Беларускія медыкі аб’ядналіся ў свой незалежны прафзвяз

У Беларусі створаная галіновая арганізацыя Свабоднага прафзвязу Беларускага – прафзвяз працаўнікоў аховы здароўя «Панацэя», паведамляе Telegram-канал «Белыя халаты».

Заснавальнікамі арганізацыі сталі работнікі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, РНПЦ анкалогіі і медычнай радыялогіі ім. Н. Аляксандрава, Менскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі 3-га гарадскога клінічнага шпіталя імя. Е. Клумава ды іншых медычных установаў.

Фота: belsat.eu

Намесніца старшыні СПБ Марыя Тарадзецкая апавяла, што сваёй задачай «Панацэя» ставіць абарону правоў і інтарэсаў працаўнікоў аховы здароўя, аб’яднанне медычнай супольнасці, абмеркаванне рэфармавання галіны, а таксама пашырэнне магчымасцяў міжнароднай супрацы для медработнікаў.

На час абвяшчэння аб стварэнні прафзвязу ў ім ужо было больш за пяцьсот прадстаўнікоў медычнай супольнасці.

«Ідэя такога прафзвязу ў медыкаў з’явілася ўжо даўно, а цяпер направа і налева звальняюць, і людзі менш за ўсё адчуваюць сябе абароненымі. Яны не ўпэўненыя ў тым, што прафсаюз, у якім яны сёння знаходзяцца, можа адстойваць іх інтарэсы або хаця б паспрабуе гэта зрабіць. Таму лагічна, што яны будуць абʼядноўвацца і абараняцца», – распавяла Марыя Тарадзецкая.

Таксама Тарадзецкая паведаміла, што на мінулым тыдні на базе СПБ паўстала яшчэ адна галіновая арганізацыі – прафзвяз прадстаўнікоў навукі і адукацыі «Асветнік». У яго ўступілі навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, працаўнікі Беларускага навукова-даследчага цэнтру электроннай дакументацыі.

АД, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны