«Украіна – краіна, якая нас прытуліла». Як беларускія добраахвотнікі ловяць расейскіх лазутчыкаў у Адэсе

Усё больш беларусаў далучаюцца да абароны Украіны ад расейскай агрэсіі. Пры гэтым не толькі ў складзе Батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з беларускімі ваярамі з добраахвотніцкага атраду імя Іллі Ліцвіна, якія нясуць службу ў Адэсе.

Беларускія добраахвотнікі ў Адэсе. Фота перадаў герой размовы

Перад пачаткам вайны ў Адэсе было каля 400 беларускіх сем’яў. Але практычна ўсе з’ехалі з гораду пасля нападу Расеі на Украіну. Тыя ж, хто застаўся, дапамагаюць мясцовым бараніць горад ад расейскай пагрозы. Некаторыя з іх вывезлі з Адэсы свае сем’і, а самыя засталіся ў горадзе.

«Я ўжо каля дзесяці гадоў у Адэсе жыву. Астатнія хлопцы з нашага атраду з’ехалі з Беларусі пасля падзеяў 2020 года. З валанцёрамі ў нас каля 30 чалавек. Дзяўчаты сеткі плятуць, хтосьці на складах валанцёрскіх дапамагае. А на патруляванні – 15 беларусаў», – распавёў «Белсату» прадстаўнік атраду Барыс.

Суразмоўца падкрэсліў, што «кожны знайшоў сабе занятак, без справы ніхто не сядзіць удома».

Беларускія добраахвотнікі ў Адэсе. Фота перадаў герой размовы

«Украіна для нас – гэта краіна, якая нас прыняла, прытуліла. І ў нас да яе адпаведнае стаўленне», – адзначыў Барыс.

Сам ён далучыўся да абаронцаў Украіны ў першы ж дзень вайны:

«Калі шчыра, стаміліся. За гэты час быў толькі адзін дзень адпачынку. І тое давялося справамі займацца. Месяц быў зусім без перадыху».

«Свае браты»

Паводле Барыса, недаверу да беларускіх ваяроў з боку ўкраінцаў з прычыны грамадзянства няма: «свае браты».

«Тым, з кім мы стасуемся са Збройных сілаў, Нацыянальнай гвардыі, паліцыі, мы распавядаем, дый яны разумеюць, што Беларусь і Лукашэнка – гэта розныя рэчы. Асцярогі, што беларускія войскі могуць увайсці ва Украіну, ёсць. І вельмі б не хацелася, каб такое адбылося», – адзначыў суразмоўца.

Разам з тым у тэрытарыяльную абарону беларусаў не аформілі, бо Беларусь – краіна-агрэсар. Таму ў першыя дні вайны беларускія добраахвотнікі патрулявалі вуліцы гораду разам з паліцыяй. А пасля «самаарганізаваліся ў асобную адзінку» – добраахвотніцкі атрад імя Іллі Ліцвіна, названы ў гонар беларускага добраахвотніка, які загінуў 4 сакавіка ў баях каля Кіева.

Расейскія лазутчыкі, затрыманыя беларускімі добраахвотнікамі. Фота: Думская — новости Одессы / Telegram

«Мы добраахвотніцкі атрад, падначальваемся ЗСУ і таксама працуем з паліцыяй. Патрулюем горад. Ёсць у нас пэўны раён, які мы патрулюем. У асноўным адлоўліваем лазутчыкаў», – паведаміў прадстаўнік атраду.

Шпіёны спрабуюць прабрацца да вайсковых аб’ектаў, сфатаграфаваць іх, высветліць колькасць асобаў, наяўнасць тэхнікі. Апошнім часам іх ловяць амаль штодня.

Гэтак, 21 сакавіка на адным з блокпастоў беларускія добраахвотнікі затрымалі двух мужчынаў, якія спрабавалі абысці пазіцыі абароны і трапіць на закрытую тэрыторыю. На адным з тэлефонаў знайшлі перамовы з акупантамі. Тыя прасілі перадаць інфармацыю пра баявыя пазіцыі Нацгвардыі і ЗСУ, абяцаючы ўзамен перавесці грошы.

Расейскія лазутчыкі, затрыманыя беларускімі добраахвотнікамі. Фота: Думская — новости Одессы / Telegram

«Пакуль Мікалаеў трымаецца, Адэса – у адноснай бяспецы»

Таксама вечарамі беларусы дапамагалі арганізаваць выезд уцекачоў цягніком у польскі Пшэмысьль. Дапамагалі людзям сядаць у вагоны, сачылі, каб не ўцякалі прызыўнікі, каб перадусім выязджалі дзеці і старыя. Але апошнімі днямі наплыў ужо мінуў, цяпер людзі сядаюць у цягнік спакойна.

У цэлым, кажа Барыс, «адэсіты жывуць, як нічога не было». Пачынаюць працаваць зачыненыя крамы і нават кавярні. Людзі спакойна гуляюць па горадзе ўдзень.

«У нас цывільнае насельніцтва не моцна думае пра вайну», – адзначыў суразмоўца.

Беларускія добраахвотнікі ў Адэсе. Фота перадаў герой размовы

Але пры гэтым вайна застаецца вайною, і пагрозы Адэсе ніхто не адмяняў. Гэтак, 21 сакавіка расейскія караблі абстралялі горад з мора. Пры гэтым у выніку страляніны з украінскага боку быў пашкоджаны адзін з расейскіх караблёў.

«Усё залежыць ад Мікалаева. Пакуль Мікалаеў трымаецца, Адэса – у адноснай бяспецы. Дэсанту ў іх [Расеі. – Заўвага рэд. Belsat.eu] – 10 караблёў, гэта 3000 чалавек. Гэта ні пра што. Іх тут раскладуць, і ўсё. Гэта не настолькі вялікі кантынгент, каб яны тут адным дэсантам маглі нешта вырашыць. Але калі б яны прайшлі Мікалаеў і падышлі да Адэсы зямлёю, то пры наяўнасці дэсанту гэта было б ужо небяспечна. А цяпер адзін дэсант нічога не вырашыць», – адзначыў суразмоўца.

Як дапамагчы

Адэскі атрад не належыць да Батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Гэта асобнае падраздзяленне, але паміж сабою яны кантактуюць.

«З усяго свету нам беларусы дапамагаюць: з Грузіі, з Еўропы. І дапамогу прысылаюць. Пры магчымасці фінансава. Шмат хто дапамагае абсталяваннем, якое вельмі неабходнае і якое тут немагчыма нідзе набыць. І мы з гэтага нешта таксама перадаем у Кіеў у Батальён Кастуся Каліноўскага, у Мікалаеў», – кажа Барыс.

Чарговую дапамогу з Польшчы, палову з якой плануюць перадаць у Кіеў, чакаюць ужо на гэтым тыдні.

Беларускія добраахвотнікі ў Адэсе. Фота перадаў герой размовы

Дапамагчы беларускаму добраахвотніцкаму атраду імя Ілля Ліцвіна можа наступным чынам:

Перавод на карту ў UAH:

https://send.monobank.ua/8AxR1W77K5

Перавод у USD:

IBAN: UA223220010000026200306796136

Acnt N: 26200306796136

Kuzmenko Maryna

Swift: UNJSUAUKXXX

Прызначэнне: humanitarian purposes

Перавод у EUR:

IBAN: UA713220010000026209326742901

Acnt N: 26209326742901

Kuzmenko Maryna

Swift: UNJSUAUKXXX

Прызначэнне: humanitarian purposes

Крыптагаманцы для дапамогі:

Ethereum – 0x5aC0441822F5CDB8ed83139d517377428FA207BB

Bitcoin – bc1q3yyw7efuk2pawq6rv0a48uasjklafcftp68xsg

USDT – TURLCPBMYM6baAs39p4Q2m7TsK4LFvqLRE

ПС belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату