Бюджэтнікам уводзяць новую сістэму аплаты і намагаюцца «не дапусціць напружанасці ў калектывах»


Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

З 1 ліпеня ў Беларусі пачне працаваць новая сістэма налічэння прэмій і надбавак бюджэтнікам, паведамляе TUT.by. Так медыкі і настаўнікі застануцца без некаторых надбавак, але змогуць разлічваць на прэміі з невыкарастаных раней грошай бюджэту.

Правілы ўводзяцца паводле ўказа № 482 ад 22 снежня 2020 года. Новаўвядзенні закрануць установы па ахове здароўя, адукацыі, культуры і іншыя. Летась заробкавыя змены прывялі да шматлікіх памылак у налічэнні і выплаце заробкаў бюджэтнікам, скаргаў і калектыўных зваротаў.

Так з 1 ліпеня:

– павялічаць сродкі на прэміраванне работнікаў бюджэтных арганізацый – з 5% да 20% (але ў межах прадугледжаных выдзеленых грошай на аплату працы);

– на прэміі накіруюць нявыкарыстаныя за папярэднія паўгода сродкі, прадугледжаныя на аплату працы;

– у медыкаў адменяць надбаўку за высокія дасягненні ў працы, а ў работнікаў культуры адменяць надбаўку «за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні ў працы»;

– у работнікаў культуры з’явіцца «надбаўка за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні ў працы, складанасць і напружанасць працы» – у памеры ад 5 да 25% сумы акладаў работнікаў;

– для медыкаў увядуць новую кампенсавальную выплату – базавая даплата;

– у ахове здароўя надбаўка за складанасць і напружанасць працы будзе не абмежаваная максімальным памерам (цяпер – да 200% акладу);

– у ахове здароўя надбаўку за забеспячэнне паказчыкаў дзейнасці бюджэтнай арганізацыі ўстановяць кіраўнікам бюджэтных арганізацый у памеры да 200% акладу ўключна (цяпер – да 100% акладу ўключна).

Падрабязней пра плануемыя новаўвядзенні для бюджэтнікаў у асобных сферах можна знайсці ў пастановах профільных ведамстваў.

Зараз на прадпрыемствах чыноўнікі дзяржаўныя прафсаюзы тлумачаць працоўным, як новая сістэма мусіць палепшыць ці хаця б не пагоршыць іх эканамічнае становішча. Так Гомельскі абласны прафсаюз працоўных адукацыі і навукі правёў онлайн-нараду з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Жлобінскага раёну, дзе разглядаліся меры «недапушчэння і папярэджання сацыяльнай напружанасці ў калектывах» з нагоды новай сістэмы налічэння заробкаў.

У некаторых бюджэтных арганізацыях у праекце калектыўнага дагавора, які маюць намер увесці з 1 ліпеня, прапісваюць, што наймальнік і прафсаюз абавязваюцца «прымаць вычарпальныя меры па сацыяльнай абароненасці работнікаў, а таксама недапушчэнні і папярэджанні сацыяльнай напружанасці ў калектыве».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў