Прысуд перакладчыцы Калацкай, якая двойчы дала поўху Азаронку з СТВ, вынесуць заўтра


23 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Менску пачаўся судовы працэс паводле крымінальнай справы супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай, якую вінавацяць ў тым, што яна дала дзве аплявухі вядоўцу СТВ Грыгорыю Азаронку. Справу разглядае суддзя Ала Скуратовіч.

Інцыдэнт здарыўся 15 лістапада 2020 года, калі ў Менску праходзіў марш памяці забітага Рамана Бандарэнкі. У той дзень Грыгорый Азаронак выехаў асвятляць пратэсты, але сутыкнуўся з незадаволенымі грамадзянамі. Падчас размовы з імі супрацоўнік СТВ атрымаў дзве поўхі. У жанчыне, якая гэта зрабіла, следства апазнала рэпетытарку і перакладчыцу мастацкіх твораў і фільмаў з англійскай на беларускую мову. Калацкую затрымалі 15 студзеня 2021 года.

Пачынаецца суд над Вольгай Калацкай.
Фота: АВ / Белсат

Вольгу Калацкую вінавацяць у злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Ёй пагражае арышт, альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў.

Паводле памочніцы пракурора Валерыі Таратынкі, Вольга Калацкая «наўмысна, з хуліганскіх памкненняў, беспрычынна, у прысутнасці іншых асобаў, адкрыта супрацьстаўляючы сябе інтарэсам грамадства, грэбуючы грамадскімі правіламі паводзінаў і маралі, выказваючы ўсёдазволенасць і не апраўданую нічым агрэсію, учыніла дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца ўжываннем гвалту, хуліганства».

На судзе перакладчыца, якую трымалі ў клетцы, заявіла, што 15 лістапада хацела наведаць Заходнія могілкі, дзе пахаваны ейны бацька. Але транспарт у той дзень не хадзіў, бо аўтамабілі ДАІ перакрывалі вуліцы. У выніку жанчына спынілася каля станцыі метро «Пушкінская», дзе і стала сведкай размовы Азаронка з мінакамі.

Паводле Вольгі Калацкай, яе вельмі абурылі ды абразілі пытанні дзяржаўнага журналіста пра імя па бацьку Рамана Бандарэнкі. Людзі не ведалі імя па бацьку забітага, таму Азаронак ставіў пад сумнеў шчырасць жалобы прысутных. У выніку моцна ўзрушаная Вольга дала поўху Азаронку.

«Каля станцыі метро «Пушкінская» я ўбачыла людзей, з якімі размаўляў Азаронак. Ён пытаўся: «Чаму вы сюды прыйшлі? Што вы ведаеце пра яго? Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі? Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі? Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?» Не атрымаўшы адказу, Азаронак спытаў: як жа вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не ведаеце ягонага імя па бацьку? Я была абураная – бо было зразумела, што гэта рытарычнае пытанне. Гэта мяне глыбока абразіла, у стане эмацыйнага ўзрушэння я не змагла стрымацца і дала яму поўху, я не хацела прычыніць яму боль – гэта быў чыста сімвалічны жэст», – падкрэсліла Вольга Калацкая.

Фота: АВ / Белсат

Другога аналагічнага эпізоду жанчына не памятае, але падчас следства пазнала сябе на відэа. Сваю віну перакладчыца прызнала цалкам і выказала шкадаванне ў сувязі з тым, што не стрымала сябе. Але прасіць прабачэння ў карэспандэнта СТВ не захацела, пакуль той не прызнае няправільнасці ўласных высноваў.

Грыгорый Азаронак на судзе адзначыў, што поўхі не перашкодзілі яму працаваць, ён не адчуваў болю і не меў ніякіх пашкоджанняў. Гэтыя ж словы пацвердзіў і сведка – аператар СТВ Андрэй Іваненка. Азаронак паведаміў, што хацеў спытаць у жанчыны, якая дала яму поўху, аб прычыне ўчынку, але тая не адказала. Замест яе іншая жанчына патлумачыла яму: «Зарабіў».

Грыгорый Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай.
Фота: АВ / Белсат

На судзе ён прызнаў, што рэпартаж у той дзень на СТВ не выходзіў. Нарэзку з сваёй працы ён апублікаваў у канале «Желтые сливы». Менавіта кадры адтуль, а таксама з тэлеграм-каналу Nexta і былі асноўнымі доказамі ў справе.

