Франак Вячорка: Рэпрэсіі дорага каштуюць. Рэжым пойдзе на саступкі, хоча ён таго ці не хоча


«Спадзяемся, ужо заўтра [24сакавіка] Савет па правах чалавека ААН прагаласуе за стварэнне адмысловага механізму аб прыцягненні да адказнасці парушальнікаў правоў чалавека ў Беларусі, і заўтра ж, мы спадзяемся, Германія, Данія, Велікабрытанія запусцяць міжнародную сістэму збору доказаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі». Такім чынам пачнецца рыхтаванне судоў над рэжымам Лукашэнка. Пра гэта і іншае ў «Студыі» «Белсат» распавёў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

Пра званок Уладзіміру Макею дарадцы Дзярждэпартаменту ЗША Дэрэка Шале з патрабаваннем неадкладна вызваліць усіх палітвязняў

Я думаю, у нас [апазіцыі] будзе самая моцная пазіцыя з ЗША з усіх адміністрацыяў, якія памятае Лукашэнка. Мы бачым, як каментуе падзеі новая амбасадарка Джулія Фішэр, як каментуюць падзеі ў Беларусі прадстаўнікі Дзярждэпартаменту. Усе рэзалюцыі і каментары па рэпрэсіях, па падзеях у Беларусі максімальна жорсткую форму маюць.

Hавiны
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заклікаў Макея вызваліць усіх палітвязняў
2021.03.23 10:50

І я думаю, ад ЗША можна чакаць працягу санкцыяў: ужо ў бліжэйшыя два тыдні павінны быць узноўленыя эканамічныя санкцыі, а праз чатыры тыдні павінна быць распісаная падрабязна інструкцыя па імплементацыі Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў студзені. І я думаю, і макееўскае ведамства, і Лукашэнка выдатна разумеюць, што ЗША могуць сыграць крытычную, ключавую ролю ў вырашэнні беларускага пытання і маюць дастаткова рычагоў, каб націснуць эканамічна на рэжым.

Ці ёсць у ЗША рычагі, каб пахіснуць рэжым Лукашэнкі?

З аднаго боку, амерыканцы маюць эканамічныя рычагі ўплыву на рэжым. Мы памятаем, у 2008 годзе менавіта пазіцыя ЗША вызаліла палітвязняў, у тым ліку Казуліна, калі пагроза эканамічных санкцый паўстала перад Лукашэнка. Плюс, дзякуючы Акту аб дэмакратыі, ЗША могуць хутка прымаць як індывідуальныя, так і сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнку. І таксама ў гэтым законе гаворыцца аб падтрымцы Беларусі ў выпадку пагрозы суверэнітэту.

Мне здаецца таксама, што амерыканцы маюць дастаткова рычагоў, каб націснуць на Крэмль з мэтаю пераканаць Крэмль прыпыніць падтрымку злачыннага рэжыму ў Менску.

Абноўлена
У Вільні палітыкі Беларусі, ЕЗ і ЗША абмяркоўваюць беларускі крызіс
2021.03.22 11:45

Наколькі рэальна зараз чакаць вызвалення палітвязняў?

Рэжым баіцца паказаць слабіну, паказаць, што кароль голы. Акрамя спецназу і прапаганды ў яго нічога не засталося насамрэч. Я думаю, ён максімальна паднімае стаўкі, набірае рэкордную колькасць палітвязняў, каб потым найдаражэй іх прадаць. Ён зможа яшчэ так падтрымліваць узровень рэпрэсіяў 4, 8, 12 тыдняў, але не болей. Мы разлічваем, што да траўня яму патрэбна будзе ўжо рабіць саступкі. Гэта якраз будзе той момант, той часавы прамежак, калі мы разлічваем на пачатак перамоваў. І ён пачне вызваляць палітвязняў, ён пачне дээскаляваць. Рэпрэсіі дорага яму каштуюць. Яму трэба будзе ісці на саступкі, хоча ён таго ці не хоча. Пад ціскам як замежным, так і ўнутраным, і не выключана, у тым ліку, пад ціскам з боку Расеі.

Што казалі на Форуме Каліноўскага пра будучыню рэжыму Лукашэнкі

Германія, Францыя, прадстаўнікі Швецыі, а таксама АБСЕ падтрымалі кампанію Святланы Ціханоўскай па правядзенні перамоваў і паабяцалі ўсебаковую падтрымку. Вельмі востры выступ зрабіў сенатар ЗША Боб Мэнэндэз, а таксама Крыс Сміт – аўтар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Яны заявілі, што Лукашэнка нелегітымны, і гэтую легітымнасць не ўзновіць, і ЗША будуць прынцыпова стаяць у падтрымку беларускай дэмакратыі і беларускага дэмакратычнага руху, абмяркоўвалі канкрэтыку – якія платформу могуць выкарыстоўвацца для перамоваў і якім чынам забяспечыць выкананне перамоваў. Бо адна рэч дамовіцца, што рэпрэсіі будуць спыненыя, выбары праведзеныя, але мы ведаем, што трэба, каб нехта гэта кантраляваў.

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Хто бы ні быў з боку рэжыму (хутчэй за ўсё гэта будзе не Лукашэнка), трэба каб былі кантралёры. І тут важна, каб урад Нямеччыны, урад Францыі, магчыма, Украіна, магчыма Расея, узялі на сябе ролю гарантаў выканання дамоўленасцяў.

І была вялікая секцыя, як прывесці да адказнасці амоны, губопікі, якія гвалцілі, збівалі людзей на Акрэсціна, усіх адказных за гэтае крывавае пабоішча ў жніўні, у верасні, у кастрычніку. Ужо заўтра СПЧ (Савет па правах чалавека) прагаласуе за стварэнне адмысловага механізму аб прыцягненні да адказнасці парушальнікаў правоў чалавека ў Беларусі і заўтра ж, мы спадзяемся, Германія, Данія, Велікабрытанія запусцяць міжнародную сістэму збору доказаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

Ці азначае гэта, што, па сутнасці, ідзе рыхтаванне да міжнароднага суду за злачынствы рэжыму Лукашэнка?

Так. Калі браць схему, то так гэта выглядае: 6 – 9 месяцаў збіраюцца доказы, апытваюць сведак, фатаздымкі пабітых, дадзеныя, відэаролікі трапляюць у архіў, апрацоўваюцца юрыстамі, праваабаронцамі, потым трапляюць у ААН. ААН дае сваё заключэнне і рашае, што рабіць далей: альбо перадаць справы ў пракуратуры нацыянальных дзяржаваў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, альбо перадаць гэтую справу паводле інструментаў міжнародных судоў такіх, як Еўрапейскі суд, Міжнародны крымінальны суд, ён жа трыбунал у Гаазе.

Безумоўна, сам трыбунал рыхтуецца вельмі доўга, некалькі гадоў, можа два, тры, чатыры, нават пяць гадоў. І я думаю, сам трыбунал, калі ён адбудзецца, ён будзе нашмат пазней пасля сыходу Лукашэнкі.

Але мы не павінны дапусціць беспакаранасці, не павінна быць такога, што Лукашэнка сыдзе,і мы пра ўсё забудземся. Калі мы не вернем законнасць у краіну, мы рызыкуем, што лукашызм паўторыцца. Таму наша задача не толькі думаць пра тое, як скінуць Лукашэнку, але і як зрабіць, каб лукашызм у Беларусі больш не паўтарыўся.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў