Мінабароны пракаментавала выкарыстанне знішчальніка для пасадкі пасажырскага самалёта Ryanair


Начальнік Галоўнага штабу, першы намеснік кіраўніка ВПС і войскаў СПА генерал-маёр Андрэй Гурцэвіч заявіў, што дзеля таго, каб забяспечыць пасадку ў Менску пасажырскага самалёта Ryanair, дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны былі прыведзеныя ў гатоўнасць № 1. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

«Атрымаўшы інфармацыю аб наяўнасці ў паветранай прасторы нашай краіны грамадзянскага паветранага судна з магчымым мінаваннем, рашэннем аператыўнага дзяжурнага Цэнтральнага каманднага пункту дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны былі прыведзеныя ў гатоўнасць № 1», – заявіў Гурцэвіч.

Генерал-маёр сцвярджае, што знішчальнік МіГ-29 быў падняты ў паветра нібыта ўжо пасля таго, як камандзір пасажырскага самалёта вырашыў ажыццявіць пасадку на запасным аэрадроме «Менск-2».

«Дзяжурны экіпаж атрымаў задачу ажыццяўляць кантроль і, у выпадку неабходнасці, аказаць дапамогу грамадзянскаму судну ажыццявіць бяспечную пасадку на аэрадром «Менск-2». Пасля таго, як грамадзянскае судна ажыццявіла пасадку, дзяжурны экіпаж, выканаўшы задачу, ажыццявіў пасадку на аэрадроме базавання», – заявіў Гурцэвіч.

Абноўлена
У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае
2021.05.23 17:32

Самалёт Ryanair, які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, развярнуўся ў раёне Ліды і накіраваўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», дзе зрабіў пасадку. Пралятаючы над тэрыторыяй Беларусі, пілоты падалі аварыйны сігнал, на мапе flightradar24.com рэйс быў пазначаны чырвоным колерам.

Прэс-служба менскага аэрапорту сцвярджае, што пілоты падавалі сігнал пра мінаванне борту. Пазней у менскім аэрапорце заявілі, што ў выніку агляду паведамленне аб мінаванні не пацвердзілася.

Дагэтуль не вядома, адкуль узялася інфармацыя аб «мінаванні». Літоўскі бок заяўляе, што інфармацыі наконт паведамленняў пра бомбу яны не атрымлівалі, піша 15min.lt. Прадстаўніца аддзелу камунікацыяў Літоўскага міжнароднага аэрапорту Ліна Бейшэне пацвердзіла парталу Delfi, што самалёт з Афінаў павінен быў прызямліцца ў Вільні а 13:00, але экіпаж вырашыў пасадзіць самалёт у Менску. «Наколькі мне вядома, паміж чальцамі экіпажу і пасажырам адбыўся канфлікт», – адзначыла яна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў