Маці Рамана Пратасевіча: Даведалася пра ягонае вяртанне толькі напярэдадні


Маці Рамана Пратасевіча распавяла «Белсату» пра апошні кантакт з сынам, а таксама пра тое, ці мог хтосьці ведаць пра ягонае вяртанне з Грэцыі ў Літву.

Раман Пратасевіч.
Фота: Раман Пратасевіч / Telegram

Ці вядома вам, што адбываецца з Раманам?

На жаль, нічога. Мы чытаем толькі тое, што з’яўляецца ў тэлеграм-каналах.

Ён вяртаўся сам ці са знаёмымі?

Я ведаю, што быў адзін. Ён аберагаў мяне, каб лішні раз не траўмаваць праз мае праблемы са здароўем. Я толькі ведаю тое, што з’яўлялася ў Тэлеграме. Як мама з сынам мы, вядома, камунікавалі, перапісваліся. Сёння з самай раніцы ён не выходзіў на сувязь. Я пісала, пыталася, што адбываецца, але нічога. І ўжо толькі пазней прачытала і даведалася постфактум.

Хто мог ведаць, калі ён вяртаецца з адпачынку ў Грэцыі ў Вільню?

Ён збіраўся быць там два тыдні. Былі планы вярнуцца раней, але канкрэтнай даты да апошняга моманту не называў. Напярэдадні мы ліставаліся, я спытала, калі збіраецца ляцець. Я ведала, што 23-га, але за некалькі дзён перад рэйсам. Толькі калі праслухоўванне майго тэлефона, але Рома казаў, што ў Тэлеграме бяспечна. Пра ягоны рэйс я ведала з нашай асабістай перапіскі. Больш ніхто не ведаў, хіба што Рома камусьці сказаў.

Ці шукаюць Раману адваката ў Менску, ці ёсць каму дапамагчы?

Засталіся сваякі. Спадзяюся, тыя, хто з ім працаваў, дапамогуць.

Можа, Раман казаў вам пра пагрозы на ягоны адрас?

Не, нічога пра тое, што за ім сочаць ці пагражаюць, ён не распавядаў.

  • Лятак кампаніі «Ryanair», якім ляцеў журналіст і блогер Раман Пратасевіч, выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, але развярнуўся ў раёне Ліды і зрабіў вымушаную пасадку ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» нібыта праз бомбу на борце. Блогера затрымалі беларускія спецслужбы. У Ryanair пацвердзілі, што інфармацыю аб «мінаванні» яны атрымалі ад беларускага боку. Цяпер невядома, што з журналістам і дзе ён знаходзіцца. Тэлефон Рамана недасяжны.
Абноўлена
У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае
2021.05.23 17:32

ДР belsat.eu

Стужка навінаў