Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі паводле стану на вечар 23 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Білборд з ваенным зместам у Львове, Украіна.
Фота: АК / Белсат

Офіс генеральнага пракурора Украіны паведаміў, што ахвярамі ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны, паводле звестак на раніцу 23 красавіка, сталі 595 дзяцей, сярод якіх 208 загінулі, яшчэ 387 параненыя.

Таксама ў выніку штодзённых бамбаванняў і абстрэлаў расейскімі войскамі ўкраінскіх гарадоў і вёсак пашкоджаныя 1,5 тыс. навучальных установаў. Пры гэтым 102 з іх разбураныя цалкам.

Жанчына ідзе побач з пашкоджанай падчас абстрэлу царквою ў вёсцы Лукашоўка. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў ёй расейская армія трымала сваіх параненых салдатаў. Лукашоўка, Чарнігаўская вобласць, Украіна. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле інфармацыі Генеральнага штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейкага войска з пачатку вайны дасягнулі 21 600 чалавек.

Таксама ўчора ўкраінскія вайскоўцы знішчылі камандны пункт 49-й агульнавайсковай арміі РФ. Украінская выведка паведамляе, што камандны пункт месціўся зусім блізка да лініі фронту. У выніку загінулі два генералы расейскай арміі, яшчэ адзін атрымаў цяжкае раненне. Персанальныя звесткі генералаў удакладняюцца.

Расейцы рыхтуюцца да наступу

Разам з тым Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што расейскія войскі заканчваюць перагрупоўванне і рыхтуюцца да маштабнага наступу. Паводле прадстаўніка ўкраінскай выведкі Вадзіма Скібіцкага, для гэтага супернік цяпер на ўсіх кірунках спрабуе вызначыць найбольш уразлівыя месцы Збройных сілаў Украіны. Разам з тым Скібіцкі адзначыў, што Крэмль, нягледзячы на заявы, плануе прыцягнуць Нацыянальную гвардыю Расеі ды іншыя структуры, у тым ліку ФСБ, каб захапіць завод «Азоўсталь» у Марыупалі.

Між тым полк «Азоў» апублікаваў відэа, дзе паказаныя мірныя жыхары Марыупалю, якія хаваюцца на заводзе «Азоўсталь». Сярод іх ёсць і дзеці. Нагадаем, раней расейскі бок выказваўся пра тое, што на тэрыторыі заводу няма цывільнага насельніцтва.

Завод «Азоўсталь» у Марыупалі, Украіна.
Фота: ukrinform.ru

Тым часам брытанская выведка паведамляе, што расейскія вайскоўцы ўзмацнілі наступальныя дзеянні. У той жа час аніякага значнага прагрэсу ім дасягнуць не ўдалося. Апроч таго, брытанцы лічаць заяву міністра абароны РФ Сяргея Шайгу ад 19 красавіка аб «укараненні новых спосабаў вядзення баявых дзеянняў» маўклівым прызнаннем таго, што прагрэс РФ не такі, як планавалася.

Пуцін і ядравая зброя

Разам з тым намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных пытаннях Віктор’я Нулэнд не выключае, што Уладзімір Пуцін можа выкарыстаць ва Украіне тактычную ядравую зброю. У адказ у Мінабароны РФ заявіла, што ЗША рыхтуюць правакацыю, мэта якой – абвінаваціць Расею ў выкарыстанні хімічнай, біялагічнай або тактычнай ядравай зброі. Расейскае ведамства сцвярджае, што правакацыя можа быць учыненая на хімічных і біялагічных аб’ектах Харкава і Кіева, а таксама на Запарожскай АЭС.

Украінскі журналіст Раман Цымбалюк заявіў, што ваеннапалонных Збройных сілаў Украіны ўтрымліваюць у калоніях агульнага рэжыму ў Растоўскай вобласці Расеі. Паводле яго, для канцэнтрацыі ўкраінскіх палонных рассялілі адразу дзве пенітэнцыярныя ўстановы – калоніі агульнага рэжыму № 1 у горадзе Зверава і № 12 у Каменску-Шахцінскім.

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што пад Буда-Кашалёвам у Гомельская вобласці разбіты новы лагер вайскоўцаў. У полі непадалёк вёскі Бронніца заўважылі каля 7 КамАЗаў, палявую кухню і радыёлакацыйную прыладу. Усе машыны без нумарных знакаў. «Беларускі Гаюн» выказаў меркаванне, што гэта расейскія вайскоўцы.

Абноўлена
Адэсу абстралялі крылатымі ракетамі. Загінуў трохмесячны дзіцёнак
2022.04.23 18:24

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў