«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі

9 мая 2020 года. Аляксандр Лукашэнка прымае парад. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Беларусь уваходзіць у дваццатку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў узбраення. Ваенна-прамысловы комплекс краіны працягвае заставацца адносна паспяховай інавацыйнай галіной эканомікі, штогод генеруючы даходы ў дзясяткі мільёнаў долараў. Апроч узораў ўласнай вытворчасці, попытам карыстаюцца таксама паслугі, звязаныя з мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі, піша Vot-Tak.tv.

Беларускія прадпрыемствы ВПК — жаданыя партнёры не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў шэрагу азіяцкіх і афрыканскіх краін. Некаторыя распрацоўкі ўжо прайшлі паспяховую праверку ў рэальных баявых умовах. Прычым іх пакупнікамі нярэдка становяцца дыктатарскія рэжымы.

ШТО ЎЯЎЛЯЕ З СЯБЕ БЕЛАРУСКАЯ АБАРОНКА

Паводле ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, «беларускі ВПК уяўляе з сябе досыць пярэстую карціну. Нароўні з высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі, арыентаванымі на вонкавы рынак, ёсць значная колькасць прадпрыемстваў з абсталяваннем, што засталося ў спадчыну ад савецкіх часоў. Апошнія абслугоўваюць і рамантуюць узбраенне і ваенную тэхніку, зробленыя яшчэ ў СССР».

У асноўнай сваёй масе гэтыя вытворчасці арыентаваныя на выкананне заказаў беларускага войска. Хоць, як адзначае спадар Алесін, ёсць і выключэнні. Да прыкладу, у 558-га авіярамонтнага заводу ў Баранавічах шмат заказаў з-за мяжы. Адным з яго кліентаў зʼяўляецца Міністэрства абароны Балгарыі. У канцы 2020 года начальнік Генштаба Узброеных Сіл гэтай краіны Эміль Ефцімаў выказаў задаволенасць супрацай з Беларуссю ў пытанні мадэрнізацыі штурмавікоў Су-25 на базе заводу ў Баранавічах.

Су-25 – савецкі штурмавік, браніраваны дагукавы ваенны самалёт. Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Кантракт з беларускім прадпрыемствам на суму каля 50 мільёнаў долараў падпісаны ў лістападзе 2018 года. У канцы лютага Балгарыя мусіла атрымаць апошнія два з васьмі мадэрнізаваных самалётаў.

Трэнд развіццю айчыннага ВПК, як лічыць Алесін, задаюць высокатэхналагічныя інавацыйныя прадпрыемствы, арыентаваныя пераважна на экспарт.

Да прыкладу, ААТ «Пеленг» спецыялізуецца на оптаэлектроніцы, «Інтэграл» – на мікрасхемах, КБ«Радар» – на сродках радыёлакацыі і радыёэлектроннай барацьбы, ААТ «Агат» – на аўтаматызаваных сістэмах кіравання зброяй і войскамі, тады як Віцебскае КБ «Дысплей» – на баявых робатах.

Добрым попытам за мяжой карыстаецца прадукцыя Менскага заводу колавых цягачоў.

У пачатку 2020 года Беларусь падпісала пагадненне з Егіптам аб пачатку вытворчасці ў гэтай краіне беспілотных лятальных апаратаў для ваенных патрэб і падрыхтоўцы спецыялістаў, што іх абслугоўваюць.

«ПАЛАНЭЗ» ЛУКАШЭНКІ

З апошніх распрацовак беларускай абаронкі найбольш пільнай увагі заслугоўваюць ракеты ўласнай вытворчасці для айчыннай рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз». Яны здольныя паражаць мэты на адлегласці ад 300 да 500 кіламетраў. Паводле старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Дзмітрыя Пантуса, праца над імі цяпер з’яўляецца прыярытэтам для беларускага ВПК.

У 2016 годзе «Паланэзы» былі прынятыя на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады ВС Рэспублікі Беларусь, а два гады праз дзесяць РСЗА паставілі ў Азербайджан.

РСЗО «Паланэз». Фота: «Ваяр»

Падчас нядаўняй вайны ў Нагорным Карабаху, паводле прадстаўнікоў армянскага боку, Азербайджан выкарыстаў «Паланэзы» у тым ліку для абстрэлу населеных пунктаў. Пры гэтым у Баку ніяк не пракаментавалі такую заяву.

Падчас канфлікту афіцыйны Ерэван падвергнуў крытыцы, якая праводзіцца Аляксандрам Лукашэнкам вонкаваэканамічную палітыку, у якой Азербайджану адведзенае месца аднаго з галоўных спажыўцоў беларускага ўзбраення.

У суме на працягу апошніх 15 гадоў Баку атрымаў з Беларусі больш за 150 танкаў Т-72, 11 штурмавікоў Су-25, некалькі дзясяткаў самаходных артылерыйскіх установак, больш за сотню гаўбіц. Акрамя гэтага мадэрнізацыю прайшлі складаюцца на ўзбраенні азербайджанскай арміі зенітна-ракетныя комплексы.

З КІМ ГАНДЛЮЕМ?

Наогул, гандаль зброяй і ваеннай тэхнікай з’яўляецца для Беларусі важнай экспартнай галіной. У 2019 годзе, паводле інфармацыі аўтарытэтнага Стакгольмскага інстытуту даследавання праблем міру (SIPRI), краіна заняла 16 месца ў рэйтынгу глабальных экспарцёраў узбраення, апярэдзіўшы Чэхію, Індыю і ПАР. Аднак у 2020 годзе апусцілася на 26-е месца.

У 2019 годзе абʼём гэтай галіны вырас на 155% у параўнанні з 2018 годам, дасягнуўшы 115 мільёнаў долараў.

Вайсковы эксперт Ягор Лебядок, якога «Вот Так» папрасіў падзяліцца сваім меркаваннем аб гандлёвых сувязях беларускага ВПК, адзначыў, што канчатковых звестак за 2020 год пакуль яшчэ няма, аднак у гэты перыяд былі выкананыя не ўсе мерапрыемствы экспарту.

«Варта адзначыць, што продаж узбраенняў гэта не продаж хлеба. Аб’ёмы экспарту ўзбраенняў моцна залежаць ад разавых здзелак. Напрыклад, у адным годзе ўдалося прадаць у Азербайджан РСЗА «Паланэз» на суму каля сотні мільёнаў долараў, у іншым такой здзелкі няма і кампенсаваць такі абʼём іншай прадукцыяй ці паслугамі ВПК праблемна. Такія здзелкі таксама залежаць ад вонкавай палітыкі і санкцый».

Асноўнымі пакупнікамі прадукцыі і паслуг беларускай абаронкі зʼяўляюцца Расея, Азербайджан, Казахстан, Кітай, Мʼянма, Лаос, Інданезія, Бангладэш, Індыя, ААЭ, Сербія, Балгарыя, Уганда, Ангола.

«Як правіла, у краіны Афрыкі ідзе пастаўка бранятэхнікі савецкага ўзору, хоць раней у Кот-дʼІвуар паставілі беларускія бронеаўтамабілі «Кайман», а таксама авіяцыя і СПА. Краіны Азіі закупляюць сістэмы СПА і радыётэхнічныя сістэмы. У ААЭ ідуць пастаўкі сістэм РЭБ і цягачоў МЗКЦ. Балгарыя, Славакія, Сербія закупляюць боепрыпасы і зброю савецкіх часоў (стралковая, ПТУР і інш.) для ўласных патрэбаў і рээкспарту», – адзначае Лебядок.

Беларускі бронеаўтамабіль «Кайман». Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

ТАЕМНЫЯ РЭЙСЫ

Вайсковыя канфлікты і парушэнне правоў чалавека, як правіла, не спыняюць пастаўшчыкоў зброі. Беларусь у гэтым плане не з’яўляецца выключэннем.

11 і 12 лістапада 2020 года, праз тыдзень пасля пачатку баявых дзеянняў у эфіопскім рэгіёне Тыграй, два самалёты Іл-76 беларускай авіякампаніі «Трансавіяэкспарт» прызямліліся ў аэрапорце гораду Бахр-Дар, размешчанага недалёка ад зоны канфлікту. На гэта звярнуў увагу ў Тўітары авіяцыйны аналітык Gerjon.

Беларускія Самалёты прызямляліся ў Эфіопіі, а таксама, як мяркуецца, у Эрытрэі, якая зʼяўляецца адным з бакоў канфлікту ў Тыграе, і ў наступныя месяцы. Пры гэтым Gerjon прадугледжвае, што здзяйсняюць рэйсы ў гарачыя кропкі Афрыкі беларускія транспартныя самалёты маглі наўмысна хаваць інфармацыю аб сваіх перамяшчэннях.

У ААН сцвярджаюць, што Беларусь зʼяўляецца адным з удзельнікаў схемы пастаўкі ваеннай тэхнікі ў ахопленую вайной Лівію ў абыход міжнароднага эмбарга. У прыватнасці, гаворка ідзе аб пастаўках Лівійскай нацыянальнай арміі, якая выступае супраць афіцыйна прызнанага ўрада нацыянальнай згоды, верталётаў Мі-24 транзітам праз ААЭ.

Шырокі рэзананс сярод жыхароў Мʼянмы выклікала прыбыццё ў аэрапорт найбуйнейшага горада краіны Янгона транспартнага Іл-62 прыватнай беларускай авіякампаніі Rada Airlines з грузам ваеннага прызначэння неўзабаве пасля перавароту, што здарыўся 1-га лютага .

Паводле інфармацыі Ягора Лябёдкі, авіякампанія Rada Airlines спецыялізуецца на міжнародных пастаўках не столькі беларускага ўзбраення, колькі ўзбраення іншых краін, у прыватнасці балканскіх.

ГАТОЎНАСЦЬ ВОЙСКА МОЖА ПАКАЗАЦЬ ТОЛЬКІ ПРАКТЫКА

У той час як беларускія гандляры зброяй вядуць актыўную дзейнасць у глабальных маштабах, узброеныя сілы РБ такой актыўнасцю пахваліцца не могуць.

Цяпер Беларусь удзельнічае ў двух міжнародных місіях, аднак больш сімвалічна. Некалькі беларускіх прадстаўнікоў уваходзяць у склад місій АБСЕ ў Украіне. Сем прадстаўнікоў ВС РБ знаходзяцца ў якасці міратворцаў у Ліване.

«Да правядзення больш сурʼёзных міратворчых місіяў Беларусь таксама гатовая, – адзначае Лебядок. – Створаная спецыяльная міратворчая рота, падраздзяленні ССА досыць інтэнсіўна ўдзельнічаюць у сумесных вучэннях з РФ і ў рамках АДКБ па, скажам так, міратворчай тэматыцы (адно з іх пачынаецца ў гэтым месяцы ва Ульянаўскай вобласці). Вядзецца спецыяльная падрыхтоўка ваенных службоўцаў па такіх напрамках міратворчай дзейнасці, як размініраванне і медыцына».

На думку эксперта, Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь рыхтуюцца і да вядзення баявых дзеянняў па двух асноўных напрамках. Па-першае, гэта дзеянні ў выпадку маштабнай вайны з краінамі NATO, супрацьстаянне якім адпрацоўваецца падчас сумесных з Расеяй вучэнняў. Па-другое, гэта баявыя дзеянні ў выпадку лакальнага канфлікту на тэрыторыі Беларусі, супрацьдзеянне незаконным узброеным фармаванням, якімі, з пункту гледжання ўладаў, могуць зʼяўляцца засланыя вайскоўцы замежнай дзяржавы, тэрарыстычныя арганізацыі, групы ўзброеных грамадзян Беларусі. Аднак наколькі армія рэальна гатовая да баявых дзеянняў, можа паказаць толькі практыка.

АМАП выкарыстоўвае супраць пратэстоўцаў траўматычны пісталет: вырабляецца ў Беларусі і Расеі, з яго можна забіць

Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?

Іван Лысюк / «Вот Так»

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны