Цуды самаарганізацыі. Як жыхары Бравароў ля Кіева перажываюць ваеннае становішча


Украінскі горад Бравары быў першым, куды патрапілі расейскія ракеты ўжо 24 лютага. Шмат людзей пакінула паселішча, а тыя, хто застаўся, зарганізавалі супраціў, у якім занятыя і бабулі, і дэпутат, і кухаркі. Мы пагутарылі з Ганнаю Габэлюк, якая напоўніцу ўлілася ў жыццё браварскога грамадскага вызваленчага руху, і распыталі яе пра гісторыі суседзяў ды знаёмых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грамадзянскія добраахвотнікі наведваюць трэніровачны лагер войскаў тэрытарыяльнай абароны ў Браварах. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Felipe Dana / Associated Press / East News

Жанчына, якую ахоўваюць наймацней

Першаю Ганна назвала кабету, якая да вайны працавала кухаркай у прадлёнцы, а цяпер сталася асобаю, якую ці не найбольш у горадзе ахоўваюць:

«Людміла – перасяленка з Данецку. У яе тут сям’я, мае дачку. Яна прыўкрасна гатуе, працавала ў прадлёнцы. І яна была з дзеткамі ўсё сюсі-пусі, дзеці на ежу пафырквалі, мамы пісалі, што трэба бульбу памяняць на нешта іншае і гэтак далей. Бахнула вайна – яна з першага дня пайшла кухарыць. Нават не ведаю, колькі літровых рондаляў баршчу яна робіць для тэрабароны не разгінаючыся».

Сустрэцца з Людмілаю не так проста. У Браварах гуманітарную дапамогу збіраюць у спартовым манежы, а ежу можна адвозіць асобна. Аднак пабачыць майстрыцу гатавання наўрад ці выпадзе:

«Як я разумею, усе прадукты, якія тэрабарона збірае, потым Людміле адпраўляюць. І калі мы сабралі машыну прадуктаў, павезлі канкрэтна ёй. Мужа праверылі паводле нумароў, упусцілі ў нейкі пад’езд, разгрузілі ў двары, а да Людмілы нават не пусцілі. Я так разумею, яна асоба найвышэйшага ўзроўню сакрэтнасці».

Вернік і галоўны ў кактэйлях

Яшчэ адна знакавая асоба ў Браварах – дэпутат, які не з’ехаў, а застаўся з гараджанамі і таксама выкарыстоўвае свае магчымасці на карысць перамогі. Леанід Чэрэпейнік мае станцыю для сартавання смецця. Мужчына глыбока рэлігійны, таму сам у рукі зброю ўзяць не можа. А вось бутэлек даць усім ахвочым намяшаць кактэйляў Молатава – калі ласка.

«Леанід прайшоў у дэпутаты, бо ён вельмі за экалогію. Ён арганізаваў сартаванне смецця па ўсіх Браварах на сваёй станцыі, у яго даўно быў гэты бізнес. Ён адзін з дэпутатаў напісаў на сваёй старонцы, што яму не дазваляе вера забіваць, але ёсць багата бутэлек, таму прывозьце бензін, будзем калаціць кактэйлі Молатава. Я была ў шоку. Ён выграб усе бутэлькі, у сваім двары зарганізаваў пляцоўку, усе да яго прыходзяць, прыносяць што трэба, робяць кактэйлі і вельмі яму ўдзячныя», – распавядае Ганна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адзін з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны Кіева прымае добраахвотнікаў. На здымку – прыгатаванні кактэйлю Молатава, Кіеў, Украіна. 28 лютага 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Жанчына адзначыла, што двор Леаніда таксама пад аховай, але гэта не параўнаць з тым, як ахоўваюць Людмілу. Акрамя бутэлек, Леанід таксама збірае дапамогу тым, хто асабліва цярпіць ад вайны.

Дапамога мамам і старым

Яшчэ адна гісторыя – пра Алену Лахно, якая збірае рэчы жанчынам з дзецьмі, якія засталіся ў горадзе падчас вайны, а таксама састарэлым.

«Яна самастойна зарганізавала гуманітарны штаб, дзе дапамагаюць мамачкам і дзеткам. Я пра яе даведалася праз Чэрэпейніка, бо ён ад сваёй царквы возіць ёй нейкія памперсы, харчаванне і нешта яшчэ. Ганаруся – не магу!» – прызнаецца нашая суразмоўца.

Алена таксама шукае лекі хворым.

Гераічныя бабулі

Асобам сталага веку асабліва цяжка даецца эвакуацыя, некаторым няма да каго паехаць, то яны і засталіся ў Браварах. Аднак проста так сядзець у сутарэнні не плануюць – вельмі актыўна ўліліся ў новае жыццё супольнасці.

