«Разумела, што калі закрычу, нас перастраляюць». Гісторыя ўкраінкі, згвалтаванай расейскім вайскоўцам


Расейскія вайскоўцы масава гвалтуюць жанчын на акупаваных тэрыторыях, але палічыць дакладную колькасць ахвяр пакуль немагчыма, кажа ўкраінская омбудсвумен Людміла Дэнісава. Часам здзекі адбываліся на вачах у дзяцей. Ёсць выпадкі, калі расейскія салдаты спачатку забівалі мужчынаў, якія былі побач з ахвярамі, а потым гвалтавалі жанчын. Карэспандэнтка «Вот Так» Юлія Колтак пабывала ў Жытоміры, дзе паразмаўляла з адной з пацярпелых у акупацыі і з ейным псіхолагам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына паліць, гледзячы на разбураныя будынкі ў Харкаве, Украіна. 18 красавіка 2022 года.
Фота: Laurel Chor / Zuma Press / Forum

«Сказаў павярнуцца спінай і не крычаць»

З меркаванняў бяспекі рэдакцыя «Вот Так» не выдае прозвішчы гераінь і назву паселішча, дзе расейскі вайсковец учыніў злачынства.

Адзін са спальных раёнаў Жытоміру, з нядаўняга часу – тыл. Сюды да бацькоў з Харкаўскай вобласці змагла вырвацца адна з ахвяр сексуальнага гвалту расейскіх салдатаў. Марыя да вайны жыла і працавала ў Харкаве. Ёй 28 гадоў. У першы дзень вайны яна разам з калегамі паехала да адной з калегаў у Ізюмскі раён.

«Думалі, уся жэсць будзе менавіта ў Харкаве, і ў вёсцы будзе больш бяспечна перачакаць, а потым вярнуцца ў Харкаў. Нас было пяцёра, дзяўчыны і жанчыны, усе працавалі разам і 24-га [лютага] селі ў машыну і паехалі да бацькоў нашай сяброўкі», – успамінае Марыя.

Ужо праз некалькі дзён сяло акупавалі войскі РФ. Дом, дзе хаваліся дзяўчаты, стаяў побач з харчовай крамай.

«Яны марадзёрылі. Зайшлі ў сяло, з крамы выцягвалі абсалютна ўсе – мы бачылі праз акно. Потым трое зайшлі да нас у двор…» – працягвае аповед Марыя.

У гэты момант яна пачынае плакаць, у дзяўчыны дрыжаць рукі. У пакой, дзе мы размаўляем, заходзіць ейны бацька. Ён моцна прыціскае дачку да сябе. Дарослы мужчына сам ледзь стрымлівае слёзы. Просіць закончыць размову, але праз нейкі час Марыя працягвае.

«Гэтыя трое зайшлі да нас у дом, не чачэнцы, не бураты, славянская аблічнасць. Маладыя хлопцы, гадоў па 25 максімум. Спыталі, ці ёсць у доме мужчыны. З намі быў бацька калегі, яму за 60, папрасілі ягоныя дакументы. Нашы дакументы таксама папрасілі. Пакуль двое размаўлялі з татам калегі, адзін сказаў мне: “Пойдём”. Ну, і там усё здарылася».

Жанчыны пратэстуюць супраць вайны. Берлін, Германія. 21 красавіка 2022 года.
Фота: Lisi Niesner / Reuters / Forum

На пытанне, ці пагражаў ёй салдат, Марыя адказвае, што ў яго быў аўтамат, а гэта само па сабе выклікае страх:

«Я не разумела, што адбываецца, была ў ступары. Мы зайшлі ў пакой, ён зачыніў дзверы і сказаў павярнуцца спінай да яго і не крычаць. Ну і далей… гэта працягвалася хвілін 10, потым яго паклікалі, ён адштурхнуў мяне ў сцяну, нацягнуў штаны і выйшаў».

– Гвалтаўнік нешта казаў вам?

– Не, толькі каб не крычала. А я і не магла крычаць – у мяне быў шок, жах, і я прыкладна разумела, што калі закрычу, дзяўчаты могуць уварвацца мяне ратаваць, і нас перастраляюць усіх.

– Вы распавялі сваім сяброўкам пра тое, што адбылося?

– Калі я выйшла, усе і так усё зразумелі. Усе плакалі. У той жа дзень мы вырашылі выязджаць адтуль любымі шляхамі. Бацькі калегі засталіся.

– У праваахоўныя органы вы звярталіся?

– Так, ужо тут, калі выехала, напісала на спецыяльны рэсурс аб учыненым ваенным злачынстве. Са мной звязаліся. Гінекалагічную экспертызу не праходзіла — чатыры дні прайшло на той момант.

– Што вам вядома пра гвалтаўніка?

– Ведаю, што клічуць Андрэй – яго паклікалі гэтым імем таварышы. Больш нічога. Малады, маладзейшы за мяне, хутчэй за ўсё, светлыя вочы і валасы, высокі.

– Цяпер як вы ачуваецеся?

– Першыя дні я не разумела, што адбылося, быў ступар. Інстынкт самазахавання, ці што, спрацаваў, і проста мы шукалі шляхі, каб выехаць хутчэй. Накрыла ўжо тут.

Вінаваціла сябе ў тым, што не супраціўлялася, але потым з псіхолагам пачала займацца, і цяпер ужо разумею, што калі б я пачала супраціўляцца, не выжыў бы ніхто.

Бацькі таксама сябе вінавацілі, што не паехалі са мной, але як бы яны паехалі?.. З імі таксама працуе Алена (псіхатэрапеўтка. – Рэд.). У бацькі інваліднасць, на фронт не ўзялі, ён у першыя дні рваўся, хацеў помсціць.

– Якога пакарання вы пажадалі б гэтаму вайскоўцу?

– Самай страшнай смерці яму, і ўсёй ягонай сям’і, і гэтым вырадкам, якія з ім зайшлі, і наогул усім, хто прыйшоў у нашую краіну. Выбачайце за грубасць, але шчыра кажу.

«Галоўнае – прапрацаваць атрыманую траўму»

З 1 красавіка ва Украіне пад эгідай омбудсмана запрацавала гарачая лінія псіхалагічнай дапамогі. Ахвяры ваенных злачынстваў, у тым ліку жанчыны, згвалтаваныя салдатамі, могуць звярнуцца туды. На лініі працуюць пяць прафесійных псіхолагаў, але ў прыватным парадку пацярпелым дапамагаюць значна больш спецыялістаў. Адна з іх, Алена, працуе з Марыяй онлайн.

– Што галоўнае ў працы з такімі кліентамі, як Марыя?

– Я тэрапеўт, практыкую ўжо больш за 20 гадоў. Шмат працавала з жанчынамі, якія пакутавалі ад фізічнага, сексуальнага і псіхалагічнага гвалту. Але выпадак згвалтавання ў часе вайны – першы ў маёй практыцы.

Галоўнае – прапрацаваць атрыманую траўму, каб жанчына не вінаваціла сябе, каб змагла з часам пабудаваць здаровыя адносіны, стварыць сямʼю, не азлобіцца на мужчынаў, на сябе.

– Колькі сеансаў на тыдзень вы праводзіце?

— Штодня, плюс кліент можа тэлефанаваць мне ў любы час дня і начы, калі здараецца панічная атака. Але Маша – моцная дзяўчына, яна малайчына. У нас ужо вялікі прагрэс, хоць наперадзе яшчэ шмат працы.

— Чаму расейскія акупанты гвалтуюць украінак?

– Мая задача цяпер – дапамагчы пацярпелым, а што ў галаве ў гвалтаўнікоў… гэта нездаровыя людзі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ALEKSANDRA SZMIGIEL / Reuters / Forum

«Мы зробім так, каб у вас не нараджаліся дзеці»

За няпоўныя тры тыдні працы па дапамогу на гарачую лінію звярнуліся больш за 400 чалавек (на дзень 19.04.2022. – Рэд.). Большасць званкоў – ад жыхароў вызваленых гарадоў у Кіеўскай вобласці: Бучы, Ірпіня, Гастомэлю. Людзі звяртаюцца па дапамогу пераважна ў сувязі з палавымі злачынствамі, паведамляла ўкраінскі омбудсман Людміла Дэнісава ў каментары радыё «Свабода».

«Гэтыя жанчыны і дзяўчаты распавядаюць, што, калі іх гвалтавалі, усе гэтыя вырадкі казалі: «Мы зробім так, каб вы ні разу не захацелі больш дапусціць да сябе мужчынаў, каб потым у вас дзеці ніколі не нараджаліся», – распавядала омбудсман.

Паводле Дэнісавай, колькасць зваротаў па псіхалагічную дапамогу штодня расце. Сёння, 22 красавіка, яна паведаміла аб новым выпадку: падчас акупацыі Ірпіня трое расейскіх вайскоўцаў згвалтавалі жанчыну і яе 15-гадовую дачку. Пасля гэтага абедзвюх забілі.

З пачатку вайны зафіксавана 11 выпадкаў, калі жанчыны зацяжаралі ад гвалтаўнікоў.

Hавiны
На Кіеўшчыне знайшлі целы 1084 забітых мірных грамадзянаў
2022.04.22 16:29

Юлія Колтак для «Вот Так»

Стужка навінаў