуціла пра затрыманне Рамана Пратасевіча


Заснавальнік тэлеграм-каналу NEXTA Сцяпан Пуціла ў студыі «Белсату» выказаўся наконт затрымання яго калегі і былога галоўнага рэдактара канала Рамана Пратасевіча. Сёння самалёт з ім быў вымушана пасаджаны ў аэрапорце Менску па патрабаванню беларускіх дыспетчараў, у выніку чаго Раман быў затрыманы.

Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. Скрыншот з відэа: вДудь / Youtube

Хлопец не сумняецца ў тым, што экстраная пасадка самалёта кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню – гэта запланаваная аперацыя беларускіх спецслужбаў.

Сцяпан ведаў пра тое, што Раман Пратасевіч будзе ляцець гэтым самалётам, але пра само затрыманне даведаўся толькі тады, калі самалёт ужо стаяў у менскім аэрапорце: «мне патэлефанаваў калега і сказаў, што імаверна на гэтым самалёце ёсць Раман Пратасевіч», узгадвае ён.

«Мы да апошняга спадзяваліся што гэта нейкая памылка і самалёт паляціць далей, што нічога не адбудзецца. Але, на жаль, такіх супадзенняў не бывае. Самалёты ўвогуле вельмі рэдка так прызямляюць. Усе так і сышлося», – распавядае Сцяпан.

Па словах Сцяпана Пуцілы, інфармацыю пра тое, што Раман ляцеў з Афінаў, мела толькі абмежаванае кола людзей. Таксама ён распавёў, што ў іхным агульным чаце неаднаразова абмяркоўвалася тое, што нельга лятаць не толькі над Беларуссю, бо «самалёт могуць пасадзіць у любы момант», але нават над краінамі СНД, якія «прывязаны» да Беларусі.

«Яны сапраўды думаюць што гэта мы, 22-25-гадовыя хлопцы ў жніўні стварылі вось тую сітуацыю, ад якой рэжым захістаўся. Тады было 50/50 шанцаў, што нашыя людзі сапраўды перамогуць. Але можна сказаць што яны пашкадавалі Лукашэнку ў той пераломны момант і не пайшлі далей.

Але яны сапраўды думаюць што вось мы гэта ўсе пачалі і прызнанне нашых каналаў тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі, запыты экстрадыцыі ў Інтэрпол, сведчаць аб тым, што зараз мы – канал NEXTA – успрымаемся як адны з галоўных ворагаў рэжыму», – кажа Сцяпан.

На думку Сцяпана галоўнае зараз «працягваць рабіць тое, што мы робім», але ў адносінах да рэжыму трэба прымаць больш радыкальныя меры:

«Зараз трэба ўзмацняць міжнародны ціск, бо цяпер пратэсты ў вельмі складанай сітуацыі: людзі з камянямі на кулі не пойдуць. Трэба эканамічна ціснуць, не купляць прадуктаў рэжыму, а еўрапейскія палітыкі павінны ўрэшце падняць пытанні, якія сапраўды будуць мець нейкі эфект. Напрыклад, адключэнне ад сістэмы SWIFT ці прызнанне рэжыму тэрарыстычным, спыненне любых сувязяў з ім: эканамічных, гандлёвых і інфармацыйных, каб увогуле рэжым задумаўся, што ён робіць».

Hавiны
Маці Рамана Пратасевіча: Даведалася пра ягонае вяртанне толькі напярэдадні
2021.05.23 21:45

АД, belsat.eu

Стужка навінаў