«Калі мы былі ў сховішчы – не падчас абстрэлу, а проста рыхтаваліся, – нехта там штосьці падкручваў, нехта заносіў, выносіў. І мы пачалі абмяркоўваць, што трэба цеплавізар набыць для тэрабароны ў Браварах. І першая адгукнулася адна спадарыня сталага веку, сказала, што ў яе ёсць сто долараў, і дужа выбачалася, што ў грыўнях», – згадвае нашая суразмоўца.

Бабулі самі шукалі, чым могуць быць карысныя ў цяперашняй сітуацыі. У першыя дні тэрытарыяльнай абароне было трэба ўсё, і калі Мікалай, муж Ганны, збіраў рэчы для іх, дык гэтыя кабеты заўважылі ягоную машыну ды напхалі ў яе кансерваў і не толькі.

«Цягнулі ўсё, у асноўным закаткі і рэчы, а адна бабуля прынесла спальнік і дзве рацыі. Яны, вядома, дапатопныя, але калі Мікола прывёз іх у тэрабарону, тыя рацыі адарвалі з рукамі», – падзялілася Ганна.

Знішчаныя расейскія танкі на дарозе пасля баёў пад Браварамі. 10 сакавіка 2022 года.
Фота: Felipe Dana / Associated Press / East News

Яшчэ бабулі плятуць маскавальныя сеткі:

«Бярэш любую тканіну цёмную, рэжаш на паскі і прывязваеш да сеткі. Ёсць пункты, куды можна прыйсці і плесці. А Мікола прыдумаў, што гэтым можна заняць бабуль, каб ім не трэба было нікуды ісці. Яны набралі тканіны, сабраліся ў сутарэнні і рэзалі яе, шчаслівыя, што хоць нечым дапамагаюць».

Бабулі гатовыя і расейскія танкі сустракаць.

«Яны абышлі сметніцы, назбіралі бутэлек, ім прывезлі бензіну. Яны нарабілі кактэйляў Молатава і цяпер кажуць, што калі па цэнтральнай вуліцы паедуць такні, яны вылезуць са склепу, кінуць бутэлькі і схаваюцца назад», – адзначае актывістка.

Досвед з Данецку прыдаўся каля Кіева

Сама Ганна мусіла пакінуць Данецк яшчэ падчас першай хвалі вайны з Расеяй. Прызнаецца, што з таго часу ў захаваліся вельмі карысныя веды:

«У першы дзень людзі былі разгубленыя, яны хацелі дапамагаць, але не ведалі, што рабіць. А я ведала, што рабіць. Калі мы былі ў Данецку, нічога такога зарганізаваць было нельга, бо горад здалі, за такія рэчы маглі проста застрэліць. А тут ты разумееш, што тваймі рукамі нешта рэальна робіцца. Я мужу распавяла, што пакуль ёсць магчымасць, варта рабіць тое і тое. Так мы знайшлі Чэрэпейніка ды астатніх, скантактаваліся з іншымі, з тэрабаронаю».

Жанчына згадвае, што ў пачатку вайны людзі, якія не з’ехалі, проста хадзілі па двары і не ведалі, як і куды звярнуцца, каб быць карыснымі:

«А цяпер Коля выходзіць у двор, усе да яго бягуць, ужо чакаюць з пакетамі. А калі тэрабарону ўжо забяспечылі, пачалі прыдумляць, што яшчэ можна рабіць. Так кожнаму ахвочаму знайшлося сваё месца».

Рэпартаж
Рэпартаж: Кіеў у абцугах і абарона сталіцы ў прадмесцях
2022.03.17 20:00

Ганна звяртае ўвагу, што ў такі час самае галоўнае – не паддавацца паніцы, бо ў такім стане чалавек можа нашкодзіць не толькі сабе:

«У нас ёсць знаёмая, яна ўсё не магла вырашыць, ці заставацца ёй у Браварах. Мы яе з дзіцем бралі некалькі разоў на ноч. Яна была заплаканая, дзіця разгубленае, перапужанае глядзіць на маці і нічога не разумее. Калі чалавек у такім стане, то лепей з’ехаць у бяспечнае месца, знайсці сабе карысную ролю, бо на табе адказнасць за дзіця. Мы з Міколам перажываем гэты час больш спакойна, і нашыя дзеці гэта бачаць, не мітусяцца, падчас абстрэлаў у сутарэнні кніжкі чытаюць».

Мэр даў ключы ад спартовага манежу

Паводле Ганны, калі пачалася вайна, людзі чакалі ад кіраўніка гораду Ігара Сапожкі нейкай арганізацыі, але той толькі даў ім ключы ад манежу, дзе цяпер збіраюць гуманітарную дапамогу.

«Тэрабарона кажа, што ён не даў ніводнага пісталета ці нечага яшчэ. У тэрабарону проста сабраліся паляўнічыя з тым, што самі мелі – ім зброю толькі апошнімі днямі падвезлі. Ад гораду нічога не вылучылі, таму ў абаронцаў да яго вельмі шмат пытанняў. Мы вельмі баімся, што ён можа проста здаць наш горад», – падзялілася актывістка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына праходзіць міма абарончых збудаванняў у Браварах. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Мэр Бравароў Ігар Сапожка некаторы час таму сам звярнуўся да «Белсату», каб даць каментар, аднак ён не адказаў нам ні на тэлефанаванні, ні на пісьмовыя звароты.

Вайна – не нагода спыняць рамонт

У мірны час Ганна і Мікола займаліся будаўнічымі матэрыяламі. Цяпер, вядома, ім не да таго, але некаторыя людзі мяркуюць, што цяпер – нармальны час, каб скончыць нарэшце рамонт у кватэры:

«Чалавек робіць сабе рамонт, жыве каля беларускай мяжы, дзе да яго войскі могуць прыйсці ў любы момант. Ужо два тыдні ідзе вайна, а ён замаўляе плінтусы. Правёў перадаплату, усё, сядзіць, чакае, калі яму пошта прывязе замову», – распавядае Ганна.

Актывістка адзначыла, што гэта не адзінкавы выпадак. У першыя дні вайны, калі людзі масава намагаліся выехаць з гарадоў, адзін кіяўлянін стаяў у заторы, каб трапіць у Бравары і забраць дзверы. Ну не жыць жа без дзвярэй.

Яшчэ адзін гаспадарлівы чалавек доўга настойваў, каб яму адамкнулі склад і ён мог забраць свае дзверы:

«Мы яму кажам, што ідзе абстрэл, што ніхто не паедзе той склад адмыкаць, то ён адказаў, што пачакае, калі скончыцца абстрэл, і тады забярэ. Хаця потым пагадзіўся, каб ягоная замова пакуль паляжала ў складзе».

Настроі людзей

«У нас добра дзеіць прапаганда, шмат інфармацыі пра тое, дзе якія перамогі, колькі знішчана расейскіх войскаў, пра нашыя страты таксама гавораць, але меней. Пра Марыупаль распавядаюць меней, хаця там проста жах. І настрой у людзей адпаведны: яны вераць у тое, што ўсё не дарма, што мы вось-вось пераможам. Нават тыя бабулі… Але як яно будзе, не ясна», – адзначае актывістка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грамадзянскія добраахвотнікі наведваюць трэніровачны лагер войскаў тэрытарыяльнай абароны ў Броварах. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Felipe Dana / Associated Press / East News

Даволі моцна памянялася стаўленне ў людзей да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, заўважае Ганна:

«Усе ад яго ў захапленні. Мне ёсць з чым параўноўваць: калі быў захоп Данецку, то што б мы ні рабілі, як бы ні пратэставалі, было бачна, што нас здавалі. Мы Расеі тады прайгралі ў той прапагандзе. А тут усё зладжана працуе: мы бачым Зяленскага, усе героі, усе малайцы».

Артыкулы
«Калі Украіна пераможа, то і Беларусь вызваліцца». Размова з каардынатарам дабрачыннага фонду дапамогі ўкраінцам
2022.03.21 07:30

Жанчына таксама адзначыла, што не зразумела, як працуюць фонды і як да іх звяртацца па дапамогу:

«Столькі навінаў, што нам і тыя грошы перавялі, і тыя перадалі зброю, а ў Браварах нічога доўга не было, хаця расейскія войскі з нашага боку і едуць. Я пісала ўва ўсе фонды, прасіла дапамогі, а ніхто не адказаў».

Пра беларусаў у атачэнні Ганны ніхто кепска нават не кажа:

«Калі мы распавялі, што нам беларусы дапамагаюць, усе, такія: ого, дзякуй ім. Не было такога, што: фу, беларусы, не будзем ад іх нічога прымаць. Я падпісаная на агромністую колькасць валанцёраў, усе пішуць, якія беларусы малайцы і як дапамагаюць. Пра беларускі легіён пішуць нароўні з нашымі навінамі. Калі беларус загінуў, пра яго таксама па ўсіх каналах паведамілі і спачувалі, як і нашым салдатам. Нідзе не бачыла ўпярэджанага стаўлення. Я мяркую, што выпадкі, калі да беларусаў агрэсіўна ставяцца, адзінкавыя. Усе, з кім я гаварыла, усе ведаюць, як вам цяжка, чаму вы ўцякалі з Беларусі, што вам пагражалі катаванні і пераслед. Нават тыя, хто ў Беларусі застаўся, дзякуй і ім за супраціў. А тое, што з Беларусі ракеты Рашкі ляцяць, дык вас ніхто не пытаў».

Гісторыі
«Абараняючы цяпер Украіну, я абараняю і Беларусь». Чаму беларускія дактары застаюцца працаваць ва Украіне
2022.03.14 13:58
Hавiны
Інжынер стаў збройнікам. Як украінцы куюць бронекамізэлькі
2022.03.14 21:31

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў