Нестыкоўкі ФСБ і КДБ. Навошта Пуціну і Лукашэнку патрэбны фэйк са спробай перавароту?


Лукашэнка заяўляе пра перадухіленне спробы ўзброенага дзяржаўнага перавароту, падрыхтаванага амерыканскімі спецслужбамі. Пуцін публічна паўтарае гэты тэзіс і пагражае калектыўнаму Захаду. У гэтую гісторыю мала хто верыць. Але ці вераць у яе самыя кіраўнікі Беларусі і Расеі? І што хочуць схаваць адзін ад аднаго Пуцін і Лукашэнка? Каментуюць кіраўнік праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў, расейскі вайсковы эксперт Аляксандр Гольц і прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Праца CIA і FBI, планы захопу сям’і Лукашэнкі і прызначаны для гэтага склеп у Гомельскай вобласці, які ўжо паспеў стаць мэмам. Казкі ў Беларусі ў вячэрні час расказвае яе нелегітымны кіраўнік:

«У планах – захоп дзіцяці: аднаго, другога, як атрымаецца. Маўляў, пасадзім у склеп. Дарэчы, у Гомельскай вобласці і склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу, прывялі, яны нам паказалі, як усё планавалі. Мы знайшлі іхнае жаданне з’явіцца ў Менску і заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і ягоных дзяцей».

Цяга да выдумвання такіх гісторыяў у Лукашэнкі даўняя: першы раз пра замах на сябе ён заяўляў яшчэ перад выбарамі ў 1994 годзе.

Анатоль Лябедзька, прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Напрыклад, у Лёзне Лукашэнка – гэта чалавек, які ішоў на пакарэнне палітычнай Джамалунгмы – Эвэрэсту. І тады гэта ўспрымалася як нейкая рэальная пагроза для чалавека, цікавага мільёнам выбарнікаў, таму там ён набіраў нейкія балы, нейкі пазітыў. Сёння, калі рэйтынг Лукашэнкі сарамліва выглядвае з-пад плінтуса, такія гісторыі ўжо не працуюць. Яны выклікаюць толькі пацісканне плячыма. І тут дывідэндаў ніякіх Лукашэнка дакладна не набярэ».

ВІДЭА
Фэйкавыя пераварот і ліквідацыя Лукашэнкі гэта аперацыя ФСБ ці КДБ? Інтэрв’ю з Маркам Фейгіным
2021.04.22 20:56

Цяпер жа – дзіўная заява падчас суботніку. Маўляў, супольна з расейцамі выкрылі злосны план. Што праўда, у версіях – разлад. ФСБ Расеі заяўляе пра падрыхтоўку вайсковага перавароту ў Беларусі з удзелам беларускіх генералаў пры падтрымцы ЗША і Польшчы, Лукашэнка ж кажа пра змову пад кіраўніцтвам ці то CIA, ці то FBI.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «Belarus Security Blog»:

«Відавочна, што агучванне гэтай гісторыі пра няздзейснены путч было цалкам знянацку і незапланаваным. Таму мы і пабачылі гэтыя нестыкоўкі ў версіях паміж Лукашэнкам, беларускаю прапагандаю, расейскім ФСБ і тым, што нам потым паказвалі далей».

Відавочна, што, выказваючы план нібыта сілавой змены ўлады і робячы гэта ў Маскве, аўтары ідэі мусілі быць цалкам упэўненыя ў статусе сваіх суразмоўцаў ды іхнай прыхільнасці, а таксама ў поўнай бяспецы ўсіх удзельнікаў перамоваў. Значыць, такія гарантыі ў Маскве ім нехта даў.

Анатоль Лябедзька, прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Ініцыятыва належыць тут спецслужбам Расейскай Федэрацыі. Для іх вельмі спакусліва, каб яшчэ больш прывязаць Лукашэнку ў гэтай сітуацыі, стварыць уражанне, што без Масквы ён абсалютна нікуды. І для іх ёсць яшчэ такая фішка – вельмі добрая сітуацыя, каб узмацніць напружанне паміж Лукашэнкам і ЗША ды Еўрапейскім Звязам».

