«Гэта гонар: вось палітычны зняволены, і вось я выходжу за яго замуж проста тут»


Соф’я Андрушойць, жонка Івана Андрушойця.
Фота: Белсат

Палітычны вязень Іван Андрушойць і Сафія Лашкевіч пабраліся шлюбам у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. 33-гадовага Івана вінавацяць паводле артыкулаў 342 і 349 Крымінальнага кодэксу аб парушэнні грамадскага парадку і доступу да камп’ютарнай інфармацыі Менскага гарвыканкаму. З 24-гадовай Сафіяй ён узяў шлюб больш як праз чатыры месяцы зняволення.

«Я хачу прасіць тваёй рукі. Ці ты гатовая выйсці за мяне?»

– Уся цырымонія доўжылася не больш за дзве хвіліны, – згадвае нядаўнюю ўрачыстасць цяпер ужо жонка Івана – Сафія Андрушойць. – Працаўніца ЗАГСу зачытала прамову, запытала, згодныя мы ці не, мы распісаліся, абняліся – і ўсё, Івана забралі і павялі. З моманту прыходу ў СІЗА да моманту выхаду прайшло не больш за пятнаццаць хвілінаў, – адзначае Сафія.

Сафія і Іван Андрушойці незвычайна ажаніліся, як і незвычайна пазнаёміліся.

– Мы пазнаёміліся на пахаванні нашага агульнага сябра, – апавядае Сафія. – Гэта было тры гады таму, і з таго часу мы разам.

Сафія кажа, што неспадзявана для яе Іван першы запрапанаваў пабрацца шлюбам – праз лісты з турмы:

– Чытаю ліст – і раптам такое: «Я хачу прасіць тваёй рукі. Ці ты гатовая выйсці за мяне?» Усе мараць, уяўляюць, як будзе рамантычна адбывацца прапанова, а тут – уяўляць няма чаго.

Ліст ад Івана Андрушойця.
Фота: Белсат

Але Сафія не раздумвала і не сумнявалася, а пачала рыхтавацца да шлюбу – больш за два месяцы.

«Цырымонія» доўжылася не больш за дзве хвіліны

– Мы пісалі заявы, хадайніцтвы на дазвол шлюбу, на допуск у СІЗА. А самае цяжкае было знайсці пашпарт Вані.

Невядома, дзе ён быў: у турме, у следчага ці яшчэ дзе, – згадвае Сафія.

Урачыстая цырымонія адбылася за лічаныя хвіліны: Сафія была ў пальчатках, але не белых шлюбных, а ў гумавых, паверх маскі – экран. У такім жа экіпаванні прывялі ў адмысловы пакой і Івана.

– Не, ні ў якім разе я не баялася, – кажа пра адказны крок Сафія. – Гэта не сорамна, гэта не страшна. Гэта гонар, найхутчэй: вось палітычны зняволены, і вось я за яго выходжу замуж проста тут.

Фота: Белсат

Маладыя пабачыліся ўпершыню за чатыры месяцы адразу на ўласным «вяселлі».

Якім бы ні быў турэмны досвед, ён ніколі не трапіць у сям’ю

З нагоды шлюбу маладым дазволілі гадзіннае спатканне. Гэтак Іван і Сафія Андрушойці змаглі паразмаўляць – праз шкло і тэлефон.

– Іван расказаў, што іх білі. І не проста білі, а вельмі моцна, катавалі электрашокерам. Гэта было перад першым допытам, так іх рыхтавалі да размовы са следчым. І не было аніякіх іншых эмоцыяў, акрамя злосці і суму, – пераказвае пачуцці таго дня Сафія. – Вы забіраеце майго блізкага чалавека без прычынаў, без доказаў, без падставаў, толькі таму, што можаце і хочаце гэта зрабіць. Гэта вельмі балюча, бо гэта вельмі несправядліва!

Сафія кажа, што толькі дзякуючы шлюбу, калі пісала заяву на дазвол, даведалася пра новыя артыкулы, якія прыпісваюць Івану.

– Яго спрабуюць таксама звінаваціць паводле ўсіх трох частак 293 артыкулу. Я перапытвала ў адвакатаў: адкуль? А яны тлумачаць, што ўсіх палітычных спрабуюць аб’яднаць у адну вялікую крымінальную справу, – кажа Сафія. – Але Іван паабяцаў: якім бы ні быў турэмны досвед, ён застанецца ў сценах турмы і ніколі не трапіць у сям’ю.

Паклічам усіх суседзяў і будзем святкаваць нашую перамогу!

Фота: Белсат

Бацькі Івана і Сафіі радыя за новую сямʼю і адначасна хвалююцца.

– Мама Вані сказала: «Я вас віншую, натуральна, але ці гатовая ты чакаць…» А мая мама… і радавалася, і плакала адначасна, – усміхаецца Сафія. – Усе прывыклі, што вяселле – гэта свята, да яго трэба рыхтавацца. А тут няма да чаго рыхтавацца, няма чаго святкаваць і планаваць.

Маладая жонка чакае мужа на волі, «калі ўсё гэта закончыцца, вельмі хутка». Сафія не ўпэўненая, што хоча сапраўднае вяселле ў строях, з пярсцёнкамі і лімузінамі. Але ўяўляе, як сустрэнуцца з Іванам пасля турмы:

– Мы вынесем у двор сталы, паклічам усіх суседзяў і будзем святкаваць нашую перамогу!

Гісторыі
«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
2020.12.21 08:11
Гісторыі
«Пацалаваліся і абмяняліся пярсцёнкамі пад наглядам канваіраў». Гісторыя кахання палітвязня Максіма Паўлюшчыка і Вікторыі
2021.02.14 13:48
Гісторыі
«Падчас спаткання ў СІЗА Віктар сказаў: выходзь за мяне». Зняволенне вярнула і ўзмацніла каханне
2021.02.14 08:00

АГ belsat.eu

Стужка навінаў