Крэмль на год адтэрмінаваў Менску выплату крэдыту


Расея прапанавала беларускаму рэжыму адтэрмінаваць на год выплату больш за $ 1 млрд крэдыту. Пра гэта паведаміў 22 красавіка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.

Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.
Фота: Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь

«Гэта нестандартны ход. Стандартны – гэта рэфінансаванне. Цяпер стаўкі дастаткова высокія, таму мы дамовіліся пра вось такую схему», – сказаў Селіверстаў.

Паводле яго, Беларусь дамовілася разлічвацца з Расеяй паводле схемы, якая «не рэфінансаванне, але, па сутнасці, – рэфінансаванне».

«За гэты перыяд таксама налічваюцца адсоткі за карыстанне рэсурсамі. І, па сутнасці, гэта тое ж самае рэфінансаванне. Тамака добрыя стаўкі, добрыя тэрміны. Таму агулам камфортна. Рэфінансаваць на заходнім рынку заходнія грошы зараз не атрымаецца – гэта відавочна. Але тое, што мы не будзем ажыццяўляць гэтых плацяжоў… Не, мы спрабавалі іх праводзіць і гэтак далей, але ў тым традыцыйным фармаце – у замежнай валюце – нашы калегі іх не прымаюць. Значыць, будзем шукаць іншыя варыянты. Калі ім падасца неабходным зняць гэтыя свае абмежаванні, тады, мусіць, вернемся да ранейшага жыцця. Калі яны іх здымуць», – адзначыў міністр.

Hавiны
У Мінфіне Беларусі прызналі праблемы з паступленнямі сродкаў у бюджэт: дэфіцыт можа скласці 10 %
2022.03.20 22:24

У канцы сакавіка Селіверстаў заявіў, што ў студзені – лютым бюджэт выконваўся дастаткова стабільна, але ў сакавіку сітуацыя пагоршылася.

«Цяпер плацяжы за сакавік паступаюць больш стрымана. Ёсць праблемы з абʼёмамі паступленняў ад тых сектараў, якія апынуліся пад санкцыямі і пакуль не перабудаваліся: гэта экспарт калійных угнаенняў, экспарт нафтапрадуктаў», – адзначыў ён.

Паводле міністра, у выніку «прасядання» плацяжоў «адсоткаў 10 мы не дабяром».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў