У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга быў затрыманы Аляксандр Зінгман – набліжаны да Лукашэнкі беларускі бізнесовец, які займаецца пастаўкамі прамысловай тэхнікі ў Афрыку, паведамляе паўднёваафрыканская онлайн-газета «Daily Maverick».
Зінгмана падазраюць у незаконных продажах зброі.
Афіцыйна Зінгман займае пасаду ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі і мае два грамадзянствы: ЗША і Беларусі.
Аляксандр Зінгман быў арыштаваны кангалезскай паліцыяй у горадзе Любумбашы (Lubumbashi) у сераду, 17 сакавіка, пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам ДРК Жазэфам Кабілёй (Joseph Kabila Kabange). Раней Зінгман згадваўся ў паведамленнях медыяў у сувязі з угодамі аб продажы зброі ў Замбіі і Зімбабвэ. Аднак ён усё адмаўляў.
«Еўрарадыё» паведамляе, што разам з ім быў затрыманы Алег Водчыц – гендырэктар AFTRADE – і італьянскі бізнесовец Паола Пэрсіка.
«Спадар Зінгаман правёў сустрэчы з мясцовымі партнёрамі ў горадзе Любумбашы. Пры канцы сустрэчы, калі ён прыбыў у аэрапорт і збіраўся адправіцца ў Харарэ, ягоны пашпарт забралі. Яго змясцілі ў пакой з двума ягонымі калегамі на некалькі гадзінаў – без магчымасці сесці, без вады, без кантакту з вонкавым светам», – распавялі ў кампаніі AFTRADE DMCC, дылеры беларускай тэхнікі ў Афрыцы.
У сеціве ўжо з’явілася відэа затрымання Зінгмана ў Любумбашы.
Год таму «Белсат» апублікаваў вялікае расследаванне пра бізнес-інтарэсы Зінгмана ў Афрыцы.
АД belsat.eu