«Ніводны здаровы чалавек тут не вытрымае». Паглядзелі, як цяпер жывуць у Харкаве


Здымачная група «Белсату» працягвае фіксаваць злачынствы расейскай арміі, здзейсненыя на тэрыторыі Украіны. Гэтым разам нашая каманда наведала раён Харкава пад назваю Паўночная Салтоўка, які найбольш пацярпеў ад варожых абстрэлаў.

На шосты дзень вайны з Украінай, расейскія войскі ўшчыльную падышлі да Харкава, Херсону, Марыупалю. На здымку – цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Паўночная Салтоўка – густанаселены раён Харкава, які ў асноўным забудаваны 9, 12 і 16-павярховымі панэльнымі дамамі. З прычыны свайго геаграфічнага становішча – паўночны ўсход гораду – раён значна пацярпеў ад абстрэлаў расейскай артылерыі.

«Прачнуўся а 5-й раніцы, яшчэ было цёмна, бацькі перапужаліся – пачалася вайна. Ніхто не паверыў адразу: ну якая вайна? Гэта, відаць, феерверкі, у нас іх любяць. Літаральна хвілінаў 10 паляжаў без сну, пачуў першы грохат, і пасля гэтага я зразумеў, што не, усё сур’ёзна. Далей спусціўся па лесвіцы ў сутарэнне і да цяперашняга дня там і жыву. І толькі перыядычна выходжу на паверхню», – распавядае пра пачатак вайны мясцовы жыхар Дзмітрый.

Нягледзячы на тое, што актыўныя наступальныя дзеянні расейцаў на харкаўскім кірунку цяпер не вядуцца, абстрэлы гораду з рознаю перыядычнасцю працягваюцца і дагэтуль.

«Некалькі дзён таму вельмі моцна абстрэльвалі, пужалі, але сённяшні дзень пачаўся адносна ціха, і ноч была больш-менш нічога. Бывала значна горш. Можа быць 10, можа быць 20. Які сэнс лічыць абстрэлы? Можа быць адзін стрэл, а можа быць серыя. Перыядычна нешта ўзрываецца, але зразумець, што гэта – выбух гарматы, ракеты, нейкай міны… я не ведаю. Я чалавек неваенны і нават не ваеннаабавязаны, таму не ведаю».

Разам з тым у раёне працяглы час адсутнічае водазабеспячэнне і газ, а электраэнергію аднавілі толькі нядаўна.

«Вады няма даўно – разбіты водаправод. Газу няма – перабіваўся газаправод, і былі вялікія пажары. А электрычнасць то ёсць, то няма. У нашым доме дзесьці ўжо тыдзень ёсць пастаянна электрычнасць, але ў раёне яе не было і дні тры як ёсць. Да нас заходзілі суседзі падсілкоўваць тэлефоны, грэць ваду, а раней я так жа шукаў электрычнасць у іншых людзей. Таму жывём і дапамагаем адно аднаму як можам», – гаворыць Дзмітрый.

У Харкаве былі нанесены ракетныя ўдары па будынку Службы бяспекі Украіны і абласнога Упраўлення паліцыі. На месцы працавалі супрацоўнікі МНС. Харкаў, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Сцяпан – іншы жыхар Паўночнай Салтоўкі – распавядае, як ягоная сям’я перажыла абстрэл уласнага дому, пасля чаго была вымушаная з’ехаць з гораду.

«З 7 на 8 сакавіка ў наш дом прыляцела дзесьці 9 ракетаў. Я з жонкай сядзеў у сутарэнні, і жонка 9 разоў падскоквала. Ранкам а 4-й гадзіне мы забеглі дамоў, забралі котку, рэчы і збеглі».

Аднак праз 1,5 месяца Сцяпан усё адно вярнуўся ў Харкаў, бо лічыць яго сваім домам.

«У мяне сэрца плача – я тут вырас. Мне цяжка гаварыць, што на душы адбываецца. Але, напэўна, так Гітлер не здзекаваўся, ніводны скуралуп так не рабіў, як цяпер гэта робіцца. Гэта смяротная зброя прыляцела, якая за адно імгненне беднымі і жабракамі зрабіла. І цяпер я проста не разумею, што са мной адбываецца, як цяпер жыць з гэтым, як гэта перажыць».

Мужчына таксама засяроджвае ўвагу на тым, што абстрэлы гораду адбываюцца кожны дзень, хоць і з рознаю інтэнсіўнасцю. Выжываць у такіх умовах складана, таму шмат якія жыхары пакуль не спяшаюцца вяртацца ў свае дамы.

«Валанцёры дапамагаюць ежаю і лекамі, прывозяць усё, дзякуй ім за гэта. Але з такім унутраным станам жыць не так проста. Шчыра, ніводны здаровы чалавек тут не вытрымае нават аднаго дня, ён проста збяжыць адсюль. Але мяне нешта трымае, хочацца тут мне жыць. Так, у гэтых руінах, без умоваў, без вады, без газу, часам і святло прападае, але змагаемся. Гэта, напэўна, мяне робіць мацнейшым».

Харкаў пасля чарговага бамбавання. Будынак інтэрнату, які знаходзіцца ля вайсковай часткі. Харкаў, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Пра вялікую колькасць тых, хто выехаў з Паўночнай Салтоўкі, эмацыйна распавядае і мясцовая жыхарка Кацярына.

«Пустыя дамы – нас тут 10 чалавек засталося, і страляюць, і страляюць. Што той Пуцін думае? У яго мазгоў няма! Няма ні вады, ні газу, адно святло ёсць, дзякуй богу. На электрапечцы гатую есці, на першым паверсе жыву, калі б вышэй – таксама пайшла б у сутарэнне».

Сама жанчына не плануе пакідаць горад, бо ёй проста няма куды паехаць.

«Кожны дзень і кожную ноч – няма ніводнага дня спакойнага. І мне няма куды ехаць, бо сваякоў няма. Толькі ў Адэсе, але там тое самае было, таму яны самі павыязджалі. А куды ехаць?»

Разам з тым Кацярына прызнаецца, што ўжо прызвычаілася да такога жыцця, і пра магчымую небяспеку для сябе разважае спакойна.

«Ведаеце, я ўжо адаптавалася, ужо нічога не ўплывае на мяне, я не рэагую на гэтыя стрэлы. Калі пачынае бліжэй падаць, то я ўцякаю ў хату. Калі што здарыцца, дык хоць будуць ведаць, хто загінуў. А калі дзе на дарозе, дык сабакі косці парасцягваюць. А так хоць суседзі калі-небудзь знойдуць ды закапаюць і будуць ведаць, каго закапалі».

Усе жыхары Паўночнай Салтоўкі ў размове з «Белсатам» пацвярджаюць, што расейскія войскі, нягледзячы на свае заявы, абстрэльвалі і працягваюць абстрэльваць жылыя раёны з цывільным насельніцтвам.

Фота
«Еду да ўнучак, якіх ніколі не бачыў». Рэпартаж з цэнтру для ўцекачоў у польскім Жэшаве
2022.04.08 09:00

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 5 млн асобаў.

Масавыя забойствы мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыі і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна абвяргае сваю датычнасць да забойстваў цывільнага насельніцтва.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў