ЗС Украіны захапілі адну з самых магутных станцыяў радыёэлектроннай барацьбы Расеі


Украінскія вайскоўцы захапілі камандны модуль сістэмы РЭБ «Красуха-4», што можа стаць сапраўднай знаходкаю для разведкі, паведамляе аддзел парталу The Drive, які спецыялізуецца ў ваенных дзеяннях.

«Красуха-4» здольная выяўляць і блакаваць розныя радары на дыстанцыі да 300 км.

Поўны склад станцыі РЭБ.
Фота: Мінабароны РФ

Байцы захапілі камандны пункт па-за межамі Кіева. Вайскоўцы выявілі адну з дзвюх машынаў «Красуха-4» пад нумарам 1RL257. Поўны комплекс складаецца з дзвюх машынаў на базе грузавікоў КамАЗ-6350.

Кантэйнер машыны мае пашкоджанні камандна-штабнога модулю, асабліва ў частцы ніжняга краю рамы. Люкі доступу на бачным боку адсутнічаюць, але ў цэлым стан модулю добры, пішуць у выданні.

Захоплены камандны модуль сістэмы РЭБ «Красуха-4».
Фота: UAWeapons/ Twitter

На фота відаць, што на кантэйнеры ляжаць галінкі дрэваў, але незразумела: гэта свядомая спроба схаваць яго, ці ён застаўся ў такім выглядзе пасля нападу або аварыі.

Паведамляецца, нават палова сістэмы «Красуха-4» можа мець вялікае значэнне для войскаў РФ з аператыўнага гледзішча. Гэта адна з самых магутных мабільных сістэмаў РЭБ ва УС Расеі. Яна здольная выяўляць і блакаваць радары, аглядныя радары, бартавыя радыёлакацыйныя датчыкі выяўлення, актыўныя радыёлакацыйныя галоўкі саманавядзення і вышынямеры ў ракетах.

Размяшчэнне «Красухі-4» недалёка ад Кіева магло ўскладняць украінскім сілам і іх міжнародным партнёрам пошук і нацэльванне на расейскія падраздзяленні ў гэтым раёне з дапамогай радару.

У выданні мяркуюць, што падобную ўстаноўку адназначна хацелі б займець спецслужбы ЗША і іншых краінаў Захаду для вывучэння.

Hавiны
Украінская выведка сцвярджае, што расейцы вярбуюць беларускіх вайскоўцаў для вайны супраць Украіны
2022.03.23 13:42

АД belsat.eu

Стужка навінаў