Гісторыя аднаго фотаздымка: летась на «Чарнобыльскі шлях» выйшлі 6 асобаў. Што з імі цяпер?


26 красавіка 2020 года апазіцыйныя палітыкі ўсклалі кветкі да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобылю» ў сталічным парку Дружбы народаў. Ад масавай акцыі адмовіліся праз забарону ўладаў і эпідэмію каронавіруса. Але сімвалічнае шэсце ўсё ж адбылося: Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Ігар Барысаў і Дзмітрый Кучук прайшлі традыцыйным маршрутам.

У сімвалічным шэсці ўзялі ўдзел апазіцыйныя палітыкі: Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Ігар Барысаў і Дзмітрый Кучук.
Фота: adziny2020 / Telegram

Хто быў на гэтым здымку і як прайшоў для іх гэты год, распавядаем злева направа.

Юрый Губарэвіч – кіраўнік руху «За свабоду», сябра Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У той год мы падавалі заяўку, але Менгарвыканкам не даў дазволу, спасылаючыся на каронавірус. Мы вырашылі нікога не заклікаць, а прайсці традыцыйны шлях. Мы адчувалі ўвагу працаўнікоў міліцыі, хаця нас не затрымлівалі. Тады мы не маглі ўявіць, як за год зменіцца сітуацыя і грамадства. Калі б цяпер нешта падобнае праводзілася, нам бы не далі прайсці і сотні крокаў», – кажа Юрась Губарэвіч.

Губарэвіч – сведка ў крымінальнай справе аб стварэнні і дзейнасці Каардынацыйнай рады. Ён адмовіўся падпісваць дакумент пра неразгалашэнне.

Цяпер палітык у Беларусі і планаў пакідаць краіну не мае.

«Цяпер палітыкам не трэба змагацца за грамадскую ўвагу. Людзі прагнуць любой інфармацыі, якая наблізіць іх да пераменаў. Але гэта значыць, што адказнасці стала больш».

Віталь Рымашэўскі сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, удзельнік Каардынацыйнай рады. Кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе.

Віталь Рымашэўскі. Крыніца: RymasheuskiVital / Facebook

5 сакавіка 2021 года ў Менску Віталя Рымашэўскага затрымалі разам з удзельнікамі студэнцкага прафсаюзнага сходу. Раніцаю 6 сакавіка з міліцыі ўсіх адпусцілі: правялі «прафілактычныя гутаркі» і вызвалілі без складання пратаколаў.

«Нашая партыя бярэ ўдзел ува ўсіх працэсах: мы падтрымлівалі Святлану Ціханоўскую, Каардынацыйную раду. Сустаршыня партыі Павел Севярынец застаецца за кратамі. Вольгу Кавалькову ўлады вывезлі з краіны».

Віталь Рымашэўскі цяпер у краіне: «Важна быць разам з беларускім народам у тых умовах, у якіх яны ёсць. Вельмі шмат людзей цяпер з’язджаюць з Беларусі. Хаця б частка грамадскіх дзеячаў мусіць быць унутры краіны, інакш тыя, хто ў эміграцыі і робіць вельмі важную працу, непазбежна будуць адрывацца ад рэчаіснасці. Гэта вельмі небяспечна, бо неадэкватныя заклікі будуць шкодзіць. Ніводная палітычная сіла не можа існаваць, калі ўсе яе ўдзельнікі – у эміграцыі».

Вольга Кавалькова сябра Каардынацыйнай рады, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Вольга Кавалькова.
Фота: Яна Пракапчук / Белсат

Вольгу Кавалькову затрымалі 24 жніўня 2020 года на праходнай МТЗ, тады суд прызначыў ёй 10-дзённы адміністратыўны арышт. Не выйшаўшы на волю, яна правяла за кратамі яшчэ 15 содняў.

Пасля паўторнага арышту Кавалькова апынулася ў Варшаве, дзе на прэс-канферэнцыі распавяла, што яе вывезлі сілавікі: «Прадстаўнікі Следчага камітэту прыехалі да мяне, далі капюшон і маску, я не ведала, куды мяне вязуць. Мы прыехалі на пункт пропуску Брузгі. Я прайшла пашпартны кантроль, і мне запрапанавалі на нейтральнай тэрыторыі выклікаць таксі».

Мікалай Казлоў – старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Мікалай Казлоў.
Фота: Белсат

У сакавіку 2021 года супраць Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 407 «Разгалашэнне звестак дазнання».

Мікалай Казлоў неаднаразова адмаўляўся даваць падпіску пра неразгалашэнне пасля допытаў у Следчым камітэце ў «справе Каардынацыйнай рады». Пасля яго судзілі за непадпарадкаванне (пазней судовую пастанову адмянілі), ён правёў трое содняў у ізалятары на Акрэсціна. Адтуль трапіў у шпіталь МУС. Цяпер у Беларусі.

Казлоў – былы падпалкоўнік міліцыі, які ў 2008 годзе пасля парламенцкіх выбараў заявіў пра фальсіфікацыю на выбарчым участку, які ён ахоўваў падчас датэрміновага галасавання. Міліцыянта вымусілі звольніцца.

Ігар Барысаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Ігар Барысаў, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Фота з мінулага года – нешта далёкае і нерэальнае. Год таму яшчэ можна было прайсціся па вуліцах сталіцы з кветкамі ў руках. Цяпер няма ўпэўненасці, што не схопяць каля свайго ж дому. За год рэжым не абмінуў сваёй увагай і мяне. Летам таго ж года ацаніў маё перабыванне ў кавярні як удзел у масавых мерапрыемстве ў раёне Камароўкі – на 40 базавых велічыняў. Штраф паводле артыкулу 23.34 КаАП стаў трэцім за апошнія паўтара года ў маёй калекцыі».

А сёлета палітыка затрымалі напярэдадні Дня Волі, ён быў адным з заяўнікаў вулічнай акцыі. Палітык адбыў 15 содняў на Акрэсціна і ў Жодзіне.

Ігар Барысаў цяпер у Беларусі і працягвае займацца справамі партыі.

«Шмат для каго паводзіны рэжыму – адкрыццё, але не для мяне, бо ціск я ўпершыню адчуў у 2005 годзе. З таго часу мяняліся толькі маштабы і метады, аднак не сутнасць самога рэжыму. Веру, што ўсё зменіцца і мы неўзабаве адсвяткуем перамогу, бо дабро заўжды перамагае зло».

Дзмітрый Кучук – старшыня зарэгістраванай партыі «Зялёныя».

Дзмітрый Кучук, кіраўнік партыі «Зялёныя».
Фота: Белсат

«Год пачынаўся як вызначальны для палітычных партыяў. Мы не чакалі, што выйдзе столькі людзей. Людзі хочуць пераменаў і выйшлі масава. Цяпер беларусы губляюць надзею на тое, што дэмакратычныя партыі зменяць сітуацыю. Але я заклікаю не губляць надзеі!»

Партыя «Зялёных» брала ўдзел у праймерыз і назіранні за выбарамі прэзідэнта.

«Я ў Беларусі і з’язджаць не збіраюся, мы будзем змагацца. Цяпер хочуць прыняць новы закон аб палітычных партыях. Можа здарыцца так, што дэмакратычныя партыі будуць зачышчаныя, але мы будзем спрабаваць захаваць партыю».

22 красавіка 2021 года Менскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні «Чарнобыльскага шляху» ў сталіцы, спасылаючыся на адсутнасць дамоваў з міліцыяй, хуткай і камунальнікамі, «няправільны» маршрут, які, на думку ўладаў, не адпавядае патрабаванням закону. А таксама арганізатары нібыта да атрымання адказу ад уладаў агучылі маршрут і час збору ўдзельнікаў, што забаронена законам. Яшчэ адною з прычынаў пазначылі каронавірус.

АГ belsat.eu

Стужка навінаў