Супрацоўнік СТВ таксама прызнаў, што сумняваўся і дагэтуль сумняваецца ў шчырасці смутку пратэстоўцаў па Раману Бандарэнку.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не ініцыяваў крымінальнай справы за дзве поўхі. Ён таксама хадайнічаў падчас следства і ў судзе аб тым, каб спыніць крымінальную справу. Адзначым, што крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках у дачыненні Вольгі Калацкай спынілі яшчэ ў лютым. Зняважаным сябе Азаронак не лічыць.

Падчас разгляду справы мужчыну з залы, які пацвердзіў, што Азаронка, з ягоных жа словаў, у тэлеграм-каналах называюць «нацысцкім мярзоццем», выдалілі з працэсу пасля хадайніцтва дзяржаўнага абвінавачання.

Памочніца пракурора Валерыя Таратынка.
Фота: АВ / Белсат

Пасля перапынку на абед Вольга Калацкая ўсё ж папрасіла прабачэння ў Рыгора Азаронка. Той прабачэнне прыняў. Абое разам з адвакатам Юрыем Сташкевічам хадайнічалі перад судом, каб спыніць крымінальную справу, але суддзя Ала Скуратовіч вырашыла адкласці хадайніцтва да вынясення рашэння.

Між тым супраць хадайніцтва выступіла памочніца пракурора Валерыя Таратынка. Яна назвала прычыны паводзінаў, якія агучыла Вольга Калацкая, «надуманымі і малазначнымі». Яна падкрэсліла, што з прычыны грамадскай важнасці справы аднаго замірэння бакоў не дастаткова.

Дзяржаўная абвінаваўца запытала пакаранне для Вольгі Калацкай у выглядзе абмежавання волі на 2 гады, без накіравання ў месцы абмежавання волі, так званая хатняя хімія. Паводле яе, жанчына яшчэ не выправіла сваёй віны перад грамадствам і маральнасцю.

Суд над Вольгай Калацкай.
Фота: АВ / Белсат

Рыгор Азаронак усклаў усю віну за працэс і крымінальную справу на незалежныя медыі ды тэлеграм-каналы, хоць менавіта ягонае відэа з праўладнага тэлеграм-каналу «Желтые сливы» дазволіла ідэнтыфікаваць Вольгу Калацкую. Ён таксама заявіў, што суворы прысуд напярэдадні Дня Волі можа справакаваць масавыя пратэсты.

Прысуд будзе заўтра

У сваю чаргу адвакат Юрый Сташкевіч хоць і прызнаў віну сваёй падабароннай, заявіў, што ў дзеяннях перакладчыцы не было хуліганскіх матываў, якія ёй прыпісвае абвінавачанне. Паводле яго, віна Вольгі Калацкай была толькі ў «недахопе вытрымкі», а ейныя дзеянні былі справакаваныя Рыгорам Азаронкам. Абаронца папрасіў суд абмежаваць прысуд перакладчыцы арыштам, які яна ўжо адбыла перад пачаткам судовага працэсу.

Прысуд будзе вынесены заўтра, а 16-й гадзіне. Апошняе слова Вольгі Калацкай зала сустрэла апладысментамі.

Сяброўка сямʼі Вольгі Калацкай Юстына ў каментары belsat.eu адзначыла, што не бачыць у дзеяннях перакладчыцы складу крымінальнага злачынства. На ейную думку, тут можна было абысціся выключна Адміністратыўным кодэксам.

«Гэта не крымінал, гэта абсалютна з іншай галіны. Але для Беларусі сёння гэта заканамерна», – мяркуе суразмоўца.

  • Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямза, Ўільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, а таксама стужкі «Гладыятар», «Шрэк» ды іншыя.
  • У 2010–2015 гг. перакладала фільмы для тэлеканалу «Белсат», у тым ліку «Гіцляў», «Ідэальнага мужа», «Сямейку Смітаў», «Медсястру Бэці», «Рычарда ІІІ».
  • Вольга даглядае 90-гадовую маці, якая мае шэраг хранічных хваробаў.

Пятро Сідаровіч belsat.eu

Стужка навінаў