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «Belarus Security Blog»:

«Расейская ФСБ паведамляе: Зянковіч і Фядута былі ўпэўненыя, што сустракаюцца з беларускімі генераламі. Таму вельмі верагодна, што гэта былі сапраўды беларускія генералы, рэальныя. І гэтыя людзі па сваім статусе былі здольныя рэалізаваць вось тыя планы, якія прынамсі мы пабачылі на абнародаваным відэа, дзе чалавек, падобны да Фядуты, прамаўляе план дзяржаўнага перавароту ў Беларусі».

Размова
Ці была змова супраць Лукашэнкі? Версія Дзмітрыя Шчыгельскага
2021.04.22 22:20

І на фоне гэтай гісторыі гучныя заявы Уладзіміра Пуціна пра перадухіленне спробы забойства Лукашэнкі выглядаюць нічым іншым, як банальным пераводам стрэлак пры выкарыстанні радыкальнай рыторыкі свайго беларускага калегі. Маўляў, сапраўды выкрылі цынічны план Захаду захапіць уладу ў Беларусі.

Аляксандр Гольц, вайсковы эксперт, Расея:

«Падтрыманне Пуціным Лукашэнкі носіць не кан’юнктурны, а прынцыповы характар. Уладзімір Уладзіміравіч цвёрда перакананы, што любая спроба народу пазбавіцца аўтарытарнага кіраўніка – абавязкова вынік змовы заходніх спецслужбаў. Бо народ настолькі дурны, што не можа хацець пазбавіцца аўтарытарнага кіраўніка».

Што праўда, Лукашэнку гэта пазітыву не дадае, бо ён сам і ягонае атачэнне выдатна бачаць, што Расея гуляе ў сваю гульню, а рэжым можа выкарыстаць хіба ў якасці мяча.

Анатоль Лябедзька, прэзідэнт цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Запасы «Навічка» і розных інструментаў, што выкарыстоўваюць спецслужбы, якія выйшлі з НКВД, з КДБ, застаюцца. Таму Лукашэнка мусіць баяцца як расейцаў, так і сваё атачэнне. Такі лёс ува ўсіх аўтарытарных кіраўнікоў – баяцца».

Таму цяпер даводзіцца выкручвацца і прыдумваць магчымыя формы здабычы падтрымання Крамля, бо палітычных козыраў на руках практычна не засталося. Вось і спрабуе нелегітымны кіраўнік пужаць Маскву амерыканскімі спецслужбамі ў Беларусі і дэманстраваць адказ на гэта ў форме чарговых таямнічых абяцанняў.

Hавiны
КДБ: Фігурантам справы аб дзяржаўным перавароце выстаўленыя абвінавачанні, яны даюць паказанні
2021.04.22 08:15

Аляксандр Лукашэнка:

«Нават калі мяне не будзе, у іх нічога не атрымаецца. Я прыняў рашэнне, зараз мне трэба яго фармалізаваць. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, дэкрэт прэзідэнта».

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «Belarus Security Blog»:

«Асноўная задача для Лукашэнкі – гэта давесці Пуціну сваю карыснасць і патрэбнасць на пасадзе прэзідэнта Беларусі праз дэманстрацыю агульнасці ворагаў: таго, што амерыканцы спрабавалі ў купе з палякамі зрынуць Лукашэнку, забіць яго і гэтак далей. Гэта шоу для Уладзіміра Пуціна».

Тое, што Пуцін на гэта не купіцца, зразумела. Таму ён дакладна выкарыстае гэтую сітуацыю, каб максімальна даціснуць Лукашэнку ў пытаннях бліжэйшай вайсковай і эканамічнай інтэграцыі.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 22.04.2021

ПраСвет
Крэмль сур’ёзна займаецца мяккай анексіяй Беларусі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2021.04.23 13:53

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum; Alexei Druzhinin/Kremlin Pool

Стужка навінаў