258-ы дзень пратэстаў. Суд па справе журналістак «Белсату», санкцыі супраць Nivea і арышты за марш у Малінаўцы


Belsat.eu падводзіць вынікі 23 красавіка – 258-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Суд пакінуў без зменаў вырак Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай

Судовая калегія Менгарсуду ў складзе Валенціны Зенькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка разгледзела апеляцыйную скаргу на вырак журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай.

У Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі на прысуд карэспандэнткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Суддзі пакінулі прысуд без зменаў. Адвакат Андрэй Мачалоў. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. 18 лютага 2021 года суддзя Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі.

Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд Фрунзенскага раённага суду і спыніць вытворчасць па гэтай крымінальнай справе. Але судовая калегія пакінула прысуд без зменаў. Самі журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не прымалі – суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават па відэасувязі.

У Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі на прысуд карэспандэнткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Суддзі пакінулі прысуд без зменаў. На фота: Ігар Ільяш, муж Кацярны Андрэевай. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Муж Кацярыны Ігар Ільяш заявіў, што ні ён, ні Кацярына не мелі ілюзіяў наконт вынікаў разгляду апеляцыйнай скаргі:

«Цуду не адбылося. Я не меў ілюзіяў. Судовая сістэма і правасуддзе ў Беларусі раптам не зʼявіліся. Выбліску сумлення не адбылося. Людзі, якія выконваюць абавязкі суддзяў, ужо даўно пазбаўленыя гэтай хімеры».

Абноўлена
Суд пакінуў без зменаў вырак Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Каці і Дашы ў зале не было
2021.04.23 09:16

Адвакат Кацярыны Андрэй Мачалоў заявіў, што плануецца падаваць наглядную скаргу на імя старшыні Менскага гарадскога суда, а ў выпадку яе незадавальнення – у Вярхоўны Суд Беларусі.

Увечары 23 красавіка працаўнікі рэдакцыі «Белсату» зладзілі акцыю ў падтрымку зняволеных журналістак ля амбасады Беларусі ў Варшаве.

Працаўнікі рэдакцыі «Белсату» зладзілі акцыю ў падтрымку Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай ля амбасады Беларусі ў Варшаве. 23 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Контрсанкцыі

Урад Беларусі забараніў увоз тавараў шэрагу кампаніяў «з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа». Адпаведную пастанову савет міністраў прыняў 23 красавіка. У пералік забароненых унесены тавары кампаніяў Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвая марка Nivea ды іншыя).

Прадукцыя Nivea. Менск, Беларусь. 16 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на аўтамабілі Škoda, якія зарэгістраваныя ў краінах ЕАЭС або ўвозяцца туды часова. Таксама беларусам дазволяць увозіць тавары забароненых кампаніяў для асабістага карыстання. Але гандлёвым аб’ектам, якія будуць ажыццяўляюць гандаль гэтымі таварамі на тэрыторыі Беларусі, будзе выдавацца прадпісанне на забарону іх рэалізацыі.

«Асобы, якія парушаюць забарону на ўвоз у Беларусь забароненых тавараў і іх рэалізацыю, будуць прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам», – адзначаюць у прэс-службе ўраду.

У студзені кампаніі Škoda, Nivea і Liqui Molly заявілі, што адмовяцца выступаць спонсарам хакейнага Чэмпіянату свету ў Беларусі праз гвалт і палітычныя рэпрэсіі ў краіне. Пазіцыя сусветна вядомых кампаніяў моцна паўплывала на Міжнародную федэрацыю хакея, якая ў выніку прыняла рашэнне пазбавіць Менск права на правядзенне ЧС-2021.

«Содні» за марш у Малінаўцы і затрыманні ў Курапатах

Дваравы марш, які адбыўся ўчора ўвечары ў Малінаўцы, скончыўся затрыманнямі. ГУУС Менгарвыканкаму паведамляе, што агулам было затрымана 30 чалавек. Затрыманні праходзілі даволі жорстка, некаторых пратэстоўцаў паклалі тварам на зямлю. У РУУСах на менчукоў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а на некаторых яшчэ і за «непадпарадкаванне міліцыі» па арт. 24.3 КаАП. Паводле пратаколу, яны крычалі «Жыве Беларусь», свяцілі ліхтарыкамі і шлі ў групе асобаў з БЧБ-сцягамі. Сёння суды каралі ўдзельнікаў маршу адміністратыўнымі арыштамі.

Сярод затрыманых падчас «хапуну» у Малінаўцы быў Сяргей Міронаў (вядомы па мему «хлопотное дельце») і яго маці. Сяргею далі 30 содняў арышту, а справу маці адправілі на дапрацоўку.

Hавiны
Міліцыя паведаміла пра масавыя затрыманні падчас дваровога маршу ў Малінаўцы
2021.04.23 16:29

Таксама сёння суды разглядалі адміністратыўныя справы ўдзельнікаў учорашняга вечаровага маршу ў Новай Баравой.

Агулам цягам 23 красавіка судзілі 25 чалавек: пяцёра былі аштрафаваныя, а астатніх пакаралі адміністратыўным арыштам на тэрмін ад 10 да 30 содняў.

Зміцер Дашкевіч і Ганна Шапуцька ў Курапатах.
Фота: facebook.com/zm.dashkevich

Увечары сілавікі затрымалі Змітра Дашкевіча, Ганну Шапуцьку, Кірыла Лойку і яшчэ двух удзельнікаў курапацкай варты. За некалькі гадзінаў да гэтага Зміцер Дашкевіч выклаў у Фэйсбуку фота з Курапатаў з подпісам: «У Курапатах сонейка перамагло мокры снег, то, пэўне ж, і ў Беларусі праўда пераможа хлусню».

Адам Шпакоўскі. Скрыншот з відэа YouTube/МВД Беларуси

Таксама ў пятніцу стала вядома, што два дні таму ў Менску затрымалі 65-гадовага пенсіянера Адама Шпакоўскага. Цяпер ГУБАЗіК правярае на датычнасць да фінансавання пратэстаў.

У кватэру да мужчыны 21 красавіка ўварваліся міліцыянты і праводзілі вобшук на працягу шасці гадзінаў. Як стала вядома праваабаронцам, на Шпакоўскага паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай». Пасля затрыманага павезлі ў ізалятар на Акрэсціна, па словах яго сямʼі, суд ужо адбыўся і пакараў мужчыну арыштам на 15 содняў. У МУС заяўляюць, што 65-гадовы мужчына і 33-гадовая жанчына былі адміністратарамі раённага чату Уручча, на іх выйшлі байцы ГУБАЗіКу. Нібыта ў кватэры пенсіянера знайшлі і канфіскавалі 65 тысяч еўра і 87 тысяч долараў, хаця «пенсія мужчыны не перавышае 280 рублёў».

Увечары 23 красавіка стала вядома пра затрыманне на вуліцы Балтыйскай у Менску журналістаў, якія прыйшлі на інтэрвʼю з былой палітзняволенай Марыя Сафонавай. Адна з затрыманых – Таццяна Бублікава.

Прысуды за словы

Вольга Насыр за каментар «вусаты таракан» атрымала год хіміі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Жанчына мае непаўналетняе дзіця, віну прызнала цалкам. Суддзя Трусевіч Максім. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Суд Першамайскага раёну Менску 23 красавіка вынес рашэнне ў крымінальнай справе супраць 30-гадовай Вольгі Насыр, якую вінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Жанчына разведзеная, мае 9-гадовае дзіця. Паводле матэрыялаў справы, Вольга Насыр у адным з тэлеграм-каналаў размясціла ў дачыненні Лукашэнкі паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, у тым ліку назвала яго «вусатым тараканам». Суддзя Максім Трусевіч прысудзіў Вользе абмежаванне волі на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

У судзе Аршанскага раёна і горада Ворша 23 красавіка быў вынесены прысуд мясцоваму жыхару Максіму Шаўлінскаму. Яго абвінавацілі ў паклёпе на міліцыянта (арт. 188 Крымінальнага кодэксу), паведамляе spring96.org.

Пасля выбараў у рабочым чаце адной гандлёвай кампаніі, прадстаўніцтва якой ёсць у Воршы, людзі акрамя сваіх рабочых пытанняў абмяркоўвалі і падзеі ў краіне. Нехта ў агульны чат скінуў фотаздымак міліцыянта Вішнеўскага. Работнікі ў запале тых падзеяў негатыўна выказаліся і пра самога міліцыянта і пра тое, што адбывалася.

Калі пратэсты пайшлі на спад, а міліцыя пачала рэпрэсіі, першым з гэтай гандлёвай кампаніі затрымалі Арцёма Кандрацьева. У выніку Арцём атрымаў 1,5 гады «хіміі». Пасля сканчэння суда і следства па Кандрацьеву, узяліся і за Максіма Шаўлінскага. На момант першага затрымання ў яго літаральна тыдзень таму нарадзілася чарговая дачка. Увогуле Максім выхоўвае чатырох дзяцей: двое ад першага шлюбу жонкі і двое сваіх, адной з якіх – малодшай дачцэ – яшчэ не споўнілася двух месяцаў.

Сёння суддзя Мікалай Драгуноў агучыў прысуд – два гады «хіміі». Таксама Шаўлінскі таксама абавязаны выплаціць пацярпеламу 1 000 рублёў кампенсацыі за маральны ўрон.

Hавiны
Тэлеграм-канал «ByPol» прызналі экстрэмісцкім – за падрыў «аўтарытэту дзейнай улады»
2021.04.23 14:14

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў