Free Belarus Center пераехаў з Украіны ў Польшчу


Ініцыятыва Free Belarus Center, вядомая сваёй актыўнай культурніцкай, асветніцкай, адвакацыйнай і гуманітарнай дзейнасцю ва Украіне, перабіраецца ў Польшчу і мае намер надалей падтрымліваць беларусаў у выгнанні.

Удзельніцы дыскусіі «Двойчы ўцекачы: Беларусы ў Польшчы на фоне вайны ва Украіне» ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве.
Фота: ВО / Белсат

Са жніўня 2020 года ўдзельнікі праекту кансультавалі беларусаў ва Украіне, як знайсці прытулак, як легалізавацца, як знайсці жытло, працу і іншае.

Каардынатарка Паліна Бродзік распавяла, што цяпер праект займаецца не зусім уласцівым для сябе кірункам – эвакуацыяй мірнага насельніцтва з Украіны. І да такога развіцця падзеяў FBC у пэўнай меры рыхтавалася загадзя:

«Мы пісалі яшчэ да пачатку вайны ў сваім канале, што беларусам варта пераехаць у заходнюю частку Украіны ці ўвогуле пакінуць яе дзеля ўласнай бяспекі. Тады нам адказвалі, што мы, напэўна, перахваляваліся, але мы рыхтаваліся да найгоршага сцэнара».

На сённяшні дзень FBC вывез з Украіны ўжо больш за 40 аўтобусаў з уцекачамі. Да праекту далучаюцца іншыя ініцыятывы з запытамі і прапановамі дапамогі.

Людзі слухаюць выступы спікераў дыскусіі.
Фота: ВО/Белсат

«У нас з’яўляецца новы кірунак. Раней мы вазілі людзей толькі з Кіева праз Львоў на мяжу. 23 сакавіка паехаў першы аўтобус з Запарожжа, які таксама з’яўляецца такім перавалачным пунктам для людзей з усходніх воласцяў. У нас вялікая сетка валанцёраў у Кіеве і іншых гарадах. Прыемна назіраць, як людзі гуртуюцца, як мы гуртаваліся ў 2020 годзе. Шмат кампаній прапануюць кааперацыю і свае паслугі бескаштоўна – напрыклад, фірмы таксі ў Кіеве і іншых гарадах. Ёсць тыя, хто надаюць машыны для эвакуацыі, ёсць тыя, хто гатовы ехаць на гэтых машынах у небяспечныя вобласці. Нам прапанавалі 40 мікрааўтобусаў, каб вывозіць людзей з Чарнігаўскай вобласці, якая застаецца гарачай зонай», – распавяла каардынатарка праекту.

Артыкулы
Каардынатарка Free Belarus Center: Дыяспары ва Украіне не склалася, але гэта і не кепска
2021.09.11 15:30

Бродзік адзначыла, што цяпер беларуская супольнасць у добрым стане, бо з 2020 года «мы вельмі добра згуртаваліся, мы вельмі добра ўсталявалі гарызантальныя сувязі паміж сабой»:

«Нам не трэба было часу на тое, каб мабілізаваць свае сілы і зноўку пачаць працаваць. Мы проста працягнулі рабіць тое, што мы рабілі да гэтага паўтара года. Гэта адрознівае нас ад украінцаў, якія ўсё ж спадзяваліся на лепшае і не былі гатовыя да таго, што адбываецца. Беларусы першымі ў свеце пачалі так хутка рэагаваць таму, што мы проста ведалі, што і як рабіць».

Аляксандра Герасіменя (злева), алімпійская чэмпіёнка, слухае спікераў дыскусіі «Двойчы ўцекачы: Беларусы ў Польшчы на фоне вайны ва Украіне», якая прайшла ў Беларускім моладзевым хабе.
Фота: ВО/Белсат

Паліна цяпер жыве ў Варшаве, як і пэўная частка каманды:

«Мы з калегамі перабываем у такім незразумелым стане, намагаемся асесці і супакоіцца. Эмацыйна гэта складана, у нас не ўся каманда пераехала. Частка засталася ў Кіеве, Львове і ў іншых гарадах. Як і ў 2020 годзе беларусы не верылі, што з’яджаюць надоўга, так і мы спадзяемся, што хутка зможам вярнуцца адбудоўваць Украіну, а потым і Беларусь».

Спадарыня перакананая, што FBC адновіць сваю дзейнасць у Польшчы найбліжэйшым часам.

«Мы не можам надаваць цяпер гуманітарную дапамогу беларусам ва Украіне з відавочных прычынаў. Адукацыйныя праекты будуць далей рэалізоўвацца, яны цяпер працягваюцца і будуць развівацца надалей. Адвакацыяй таксама ёсць дзе заняцца цяпер – гэта датычыць не толькі Польшчы, але і больш шырокага кола краін. Культурніцкія мерапрыемствы таксама ніхто не адмяняў», – распавяла яна.

Фота: ВО/Белсат

Бродзік адзначыла, што напрацаваныя з 2020 года сувязі захаваліся, і аднавіць працу цэнтру на новым месцы будзе параўнальна проста.

«У нас неймаверныя стасункі з валанцёрамі па ўсім свеце. Сетка беларусаў разраслася па ўсім глобусе: ад Бразіліі і Аўстраліі да Еўропы. Гэтыя людзі працуюць дзеля Украіны разам з украінцамі. Канечне, нам прыйдзецца мадыфікаваць працу, зазямліцца і працягваць сваю справу. Бо хто, калі не мы, беларусы, будзе ўсё гэтае рабіць», – пані Бродзік намагаецца знайсці пазітыў нават у наяўнай сітуацыі.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў