Суседзі паскардзіліся на беларускамоўнага пенсіянера. Цяпер яго падазраюць у фінансаванні пратэстаў


У Менску затрымалі 65-гадовага пенсіянера – на яго паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Імаверна, затрыманы – гэта Адам Шпакоўскі, да якога 21 красавіка ўварваліся міліцыянты і праводзілі вобшук на працягу шасці гадзінаў. Як стала вядома праваабаронцам, на мужчыну паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай». Пасля затрыманага павезлі ў ізалятар на Акрэсціна, па словах яго сямʼі, суд ужо адбыўся і пакараў мужчыну арыштам на 15 содняў.

У МУС заяўляюць, што 65-гадовы мужчына і 33-гадовая жанчына былі адміністратарамі раённага чату Уручча, на іх выйшлі байцы ГУБАЗіКу. Нібыта ў кватэры пенсіянера знайшлі і канфіскавалі 65 тысяч еўра і 87 тысяч долараў, хаця «пенсія мужчыны не перавышае 280 рублёў». Цяпер ГУБАЗіК правярае яго дачыненне да фінансавання пратэстаў.

Сам затрыманы на відэа МУС кажа: «У мяне дома выяўлены друкаваныя матэрыялы фармата А3 і А4 з рознай грамадска значнай інфармацыяй». Пра грошы гаворкі не ідзе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў