У ГУБАЗіКу распавялі пра новыя палітычныя арышты і крымінальныя справы


Прэс-служба МУС апублікавала інфармацыю пра новую крымінальную справу ў дачыненні двух працаўнікоў «Белтэлекому», а таксама пра затрыманне 34-гадовага жыхара Віцебску за стыкер. Гэтымі справамі займаецца ГУБАЗіК.

34-гадовага жыхара Віцебску затрымалі за тое, што ён увечары 22 сакавіка наляпіў стыкер з бел-чырвона-белым сцягам да міліцэйскага УАЗіка, які быў прыпаркаваны ля будынку раённага аддзелу ўнутраных справаў.

Пераследам іншадумца заняўся ГУБАЗіК, які правеў ператрус у ягонай кватэры. Як сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, сілавікі падчас ператрусу нібыта знайшлі дымавыя шашкі, піратэхніку, самаробныя рагачы, пратэставую сімволіку і муляжы гранат. На якой падставе праводзіўся ператрус у кватэры мужчыны і які закон ён парушыў, наляпіўшы стыкер, – не паведамляецца. Аднак ГУБАЗіК цяпер правярае мужчыну на датычнасць «да іншых злачынстваў і правапарушэнняў пратэставай накіраванасці». Матэрыялы праверкі збіраюцца перадаць следчым.

Пра затрыманне двух працаўнікоў «Белтэлекаму» – 35-гадовага інжынера электрасувязі і 24-гадовага спецыяліста па продажам – МУС паведамляла яшчэ восенню 2020 года. Іх абвінавацілі ў тым, што яны «злівалі» асабістыя дадзеныя сілавікоў у сеціва. Тады супраць працаўнікоў «Белтэлекаму» былі распачатыя крымінальныя справы «за дапамогу ў падрыхтоўцы да гвалту і пагрозаў ужывання гвалту ў дачыненні міліцыянтаў» і «за ўмяшанне ў дзейнасць працаўнікоў органаў унутраных справаў».

Аднак цяпер ГУБАЗіК і Следчы камітэт вырашылі таксама абвінаваціць іх у «дапамаганні ў распальванні сацыяльнай варожасці». У дачыненні да арыштаваных распачатая новая крымінальная справа.

«Асобы, якія спрыяюць распаўсюджванню персанальных звестак аб прадстаўніках органаў улады з мэтай аказання ціску на іх у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, будуць устаноўлены і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Прычым не толькі за пагрозу ўжывання гвалту, але і за саўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях», – заявіў начальнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня былі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, 298 чалавек па стане на 20 сакавіка прызнаныя палітвязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Hавiны
Новыя крымінальныя справы: у Менску – за «негатыўныя каментары», у Берасці – за надпіс «ПКМ»
2021.03.20 13:25

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў