«Сітуацыя складаная, але не крытычная». Як украінскія салдаты ў данецкай Мар’інцы рыхтуюцца да расейскага ўварвання

Фота: Настасся Уласава / Белсат

Эксклюзіўны рэпартаж Аксаны Грыцэнкі і Настассі Уласавай для «Белсату» з Мар’інкі Данецкай вобласці ва Украіне.

Увечары пасля баявога дзяжурства снайпер з пазыўным Хан паліць і разважае пра вайну. «Сітуацыя складаная, але не крытычная», – кажа ён пра расейскія войскі, што сканцэнтраваліся на ўкраінскай мяжы. У Марʼінцы, як і ў іншых месцах на лініі фронту, украінскія салдаты і цывільныя думаюць пра тое, ці будзе наступ з боку Расеі. І калі будзе, то дзе менавіта.

З канца сакавіка Расея пачала сцягваць войскі да межаў з Украінай, а таксама ў анексаваны Крым. Паводле ацэнак Жузэпа Бурэля, кіраўніка дыпламатыі ЕЗ, на дзень 20 красавіка каля мяжы з Украінаю былі ўжо 100 тысячаў расейскіх жаўнераў. Гэта больш чым у 2014 годзе, калі Расея пачала вайну на Данбасе.

Падзелены вайною Данбас называюць самым верагодным месцам для ўварвання. Акрамя таго, можа быць удар з Крыму з захопам Херсону, атака Адэсы з мора або нават уварванне праз поўнач Украіны, куды расейскія войскі могуць увайсці з Расеі або Беларусі.

Фота: Настасся Уласава / Белсат

«З Беларусі могуць наступаць цалкам, – кажа Хан і звязвае гэта з расейска-беларускімі вучэннямі «Захад-2021», запланаванымі на верасень. – На сёння там [у Беларусі] ужо каля 15–18 тысячаў асабістага складу [расейскіх войскаў]. Плюс падчас вучэнняў яны могуць завесці яшчэ 15–20 тысяч».

Хану 50 гадоў, і гэта ўжо пятая ягоная вайна. Ён ваяваў у Прыднястроўі і Чачэніі на баку Расеі, у югаслаўскай вайне на баку Харватыі, а таксама быў наймітам у Афрыцы. Татарын з нацыянальнасці і патомны вайсковец нарадзіўся ў Чэлябінскай вобласці, першыя гады жыцця правёў у Нямеччыне, дзе служыў ягоны бацька, рос у Адэсе. Хан вучыўся ў сувораўскай вучэльні і да распаду СССР служыў у Іркуцку, адкуль вярнуўся ва Украіну. Ён лічыць сябе ўкраінцам, а Адэсу – сваім домам.

Хан кажа, што далучыўся да Еўрамайдану праз неймаверную карупцыю пры прэзідэнце Віктару Януковічу: «Я займаўся бізнесам і бачыў, як пачалі занасіць грошы. Гэта была проста катастрофа! Валізкамі насілі. Адкаты дасягалі 50–60 %».

У студзені 2014-га ён з адэскімі сябрамі паехаў на Майдан у Кіеў, а потым з лета – на вайну на Данбас. Праз узрост яму 4 разы адмаўлялі ў ваенкамаце, і да 2015-га ён ваяваў валанцёрам, як шмат хто ў пачатку вайны. Хану давялося спыніць стасункі са сваякамі ў Расеі, а таксама былымі калегамі, якія ваявалі з супрацьлеглага боку. Ён зрабіўся для іх ворагам.

Фота: Настасся Уласава / Белсат

У закінутым доме, дзе кватаруюць вайскоўцы, у тэлевізары паказваюць фільмы пра Другую сусветную. У навінах кажуць, што Украіна збіраецца напасці на ДНР і ЛНР. У Мар’інцы, як і на ўсёй лініі фронту, не працуюць украінскія тэлеканалы, салдаты глядзяць навіны ў расейскім або сепаратысцкім тэлебачанні. Украінскія ўлады так і не здолелі пабудаваць вышкі, якая б перабівала тэлесігнал з Данецку. З радыё тая ж гісторыя.

На сценах – плакаты пра шкоду алкаголю і пра змагара з іншай брыгады, які перабег у студзені на варожы бок праз аліменты і непагашаных крэдытаў. На салдацкіх ложках дрэмлюць каты. У Марʼінцы, як і ўсюды па Данбасе, шмат кінутых жывёлінаў, і яны прыбіваюцца да вайскоўцаў.

Хан кажа, што з 2017-га ўкраінская армія пачала атрымліваць якасную зброю і навучанне ад інструктараў з Захаду: «Вінтоўкі ў нас добрыя – амерыканскія і ўкраінскія «UR-10». Войскі больш-менш падрыхтаваныя, гэта ўжо не 2014 год».

Фота: Настасся Уласава / Белсат

З 2015 года лінія фронту практычна не рухаецца. Гэта пазіцыйная, акопная вайна, дзе гінуць у асноўным ад мінамётных абстрэлаў, мінаў і снайперскіх куляў.

Хан кажа, што, пачынаючы з лютага, з боку Данецку пачалі дзеяць больш падрыхтаваныя і абсталяваныя снайперы: «Я больш чым упэўнены, што гэта расейцы. Спецыфіка працы, узровень вельмі высокі».

Снайперы праціўніка выкарыстоўваюць дарагія прыборы для выяўлення оптыкі і такім чынам вызначаюць месцазнаходжанне ўкраінскіх снайпераў. Таксама яны маюць баявыя лазеры, якія спальваюць сятчатку вока і асляпляюць украінскіх байцоў. Хан кажа, што ў больніцах цяпер ляжаць хлопцы з пашкоджанымі вачыма.

У Хана дзве кантузіі, пласціна ў плячы. Ён дрэнна спіць і паліць да другой гадзіны ўначы.

Фота: Настасся Уласава / Белсат

Раніцаю салдаты едуць на стрэльбішча, нягледзячы на дробны дождж і размоклую гліну пад нагамі. Лежачы на турыстычных дыванках, снайперы адпрацоўваюць навыкі стральбы. Іхныя мішэні нельга ўбачыць няўзброеным вокам, яны цэляцца на адлегласць каля 1000 метраў.

«Такія трэнаванні трэба ладзіць мінімум два разы на тыдзень, каб не страціць навыкаў», – кажа інструктар з пазыўным Добры.

Добраму 49 гадоў, ён з гораду Пакроў Днепрапятроўскай вобласці. Былы майданавец, быў добраахвотнікам у батальёне «Айдар» да таго як перайшоў ва ўзброеныя сілы. Добры горда дэманструе казацкі чуб пад сваёй шапкай і кажа, што не варта маркоціцца праз расейскую пагрозу:

«Што яны [расейцы] робяць? Яны нарываюцца. Але ў нас ёсць дакладныя пратаколы дзеянняў. Мы павышаем боегатовасць. Трэнуемся пры любым надвор’і».

Інструктар з пазыўным Добры. Фота: Настасся Уласава / Белсат

Салдаты кажуць, што ўкраінская армія – гэта каля 240 тысячаў чалавек, да якіх могуць далучыцца да 1 мільёна рэзервістаў. Калі Расея наважыцца на наступ, гэта будуць цяжкія баі і велізарныя страты з абодвух бакоў.

«Ды як яны [расейцы] змогуць утрымаць захопленыя тэрыторыі? Яны і кавалак Данбасу ўтрымаць не могуць», – кажа стралок з пазыўным Патрык (ад «патрыёт»).

Патрыку 33 гады, ён з расейскамоўнай Адэсы, 2 гады таму пастанавіў перайсці на ўкраінскую, каб ягоная маленькая дачка таксама вучылася гаварыць на роднай мове. Ён сябра валанцёрскай Украінскай добраахвотніцкай арміі (УДА), якая адкалолася ад «Правага сектару», аднаго з нешматлікіх добраахвотніцкіх батальёнаў, які не ўліўся ні ў шэрагі войска, ні паліцыі. Хоць яшчэ ў 2015-м добраахвотнікаў сталі адводзіць з першай лініі фронту, «дабрабаты» працягваюць ваяваць на перадавой плячо ў плячо з рэгулярнымі войскамі.

Патрык доўга сумняваўся, ці варта яму ісці ва ўзброеныя сілы, праз распаўсюджаную там бюракратыю. Урэшце адважыўся пры ўмове, што гэта будзе праца на вынік, і рады, што трапіў да снайпераў.

Фота: Настасся Уласава / Белсат

Патрык некалькі гадоў быў у самаабароне Адэсы, кажа, што гэта ўсё яшчэ вельмі прарасейскі горад. Нават у прыфрантавой Мар’інцы мясцовыя больш праўкраінскія, чым там, лічыць ён.

Жыхары Марʼінкі не любяць казаць пра палітычную прыналежнасць, але часта ўспамінаюць баі ў горадзе, аж да найменшых падрабязнасцяў і дакладных датаў.

Да вайны Марʼінка была прадмесцем Данецку. Тут спыняўся гарадскі транспарт і многія мясцовыя рэгулярна ездзілі ў Данецк на працу або па набыткі.

У 2014–2015 гадах Мар’інка некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Горад абстрэльвалі «Градамі». У былым будынку міліцыі на цэнтральнай плошчы зеўраюць велізарныя дзіры. Мясцовыя кажуць, што ўкраінскія вайскоўцы стралялі па хаце з танка, каб выбіць сепаратыстаў, якія там заселі.

Фота: Настасся Уласава / Белсат

У 2020-м жыццё для жыхароў Мар’інкі трохі наладзілася. Абстрэлы было амаль не чуваць дзякуючы перамірʼю, якое доўжылася з ліпеня да студзеня. «Хтосьці вярнуўся, хтосьці жытло адбудаваў. Не хацелася б, каб усё ўзнавілася», – кажа пенсіянерка Вера Мокрая, якой 58 гадоў.

У 2014–2015 гадах Вера Мокрая часта начавала ў склепе. У ейны дом, дзе жылі кватаранты, трапіў снарад. На шчасце, людзей тады там не было. Вера кажа, што да добрага прызвычайваешся хутка, і, пакуль не было абстрэлаў, яна прывыкла да цішыні: «Калі ў канцы лютага гукі страляніны аднавіліся, то стала страшна. А раней, наадварот, цішыня нас насцярожвала».

Вера Мокрая. Фота: Настасся Уласава / Белсат
Фота: Настасся Уласава / Белсат

У Мар’інцы, куды ні глянь, убачыш вайскоўцаў. Мясцовыя не звяртаюць на іх увагі. Дзеці бегаюць з мячом паўз салдатаў, якія ідуць на заданне. Па вуліцах раскіданыя кабелі ад стацыянарных тэлефонаў. Вайскоўцы карыстаюцца імі як найбольш бяспечным метадам сувязі, бо мабільны сігнал лёгка перахапіць.

Салдаты і мясцовыя ставяцца адно да аднаго насцярожана. У многіх жыхароў Марʼінкі сваякі або сябры ваююць на баку сепаратыстаў. Тэлебачанне транслюе крамлёўскую прапаганду, але людзі яшчэ з пачатку вайны імкнуцца давяраць толькі сваім вачам, ведаючы, што навіны хлусяць.

Фота: Настасся Уласава / Белсат

Салдаты ўспамінаюць, што нядаўна мясцовы дзед скраў у іх стол з двара. Калі адшукалі, стол ужо пайшоў на дровы. Інцыдэнт замялі з дапамогаю пытання пра Крым.

«Мы яму: «Дзед, кажы, чый Крым!» – згадвае 48-гадовы снайпер з пазыўным Каба. – Ён адказвае: «Наш». Мы тады пытаем: «А каго ты называеш «мы»? Ён адказвае, што ўкраінцаў. Так і разышліся».

Аксана Грыцэнка і Настасся Уласава для belsat.eu/ІР

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны