«Здароўе пагоршылася». Анджэліка Борыс ужо год у турме


Год за кратамі застаецца Анджэліка Борыс – старшыня непрызнаванага беларускім рэжымам Саюзу палякаў у Беларусі. Палітычную зняволеную трымаюць у Жодзінскай следчай турме № 8, інфармацыі пра Борыс з-за кратаў амаль не даходзіць.

За нібыта «распальванне нацыянальнай варожасці і рэабілітацыю нацызму» жанчыне пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Саюз палякаў у Беларусі пры падтрыманні фонду «Польшча 360» зарганізаваў публічнае святкаванне дня нараджэння зняволенай старшыні Саюзу Анджэлікі Борыс. Варшава, Польшча. 17 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Еду ў Ленінскі РАУС» – напісала год таму ў «Фэйсбуку» старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс. З таго дня яна застаецца ў зняволенні.

«Вядома, балюча і цяжка, што яна там сядзіць. Я сама была ў Жодзіне (Следчая турма № 8. – Заўв. рэд.) і ведаю, якія там умовы. Вось Хершэ выйшла, вы бачылі… таму мне псіхічна вельмі цяжка», – кажа Ірэна Бярнацкая.

Анджэліка Борыс і Ірэна Бярнацкая – фігуранткі «справы Саюзу палякаў у Беларусі» – арганізацыі, якую нязменны палітычны рэжым ніколі не прызнаваў, а пасля разгортвання маштабных рэпрэсіяў у краіне – вырашыў выкараніць. Прадстаўнікоў нелаяльнай да Аляксандра Лукашэнкі польскага меншасці абвінавацілі ў «распальванні нацыянальнай, рэлігійнай і моўнай варожасці, а таксама ў рэабілітацыі нацызму»… За тое, што пачынаючы з 2018 года СПБ адзначала Дзень памяці жаўнераў пасляваеннага антыкамуністычнага падполля. У Польшчы многія лічаць героямі жаўнераў, якія аказвалі ўзброены супраціў савецкай акупацыі, навязанай Польшчы Масквою.

«У палітыку мы ніколі не паглыбляліся. Мы вучылі дзяцей, могілкі прыбіралі, гісторыю вучылі праўдзівую… Анджэліка Борыс казала так: «У праўдзе жывем, нікому не хлусім, таму наперад і алілуя!» – узгадвае Ірэна Бярнацкая.

У абмен на свабоду Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву вывезлі ў Польшчу без права вяртання ў Беларусь. Лідарка Саюзу палякаў у Беларусі пазней таксама пагадзілася выехаць у Польшчу, але ўлады стрымліваюць ад’езд. Чаму, тлумачыць Анджэй Пісальнік – яшчэ адзін беларускі паляк, які замінаў беларускаму рэжыму.

«Нам здаецца, тут адыграла ролю, што катэгарычна не пагадзіўся выязджаць у Польшчу Анджэй Пачобут, а ўладам арганізоўваць другі перакід на мяжу для адной асобы з нейкіх прычынаў было нязручна», – сказаў рэдактар сайта znadniemna.pl Анджэй Пісальнік.

Калега спадарыні Анджэлікі, журналіст Анджэй Пачобут – таксама фігурант «справы Саюзу палякаў у Беларусі». МЗС Польшчы сёння заявіла, што здароўе абодвух палітвязняў пагоршылася і зноў заклікала вызваліць іх.

«Мы да гэтага часу не ведаем, што з ёй адбываецца, у якім яна стане… Ніхто ніякай інфармацыі не дае. Гэта вельмі цяжка псіхалагічна ўспрымаць і разумець. Лепшую за яе як кіраўніка з добрай душой і добрым сэрцам, неймавернай любоўю да дзяцей я яшчэ не сустракала», – сказала актывістка СПБ Надзея Залатарэвіч.

Акрамя ператрусаў і затрыманняў у СПБ, у Беларусі зліквідаваныя польскія культурна-асветніцкія абʼяднанні «Poloniczka» і «Kresy», а таксама грамадская польская школа ў Берасці. Рэжым таксама выслаў некалькі польскіх дыпламатаў.

Артыкулы
«Наперад. З праўдай. І алілуя!» Анджэліка Борыс – год за кратамі
2022.03.23 18:09

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Стужка навінаў